Беларусы захопленыя заходнім ладам, але для сябе выбіраюць савецкі

 

«Што думаюць пра нас іншыя» — такім пытаньнем задалася польская газэта «Rzeczypospolita». Ці зьмяніўся вобраз Польшчы і палякаў за апошнія 10 гадоў вызначальных пераменаў у ладзе і гаспадарцы краіны? У цыклі «Як нас бачаць і пішуць» ужо апублікаваныя матэрыялы ўласных карэспандэнтаў газэты з ЗША і Канады, Нямеччыны і Англіі, Расеі і Літвы, Італіі і Швэцыі, Чэхіі і Ўкраіны, Аўстрыі, Францыі і Вугоршчыны. Нарэшце чарга дайшла і да беларусаў. У матэрыяле Ежы Гашчынскага гутарка ідзе пра тое, які вобраз палякаў і Польшчы існуе сёньня ў нас. Ці варта дадаваць, што малюючы вобраз палякаў і Польшчы, беларусы найперш стваралі вобраз сваёй нацыі і сваёй краіны.

 

Чвэрць веку таму, калі я яшчэ быў бальшавіком, значная частка польскай палітычнай і навуковай эліты думала пра Беларусь як пра ўсходнія крэсы. Цяпер палякі ведаюць, што іхнай краіне патрэбная незалежная Беларусь. За дваццаць пяць гадоў адбыліся станоўчыя зьмены. Я перастаў быць бальшавіком, а польская эліта перастала глядзець на Беларусь як на крэсы, — кажа Станіслаў Шушкевіч, сёньня адзін зь лідэраў апазыцыі.

У нейкім сэнсе Польшча для беларускай апазыцыі сёньня — тое самае, што ў васьмідзясятыя гады для «Салідарнасьці» былі заходнія краіны. Не ў такой, праўда, вялікай колькасьці, бо ў Польшчу эмігравала дзеля палітыкі сама болей некалькі дзясяткаў беларусаў.

Ёсьць і яшчэ адна істотная розьніца — грамадзяне Беларусі могуць безь перашкодаў перасякаць польскую мяжу, дастаткова даступнага паўсюль і таннага ваўчара. Дзякуючы гэтаму апазыцыянэры альбо людзі зь незалежнымі поглядамі могуць прыяжджаць у нашу краіну, каб — як сказаў адзін зь іх — «заправіць акумулятары», адчуць сябе вольным. Робяць яны гэта часта — у тым ліку і Станіслаў Шушкевіч. У сваю чаргу, дзеячы БНФ наносяць візыты свайму правадыру Зянону Пазьняку.

— Для беларускай палітычнай эміграцыі Польшча — найлепшая краіна. З усіх эўрапейскіх дзяржаваў, акрамя тых, што належалі да СССР, найлепей беларускую сытуацыю разумее менавіта Польшча. Палякі самі былі пад расейскай акупацыяй і ведаюць, што значыць маскоўская палітыка, — кажа Пазьняк, які мае ў Польшчы від на жыхарства.

У 1996 годзе, баючыся за сваё жыцьцё, ён выехаў у ЗША, дзе атрымаў палітычны прыстанак. А ягоныя жонка і дачка падобны статус атрымалі ў Польшчы. Тут урэшце асеў і сам Зянон Пазьняк.

— Адсюль блізка да Беларусі, — кажа ён, — межы празрыстыя, можна падтрымліваць кантакты з калегамі ў апазыцыі, і мова падобная, псыхалягічна лягчэй, асабліва таму, што адчуваю падтрымку. Калі ў 1996 годзе зацікаўленьне Беларусяй было вельмі вялікае і я выступаў у польскай тэлевізіі, дык потым на вуліцах у Гданьску ці Варшаве, нават у трамваі, людзі выказвалі мне сваю сымпатыю, салідарнасьць.

 

Падазроныя сваякі добрай настаўніцы

— У савецкай прапагандзе ў Беларусі палякі адыгрывалі нэгатыўную ролю. Гаварылася пра «польскіх паноў», падкрэсьлівалася іхная чужасьць, імі настрашвалі і адначасова іх жа высьмейвалі. І такі стэрэатып яшчэ існуе, хоць, зразумела, не сярод арыентаванай на захад інтэлігенцыі, — кажа Лявон Баршчэўскі, намесьнік дырэктара Беларускага Гуманітарнага Ліцэю і адзін зь лідэраў БНФ.

