Сяргей Харэўскі

Неактуальная тэма

 

Падзеі верасьня 1939-га ў гісторыі нашага мастацтва займаюць вузка акрэсьленае месца. Пасьля хвалі жывапісных і графічных твораў, зробленых да 1941 году, ніхто не вяртаўся да гэтае тэмы ў паваенны час. Нягледзячы на чырвоную дату «17 верасьня» ў беларускіх календарах, пра яе мала хто згадваў. А новае пакаленьне беларусаў мала што пра гэта і ведала...

Пару радкоў у савецкіх падручніках мала што прасьвятлялі. Аднак праўда пра той год вытыркалася ў паўсядзённым беларускім жыцьці. Памятаю, у кватэры аднаклясьніка я засьпеў госьця — калярытнага дзеда з даўжэзнымі чорна-сарэбнымі вусамі, па-ўланску закручанымі ўгору. Стары вайсковы дзедаў фрэнч справакаваў мяне на пытаньне: «Дзядуля, а вы ваявалі?» – «Вядома! Як і ўсе... Ахоўвалі тэлеграфныя лініі, каб бандыты дратоў не парэзалі» – «Якія такія бандыты?» — запытаўся я. «Якія? Маскоўскія, халера на іх...» — быў адказ. Я аслупянеў. Як патлумачыў пазьней аднаклясьнік, ягоны дзед і насамрэч быў уланам у Войску Польскім, адседзеў у лягерах, пасьля недзе быў у Іране, Італіі... У маёй галаве менскага школьніка ўсе веды па гісторыі БССР паступова ператвараліся ў кашу.

Як ні парываўся я ў школе, а пазьней і ў мастацкай вучэльні намаляваць што-небудзь на гэты сюжэт, настаўнікі мякка, але катэгарычна адгаворвалі. Беларускія ж мастакі, не пасьпяваючы адсачыць чарговы выгіб лініі партыі, наогул адклалі гэтую тэму ўбок. А створанае перад вайною патанула ў музэйных сховах. Найперш таму, што ў большасьці тых твораў былі выяўленыя Вільня й Беласток, якія па вайне апынуліся за нашымі межамі. Каб не вярэдзіць нацыянальную сьведамасьць, на іх мусілі забывацца. Ды й Польшча стала па вайне братняй краінаю. Згадваць былыя звады было некарэктна. Ды і асобы, выяўленыя на тых палотнах, прапалі. Трэ было забыцца і пра іх.

Адзін з найбольш адметных тых твораў — «Сустрэча савецкіх танкістаў у Беластоку. 1939 год» Манасзона, які цяпер у каталёгах завецца сьціплей — «Сустрэча з танкістамі». Шмат людзкіх тыпажоў, якія слухаюць танкіста-балагура. Куток старога гораду. Дахоўка. Брук. Першапачаткова, праўда, ён пісаў Вільню, але давялося крыху перапісаць і перайменаваць, каб выставіць у 40-м у Маскве. На той жа маскоўскай Усесаюзнай выставе «Нашы дасягненьні» было выстаўленае і яшчэ адно палатно Манасзона — «Зьнянацку», якое ілюстравала дзейнасьць партызанаў супраць польскіх жаўнераў. А побач у той экспазыцыі віселі «Народны сход Заходняе Беларусі ў Беластоку» Мадорава, «Беласток — савецкі» Давідовіча і Ціхановіча, «Белапалякі гаспадараць» Рана, «Раззбраеньне польскага атрада» Бржазоўскага, «Арышт савецкіх агітатараў» Андруховіча ды яшчэ тузін палотнаў на падобныя тэматы.

Сярод іх хіба толькі карціна Мазалёва, тады яшчэ зусім маладога мастака, «Горадня. 1939 год», засталася ў аналах беларускага жывапісу. На палатне — гарадзкі пэйзаж. Прыбяры дату — і нічога не застанецца ад верасьнёўскае драмы.

Было на той выставе перад савецка-нямецкай вайною і багата графічных твораў. Толькі зь Беластоку выстаўляліся тады Краеўскі, Хршчаноўскі, Малярэвіч ды Тыбер. Але найбольшы посьпех мела сэрыя графіка Гэмбіцкага, прысьвечаная вайне з Польшчаю. Калі я цяпер гляджу на ягоныя дрэварыты, скажам, на аркуш «Рэжуць драты», дык згадваю міжволі дзеда свайго аднаклясьніка. Таго самага ўлана, які сьцярог тыя драты й патрапіў за гэта ў выгнаньне. Туды ж патрапіў і мастак Гэмбіцкі, рэпрэсаваны перад самай вайною. А дзясяткі палотнаў ды малюнкаў, якія адлюстравалі верасень 39-га, патрапілі ў запасьнікі, разам з самой тэмаю...