Алег Гардзіенка

«Здарова, таварышы, доўга чакалі?»

 

У другой Рэчы Паспалітай адчуваўся нацыянальны ўціск. Польская дзяржава надта дбала пра ўласную бясьпеку і перасьледавала некаторыя беларускія партыі кшталту Грамады і КПЗБ. У турмы саджалі пераважна камуністаў. Праўда, ніхто ня быў расстраляны й не было ГУЛАГу, у адрозьненьне ад СССР. Беларускі драматург Францішак Аляхновіч у сваіх мэмуарах «У капцюрох ГПУ» ўспамінаў, як яго абменьвалі ў 1933 г. на станцыі Негарэлае на Браніслава Тарашкевіча. Аляхновіча, пасьля сямі гадоў Салаўкоў, прывезьлі непаголенага, апранутага ў старую зношаную куфайку. А дастаўлены з гарадзенскай турмы Тарашкевіч быў у модным палітоне, прыгожым капелюшы. Так па-рознаму выглядалі вязьні дэмакратычных Саветаў і буржуазнай Польшчы.

Да «ўсходніх крэсаў» даходзіла моцная савецкая прапаганда. Людзі верылі, што ў Савецкай Беларусі іхныя браты жывуць больш заможна. Той, хто нелегальна пераходзіў мяжу на Ўсход у пошуках лепшай долі, назад, як правіла, не вяртаўся, так што не было каму распавесьці пра жорсткую праўду жыцьця ў «самай вольнай краіне». Можа, таму ў беларускіх вёсках і гарадох савецкае войска сустракалі з кветкамі. Максім Танк напісаў з гэткае нагоды верш «Здарова, таварышы, доўга чакалі...»

За Чырвонай Арміяй на землі заходніх беларусаў паехалі беларускія музыкі, пісьменьнікі, мастакі, галоўнай задачай якіх было распавядаць «вызваленым» ад палякаў, як добра жыць і працаваць у Савецкай Беларусі. Кампазытар Мікола Шчаглоў успамінае пра такую сваю паездку разам зь Янкам Купалам: «Пачалі паказвацца вёскі. Купала штурхнуў мяне ў бок, быццам гаворачы: «Бачыш, братку?» Я, ведама, бачыў. Вёскі былі прыгожыя, чыстыя. Хаты былі добра крытыя, з выразанымі, маляванымі аканіцамі, добра зашклёнымі вокнамі, зь вясёлымі гародчыкамі, поўнымі пышных вяргіняў і мальваў. Усё гэта было так не падобнае да бедных, шэрых калгасных вёсак савецкае зямлі, што не заўважыць розьніцы было немагчыма».

У Стоўпцах яны спыніліся ў настаўніка гімназіі, які меў кватэру ў некалькі пакояў. «Мы распытвалі гаспадароў пра іхнае жыцьцё, яны пыталіся ў нас пра нашае. Гаспадар прызнаўся, што ён зарабляў каля 400 злотых і што, адлічыўшы ўсе выдаткі на кватэру і пражыцьцё, у яго заставалася каля 150 злотых у месяц. Грошы гэтыя складваліся, а ўлетку яны з жонкай езьдзілі ў горы ці на мора адпачыць... У нас настаўнікі таксама атрымоўвалі па 400—500 рублёў, але хапала ім зь сям’ёй адно на хлеб ды бульбу».

Такім пабачылі жыцьцё «гаротных» беларусаў прышэльцы з Саюзу. А за агітатарамі прыйшла новая адміністрацыя, якая стала заводзіць новыя парадкі: пачаліся мітынгі зь іхнай бясконцай балбатнёй, пошукі «ворагаў». Алесь Алехнік, дзяяч беларускай дыяспары ў Аўстраліі, які тады быў дзесяцігадовым юнаком, згадвае: «Тады ж пачуліся й першыя «апраўданьні» камуністаў за іхныя няўдачы й няўмельства ў гаспадараньні ў Заходняй Беларусі. Самым распаўсюджаным апраўданьнем была «засуха», і я сам чуў, як палітрук аднойчы сказаў маме: «Вот чёрт побери, куда б мы ни пришли — везде начинается засуха!».

Але, напэўна, самае парадаксальнае сьведчаньне прыводзіць у сваіх успамінах Барыс Рагуля, удзельнік беларускага нацыянальнага руху часоў нямецкай акупацыі й дзяяч эміграцыі. Ён служыў у польскім войску і ўдзельнічаў у польска-нямецкай вайне 1939 г. Апынуўшыся ў палоне, уцёк і перайшоў мяжу з Савецкім Саюзам. Калі з таварышам дайшоў да першай хаты на савецкім баку, дык спужаны гаспадар запытаўся, хто яны такія. «Мы адказалі, што ваеннапалонныя, — згадвае Рагуля, — уцяклі ад немцаў і толькі-толькі апынуліся на радзіме... Селянін паглядзеў на нас і сказаў: «Дурні! Вяртайцеся да немцаў і прыходзьце разам зь імі, каб вызваліць нас!» ...Ён дадаў, што мы зрабілі найвялікшую памылку, калі ўцяклі ў Савецкі Саюз».

Новая савецкая ўлада, забраўшы беларускую зямлю, пачала ўсталёўваць свае законы: амаль адразу аддала Вільню літоўцам, узялася ствараць калгасы. Пачаліся арышты заможных сялянаў, асаднікаў, паноў, чыноўнікаў, якія служылі польскай уладзе. Пацягнуліся эшалёны, у якіх людзей, як быдла, вывозілі на ўсход. Пачаліся шырокія арышты сярод інтэлігенцыі. Выразалі ўсіх тых, хто так ці йнакш не падзяляў камуністычныя погляды. Некалькі тысячаў жаўнераў і афіцэраў польскага войска знайшлі свой вечны прытулак у лясох пад Катыньню.

Большасьць насельніцтва цярпліва зносіла пакуты, іншыя супраціўляліся. Людзі чагосьці чакалі, ненавідзячы новую ўладу... Можа таму ў чэрвені 1941 г., як і ў верасьні 1939 г., выходзілі з кветкамі й хлебам-сольлю, толькі цяпер яны ўжо сустракалі немцаў, спадзеючыся, што горш, чым пры Саветах, ніколі ня будзе. Беларусы ў чарговы раз памыліліся...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0