Як прыклад такой прапаганды, Баршчэўскі згадвае твор Янкі Брыля «Сірочы хлеб». Там ёсьць вельмі станоўчы пэрсанаж — польская настаўніца. Але каб магчы нешта такое апублікаваць, Брыль мусіў увесьці ў твор некалькі іншых палякаў, адмоўных і падазроных.

На думку Зянона Пазьняка, «у савецкай Беларусі рэалізоўвалася маскоўская палітыка ў дачыненьні да Польшчы. ПНР афіцыйна была братняй краінай. Прынамсі вонкава гэта выглядала на дружбу. Камуністычная прапаганда асабліва палякаў ня біла. Паводле яе, нармальным чалавекам быў той, у каго нічога не было, а іншыя — абшарнікі, капіталісты, але неабавязкова палякі — былі дрэннымі.

— Доўгія гады ў савецкай прэсе ў Беларусі Польшча была па-за ўсялякай крытыкай, — кажа Павал Якубовіч, галоўны рэдактар «Советской Белоруссии», органу адміністрацыі прэзыдэнта.

 

Пашана і няпрыязь

«Польскасьць — тое самае што панскасьць. Мы прагнем яе і баімся адначасова», — пісаў некалі Сакрат Яновіч, найбольш вядомы беларускі пісьменьнік, які жыве ў Польшчы.

— Сёньня гэта ўсё менш актуальна і датычыць майго пакаленьня, — кажа 63-гадовы Яновіч. — Маладое пакаленьне той панскасьці не баіцца, ну, хіба трохі. Гэта вынікае зь лёгікі гісторыі. Палякі ў Беларусі — гэта заўсёды была «дыяспара» — альбо горад, альбо маёнтак і ніколі — вёска. Вось чаму ўтварыўся стэрэатып, што беларус — гэта селянін, а паляк — пан у маёнтку альбо месьціч. Гэта стэрэатып ня столькі нацыянальны, колькі клясавы, грамадзкі, які вынікае з дамінаваньня Польшчы ў даўнія часы. Гэта анахранізм, які памрэ. Для маладзейшых беларусаў паляк увогуле зьнік з далягляду — і з маёнтку, і з гораду. Крыніцы стэрэатыпу ссохлі, і ён жыве толькі ва ўяўленьнях старэйшых людзей. Пакаленьне маіх сыноў, калі чуе што паляк — гэта пан, дык думае, што гэта жарт, бо яны гэтаксама, як той паляк, ходзяць у джынсах.

— Аднак у Беларусі гэта яшчэ мае значэньне, — дадае Яновіч. — Зьвярніце ўвагу, зь якой пашанай і адначасова няпрыязю беларусы, якія гандлююць у Польшчы, вымаўляюць слова «пан». Здавалася б, яны павінны на сваёй мове казаць «спадар» ці па-расейску «гаспадін», а яны — не, паслугоўваюцца словам «пан», якое, між іншым, турэцкага паходжаньня. Яны кажуць так, каб падкрэсьліць, што размаўляюць з палякам. І гэта ў іхнай расейскай мове гучыць сьмешна. Вельмі цікавая гэтая эмацыйная афарбоўка, зь якой на базары вымаўляецца «пан». «Слушай, пан!» — гэта ж кабарэ!

 

Польская вера

— Я беларус польскай веры, — так прадстаўляецца шмат каталікоў у розных рэгіёнах Беларусі, таксама і на ўсходзе краіны, які да ІІ сусьветнай вайны не належаў Польшчы.

— Я гавару зь селянінам па-беларуску, а ён кажа: як пан добра гаворыць па-польску, — нэрвуецца Зянон Пазьняк. — Ён застаўся ў мінуўшчыне, яму здаецца, што калі нехта ходзіць у касьцёл, дык ён паляк.

