Сяргей БАЛАХОНАЎ

Белае Балота

 

Няўжо тая сьветлая, з прагалінамі, галава, якая дакумекала вярнуць савецкую практыку пасьлявэнэушнага разьмеркаваньня, спадзявалася на непераадольнае захапленьне выпускнікоў і гарачую прэданасьць родзіне ў асобе тав. МІ 0001 за вазможнасьць трудаўстройства? Шукаць лёгіку алягічнага гэтак жа складана, як калупаць у носе мезенцам левае нагі, калі ты, вядома, ня ёг...

Пасьля пяці гадоў ладнага навучаньня з дыплёмам зусім не абы-каго, я ня думаў і не жадаў патрапіць у вёску з рамантычнай назвай Белае Балота. Белае Балота — вёска пад Рэчыцай, але за 10 км ад чыгункі, калі шыбаваць па Залупінскім тракце, выкладзеным з плітаў з друзоўкаю гострых каменьчыкаў. Пэўна, нейкі расейскі праектоўца вычвараўся, настальгуючы па абсягах сваёй здаравеннай мэтраполіі, бо напрасткі ад станцыі было б кілямэтраў 5—6.

Некалі адзін мой сябар жартаваў, што Рэчыцкі раён у часы першабытнасьці ўваходзіў у арэал пражываньня нэгроіднай расы. У дачыненьні да Б.Б. гэта падалося зусім слушным. Нібыта даарыйскія аўтахтоны пабялелі разам із сваім балотам, захаваўшы рысы архаічнае сьвядомасьці. Адна настаўніца прагаварылася: «Ніхто із нас белым ня стаў, усе мы чорныя». Мо таму я гэтак лякаюся пэрспэктывы загрузнуць у Б.Б. усур’ёз і надоўга. Іх немагчыма зразумець. «Скажыце, калі ласка, а дзе тут у вас школа?» — спытаўся я ў людзей на ўскрайку вёскі. — «А хір яе знае. Хіба яна тут е?» — прагучэла ў адказ.

Яшчэ ў раённым аддзеле адукацыі мяне папярэдзілі, што дырэктар у белабалоцкай школе малады і очань дажа прагрэсіўны. Дырэктараў век сапраўды блукае між сарака а пяцюдзесяцьцю гадамі. Аб прагрэсіўнасьці сьведчыла адсутнасьць у ягоным кабінэце партрэта Лукашэнкі. Тамака вісіць ніштаватае палатно з чэрапам правадыра ўсясьветнае басоты. Абрывістасьць фразаў, загальмаванасьць у маўленьні і ў міміцы выказвалі агромністую тугу. Пазьней высьветлілася — то туга за савецкай імпэрыяй. Вось жа, «дземакрація давяла за 11 лет, спасу нет». Ён савецкі чалавек і жыве савецкімі катэгорыямі. У прамове на першага верасьня ён шверкануў аб спаборніцтве «капіталістычнай» і «сацыялістычнай» сыстэмаў адукацыі: «Іменна савецкі народ атправіл первым аар’іна. Іменна нашы савецкія учоныя создалі вадародную бомбу, штобы паказаць праціўнікам эфекціўнасьць нашай сісьцемы абразаванія». Я ледзь не прасьлязіўся сьлязою карэннага жыхара Тулы ці Разані, калі ў кабінэце фізыкі прачытаў цытату з І.Курчатава, якая пацьвярджала спасочаньні наконт дырэктаравых якасьцяў: «Я шчасьлівы, што нарадзіўся ў Расеі і прысьвяціў жыцьцё атамнай навуцы».

Школа ў Б.Б. беларуская, але на ўроках пануе большасьцю трасянка ды расейшчына. Між іншага, у школе ё піянэры ды БПСМ. Сакратаром першаснай ячэйкі маладых патріотов зьяўляецца дачка дырэктара й настаўніцы матэматыкі. Здаецца, будзе мне каму двойкі стаўляць. Дзеці ў школе розныя, але працаваць ахвоты мала і ў іх, і ў мяне.

— Разумееце, я тутака прымусова настаўнічаю.

— Што, сілай заставілі?! — не паверылі дзеці.

Затое ўжо на першых уроках я даведаўся, у каго бацька «галубы», колькі каштуе самагонка (200 тыс. удзень, 300 уначы), пачуў, што «дзевачак» у 10 клясе няма, што ў 8 клясе «е малы — настаяшчы алкаголік». Празнаў таксама, што вёска зусім не даарыйская, ёй 75 гадоў, а раньш там было балота зь белымі лілеямі й белымі бярозамі навокал. А жыхары Б.Б. завуцца проста балацянамі.