З агню ды ў полымя

 

Карэспандэнт «НН» спытаўся ў аўтарытэтных людзей Гарадзеншчыны, якім яны бачаць тое ўзьяднаньне 17 верасьня 1939 году ў люстэрку сёньняшняга дня.

 

Беларускі этнас стаў адзіны

Алесь Астроўскі, прафэсар Гарадзенскага мэдінстытуту:

«Аб’яднаньне злучыла дзьве часткі аднаго беларускага этнасу на яго геаграфічнай прасторы. На жаль, ня ўсёй. Іншая справа, якім чынам адбывалася тое «ўзбуйненьне» Беларусі. Урэшце, пасьля Рыскай мірнай дамовы 1921 году кожны адукаваны беларус разумеў, што ні польская, ні бальшавіцкая ўлады — не ягоныя. Беларусаў не запрашалі ў Рыгу. Таму й дамова Расеі і Польшчы для беларусаў ня мела ніякай юрыдычнай сілы. Ці пугай, ці бізуном, а баліць аднолькава. Першыя душылі ў Сібіры, другія ў Картуз-Бярозе ці Вронках. І тыя, і тыя імкнуліся падарваць беларускі генафонд, расьсейваючы яго на прасторах Расеі ці Польшчы.

Але заходняму беларусу пашчасьціла больш, чым яго ўсходняму брату. За 18 гадоў улады Рэчы Паспалітай судом да пакараньня сьмерцю прыгаварылі каля 300 актывістаў камуністычнага руху, сярод іх ня так шмат беларусаў. У савецкіх лягерах загінулі сотні тысяч беларусаў.

Што да адрозьненьняў, дык гарадзенскі акадэмік Юры Астроўскі з апорай на біялягічныя дасьледаваньні давёў, што жыхары заходняй і ўсходняй Беларусі нічым не адрозьніваюцца».

 

Пасьля надышло ацьверазеньне

Сямён Домаш, сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, старшыня «Гарадзенскай ініцыятывы»:

«Адзін народ — адна краіна. У гэтым сэнсе аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР аб’ектыўна справядлівае. Але дасланыя партыйна-савецкія і гаспадарчыя кадры прынесьлі з сабой і сталінскія мэтады кіраваньня. Недавер да мясцовага насельніцтва даходзіў да абсурду. Да 1941 году ў КП(б)Б было адноўлена толькі 17 чалавек з разагнанай Сталіным КПЗБ. Нават нацыянальны герой Беларусі Сяргей Прытыцкі, намесьнік старшыні Беластоцкага аблвыканкаму, быў прыняты ў партыю паводле спэцыяльнага рашэньня бюро кампартыі рэспублікі. Што тады казаць пра шараговых камуністаў?

Нельга нічым апраўдаць рэпрэсіі. НКВД выконваў інструкцыю Панамарэнкі: пазбавіць волі ўсіх памешчыкаў і паліцэйскіх. Разам з гэтай катэгорыяй людзей былі высланыя дзясяткі тысяч абсалютна невінаватых грамадзян польскай нацыянальнасьці. Адгалосак нэгатыўнага стаўленьня да палякаў адчуваецца й сёньня.

18-гадовае жыцьцё «пад Польшчай», адсутнасьць калгаснай сыстэмы, прага зямлі, уменьне працаваць захавалі ў характары заходняга беларуса пачуцьцё гаспадара. Зусім невыпадкова Гарадзеншчына сёньня — эканамічна найбольш моцная вобласьць. Не да нас трэба прысылаць на кіраўнічыя пасады магілёўскіх аграрных спэцыялістаў, а наадварот, ураджэнцы Заходняй Беларусі павінны ўзначаліць рух за палітычнае і сацыяльна-эканамічнае адраджэньне Беларусі».