— Сёньня працягваюць памылкова злучаць каталіцызм і польскасьць, — падкрэсьлівае прафэсар Адам Мальдзіс, дырэктар Нацыянальнага Цэнтру імя Францішка Скарыны. — Але насамрэч каталік неабавязкова мусіць быць з польскай сям’і. Забываецца тое, што ў 30-я гады ХІХ ст., калі скасавалі Вунію, каля мільёну ўніятаў, гэта значыць беларусаў, перайшлі не ў праваслаўе, а ў каталіцызм. Адтуль цяперашнія беларусы каталікі.

Прафэсар Леанід Лойка, гісторык з БДУ, успамінае, як яшчэ ў 50-я гады ў добра вядомай яму вёсцы Сакоўка, 40 км на ўсход ад Менску, жыхары на працягу ўсяго году былі беларусамі:

— Толькі перад Божым Нараджэньнем вёска падзялялася на палякаў, гэта значыць каталікоў, і рускіх, або праваслаўных.

— У некаторых месцах і надалей беларуская мова ўважаецца за штодзённую, а польская — за вышэйшую, сьвяточную. Так адбываецца ў старых засьценках, дзе жыла пераважна шляхта, — кажа прафэсар Мальдзіс, прыводзячы ў прыклад вёску Кемелішкі і ваколіцаў Быстрыцы з свайго роднага Астравецкага раёну (на паўночны захад ад Менску, у кірунку Вільні). — Што цікава, ксяндзы палякі прамаўляюць казань па-польску пераважна ў тых вёсках, дзе жыве беларускае насельніцтва, тады як у вёсках, дзе насельніцтва часьцей ужывае польскую мову, ёсьць ксяндзы, якія па-польску добра ня ўмеюць. Ня ведаю, ці гэта выпадкова.

 

Літанія і квіток у кіно

Перакананьне пра тое, што каталіцызм зьвязаны з польскасьцю, калі-нікалі выкарыстоўваюць прыхільнікі блізкай інтэграцыі з Масквой. Некалькі месяцаў таму газэта «Славянский Набат» (выданьне найбуйнейшага менскага рынку) пераконвала, што палякі і каталікі ў заходняй Беларусі могуць пачаць змагацца за аўтаномію, што пагражае паўтарэньнем Косава.

— Лукашэнка абвяшчае, што апазыцыянэры маюць польскія карані і думаюць пра аўтаномію, — кажа Зянон Пазьняк. — Я, паводле яго, таксама паляк, як і Шушкевіч, і ўсе каталікі. Гэта глупства яшчэ з савецкіх часоў, разьлічанае на людзей забітых і неадукаваных.

Пра Станіслава Шушкевіча і некаторыя польскія крыніцы пішуць, што ён сын полькі.

— Мая маці і мой бацька былі беларусамі, — папраўляе былы старшыня Вярхоўнага Савету. — Маці была каталічкай, таксама як і бабка па кудзелі, якая малілася па-польску, але размаўляла па-беларуску.

Ад бабкі Шушкевіч навучыўся маліцца па-польску.

— Яна заахвочвала мяне такім чынам, што калі я авалодваў якой-небудзь літаніяй ці малітвай, дык давала мне грошы на кіно.

 

«Наша савецкая» гарчыца

— Польшча для нас прыклад, які паказвае, што можна не глядзець, што там было колькі гадоў назад, і хто быў кім, бо нейкія абвінавачаньні заўсёды можна выставіць каму заўгодна, — кажа Шушкевіч, паводле адукацыі ядзерны фізык. Ён 25 гадоў падтрымлівае кантакты з Польшчай, у 70-я працаваў як выкладчык у Ягелонскім унівэрсытэце.

— Я наведваў Польшчу шмат разоў, таксама ў тыя часы, калі ў крамах не было нічога, апроч воцату і хлеба. Палітыкай авалодваў ня з кніг, а з таго, што рабілася ў Польшчы.

Шушкевіч падкрэсьлівае, што ніколі ня ставіўся да Польшчы непаважліва. У адрозьненьне ад тых дэпутатаў колішняга Вярхоўнага Савету, якія — «чаго лепш ня згадваць» — яшчэ зусім нядаўна лічылі, што ўсё дабро для Беларусі прыходзіць з Расеі, а ўсё зло — з Польшчы.

— Яны былі дэзарыентаваныя. Ня мелі ведаў. Пазьней зразумелі, што памыляліся.

Сярод тых, што памыляліся, быў адзін зь лідэраў апазыцыі, які сёньня актыўна шукае ў Польшчы падтрымкі, а яшчэ некалькі гадоў таму крытыкаваў у Вярхоўным Савеце Польшчу за шматвяковую «панскую» палітыку прыгнёту беларусаў. Іншы, відны сёньня апазыцыянэр, патрабаваў у парлямэнцкім буфэце «нашай савецкай» гарчыцы замест польскага «лайна», якое там падавалі.

 

Пах кавы і сасісак

— Я ў Польшчы ніколі не была, але мая сяброўка часта езьдзіць. І кажа, увесь час чуе пах кавы з варшаўскіх кавярняў. Уяўляю, што ў вас усё так калярова і багата, — распавядала мне летась прадаўшчыца ў калхознай крамцы, 30 км на поўнач ад Менску, куды з базы трапляе, у лепшым выпадку, грузінская гарбата.

Сюжэт пра поўныя польскія крамы зьяўляецца ў расповедах беларусаў вельмі часта. Нічога дзіўнага, бо шмат іх прыяжджае ў Польшчу на закупкі. Некалькі месяцаў таму на працягу аднаго дня я спаткаў у Варшаве на закупках трох беларускіх журналістаў з розных рэдакцыяў. Яны прыехалі па адзеньне: адзін прымяраў штаны ў гандлёвым цэнтры, другі аглядаў плашчы, а трэці кружляў каля кашуляў у краме на Маршалкоўскай.

Алена Стралкова, 32-гадовая публіцыстка і гісторык, першы раз была ў Польшчы пяць гадоў таму. Ужо тады забесьпячэньне зрабіла на яе вялікае ўражаньне:

— Я хацела купіць чакаляду з арэхамі, а прадаўшчыца пытаецца — каторую, бо іх было пяць відаў.

Станоўча пра новыя крамы і пра піва, «добрае, халоднае і ў вялікіх колькасьцях», распавядае Міхал Бацян, дарадца беларускага пасольства ў Варшаве. Праўда, ён лічыць, што смак прадуктаў пагаршаецца:

— У 80-я гады я працаваў у Варшаве карэспандэнтам «Комсомольской правды». Тады яшчэ былі карткі на мяса, а мы з жонкай куплялі сасіскі ў краме для замежнікаў. Пах тых сасісак я памятаю да сёньня. Цяпер яны горшыя. Хоць якасьць каўбасаў у Польшчы і так лепшая, чым на Захадзе, што я ведаю з уласнага досьведу, бо тры гады працаваў у Аўстрыі.

На думку Бацяна, у параўнаньні з 80-мі гадамі ў Польшчы адбылося шмат зьменаў у звычаях і мэнтальнасьці:

— Стала меней п’яных людзей, як іду дадому, дык добра, калі аднаго пабачу, а некалі іх было болей. Людзі цяпер дбаюць аб працы, хочуць зарабіць. Асабліва мне падабаецца моладзь, найперш студэнцкая, яе прага ведаў.

Лявон Баршчэўскі, лідэр БНФ, у Польшчы пачуваўся добра нават у першай палове 80-х, адразу пасьля вайсковага становішча. Тады яму было 25 гадоў і ён выступіў як канфэранс у беларускай праграме на Фэстывалі Савецкай Песьні ў Зялёнай Гуры.

— Ведаю, які гэта быў час для Польшчы, але для мяне і маіх знаёмых гэта і так было свабодай, — успамінае ён.

 

Рэкеціры з Заходняга вакзалу

Бывалыя беларусы прыяжджаюць у Польшчу з асьцярогай. Яны баяцца нападаў і разбояў на дарогах, рынках, што часта — як прызнае дарадца Бацян — учыняюць іншыя прыбышы з усходу.

Шмат хто пераканаўся, што польская паліцыя не бярэ да галавы злачынствы, у якіх ахвяры і выканаўцы — грамадзяне краін былога Савецкага Саюзу. У беларусаў нарастае перакананьне, што злачынцы з усходу вельмі добра пачуваюцца ў Польшчы, а іхныя ахвяры ня могуць разьлічваць на якую-небудзь дапамогу.

— Злую славу мае Заходні вакзал у Варшаве, дзе гарцуюць рэкеціры з усходу. Яны патрабуюць па 50 даляраў ад чалавека, — распавядае Алена Стралкова.