 

Дух вольнасьці сілкаваў таленты

Аляксей Пяткевіч, прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту:

«Адназначна ўхваляю сам факт узьяднаньня Заходняй Беларусі з усходнімі землямі. Але не ўспрымаю агрэсіўных бальшавіцкіх мэтадаў, з дапамогай якіх тутэйшых жыхароў заганялі ў сацыялізм. Добра сказаў наш славуты Алесь Белакоз: патрапілі з агню ды ў полымя. Асабліва гэта адбілася на творчасьці заходнебеларускіх літаратараў. Аднак нават найбольш збальшавізаваныя Максім Танк і Піліп Пестрак, і тыя захавалі мэнталітэт заходняга беларуса. Гэта яскрава праявілася ў вершах Танка. Або такі факт: Піліп Пестрак падтрымліваў трывалыя сувязі з эмігрантам Сяргеем Сіняком. Гэта стала вядома толькі пасьля сьмерці аўтара раманаў «Сустрэнемся на барыкадах», «Серадзібор». Вось вам і пясьняр Савецкай Беларусі! Валянцін Таўлай (пра гэта сьведчыў Уладзімер Калесьнік), працуючы ў 1945 годзе ў музэі Янкі Купалы, на свае страх і рызыку пакрыху перавозіў зь Вільні з разрабаванага беларускага музэю творы, фотаздымкі і рэчы заходнебеларускіх аўтараў, так званых ворагаў народу, і прыхоўваў «да лепшых часоў». Гэта сьведчыць пра тое, што паэты і пісьменьнікі Заходняй Беларусі, якія аддавалі перавагу мэтаду сацыялістычнага рэалізму, увачавідкі пераканаліся ў сваёй памылцы ва ўспрыняцьці савецкай улады. Тое, што бачылася здалёк прыгожым і прываблівым, насамрэч аказалася жахлівай рэчаіснасьцю. Але сілы для адкрытага змаганьня з новым ворагам не знайшлося».

 

СССР зьдзейсьніў агрэсію

Віктар Шалкевіч, бард:

«17 верасьня 1939 году Савецкі Саюз нанёс Польшчы ўдар у сьпіну. Пра якое вызваленьне і аб’яднаньне можна казаць, ведаючы пра патаемны зговар Сталіна й Гітлера? Быў звычайны падзел драпежнікамі захопленых тэрыторыяў. А на радасьцях фашысты й камуністы ў Берасьці і Львове наладзілі сумесныя вайсковыя парады. Ці гэта ня доказ сапраўдных мэтаў паходу Чырвонай Арміі, «вызваленьня адзінакроўных братоў-беларусаў і братоў-украінцаў»?

Мая маці была сьведкаю тых жахлівых падзеяў. Неаднойчы распавядала мне, як вывозілі вяскоўцаў «на Сібір». Гэта было ў сьнежні 1939 — студзені–лютым 1940 году. Амаль голых людзей выкідвалі з хаты. І цягнуліся тыя конныя абозы ў страшныя маразы да чыгунак. Нешта не чуваць было, каб сяляне масава вярталіся пасьля да родных котлішчаў. А беларуская і польская «партызанка» хіба ня там мае свае карані? Пасьля такой несправядлівасьці і зьдзеку міжволі ўхопісься за зброю. У Заходняй Беларусі вялася сапраўдная грамадзянская вайна. Нават пасьля 1945 году аддзелы Арміі Краёвай і беларускіх патрыётаў не скарыліся Саветам.

Кожны бачыць у даце 17 верасьня 1939 году тое, што хоча пабачыць. А я стаю на сваім — далучэньне адбылося шляхам захопніцкай агрэсіі. Вызваленьне!.. Тое самае, што калі б Беларусь узяла й заатакавала Злучаныя Штаты, лямантуючы пры гэтам аб бядачай долі браткоў-беларусаў, што атабарыліся ў ЗША. Між іншым, вызваляць Заходнюю Беларусь Чырвоную Армію ніхто ня клікаў. Здаецца, такая думка Сталіну прыйшла ў галаву толькі ў жніўні 1939 году, калі на парадку дня ўстаў перадзел Эўропы».

Апытваў Антон Лабовіч