Пра такія дрэнныя бакі знаходжаньня ў Польшчы піша беларуская прэса.

На старонках «Советской Белоруссии», найбуйнейшай газэты, рэдка зьяўляюцца тэксты пра здарэньні ў Польшчы, бо газэта ня мае ў нас свайго карэспандэнта.

— Апошнім часам мы пісалі пра пратэсты работнікаў абароннай прамысловасьці, — кажа галоўны рэдактар Павал Якубовіч.

Некалькі месяцаў таму шмат месца ў прэсе займала тэма ўступленьня Польшчы ў NATO.

— Альянс наблізіўся да нашых межаў, мы баяліся, што гэта можа стаць пагрозаю для Беларусі або для Саюзу Беларусі і Расеі. — кажа ён. — Пераважала аднак перакананьне, што палякі маюць права выбіраць сабе лёс, што гэта іх уласная справа. Зрэшты, гэтая тэма ўжо згасла.

 

Спрэчнае дваццацігодзьдзе

Мне даводзілася сустракаць у Беларусі людзей, якія выказвалі шкадаваньне, што Юзэф Пілсудзкі не далучыў да Польшчы большай часткі беларускіх земляў. Яны меркавалі, што гэта абараніла б шмат вёсак ад калхознага мысьленьня, што не было б сёньня столькі ні на што ня здатных, несамастойных людзей. Да сёньня відаць розьніцу ў падыходзе да гаспадаркі, да зямлі і да ўласнага падворку паміж больш прадпрымальнай і багатай заходняй часткай Беларусі, якая ў міжваенны пэрыяд належала да ІІ Рэчы Паспалітай, і ўсходняй, на той час савецкай.

Для іншых палітыкаў тыя гады ў Польшчы былі найчарнейшым пэрыядам для беларусаў. Зянон Пазьняк сьцьвярджае, што тагачасная Польшча праводзіла найгоршую палітыку ў дачыненьні да беларусаў.

— Дэпутаты адкрыта заяўлялі ў Сэйме, што беларусаў трэба палянізаваць. Старыя людзі гэта памятаюць.

Прафэсар Лойка кажа, што на тэму ІІ Рэчы Паспалітай гісторыкі ў Беларусі дагэтуль фармуюць свой погляд:

— Нядаўна мы параўналі, як жылося ў міжваенным часе ў савецкай Беларусі і ў Польшчы. У лягеры ў Сыбіры трапіла шматразова болей беларусаў, чым у польскія турмы. Эканамічна таксама ў Польшчы ім было лепей, чым у СССР. На карысьць савецкай Беларусі сьведчаць культурныя справы. Аднак для поўнай ацэнкі нам увесь час бракуе матэрыялаў.

Зянон Пазьняк падкрэсьлівае, што цяпер «зьнікла праблема, якая існавала здаўна, асабліва ў міжваенны пэрыяд», гэта праблема польскае пагрозы для Беларусі, для яе незалежнасьці. Доказ яе неактуальнасьці, лічыць старшыня БНФ, — гэта ўступленьне Польшчы ў NATO і перайманьне ёю эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Пазьняк належыць да той групы беларускіх палітыкаў, якія — як гэта выказаў цытаваны раней Станіслаў Шушкевіч, — яшчэ некалькі гадоў таму ставіліся да Польшчы зь недаверам. У 1994 годзе шмат сумятні выклікаў ягоны артыкул у «Народнай Газеце», у якім многія ўбачылі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Польшчы, Расеі і Літвы.

— Няма ніякіх прэтэнзіяў, гэта маніпуляцыя, а маніпуляваў заўсёды КГБ, — закрывае пытаньне пра свой тэкст Пазьняк.

 

Шляхта пайшла за каралём

Менш эмоцыяў, чым гісторыя апошніх сямідзесяці гадоў, выклікае даўнейшая, з часоў І Рэчы Паспалітай. У гэтай галіне беларусам цяжэй дамовіцца зь літоўцамі, чым з палякамі. Спрэчка ідзе пра тое, кім былі стваральнікі Вялікага Княства Літоўскага.

— Вялікія роды, Радзівілаў або Сапегаў, мы лічым беларускімі, — кажа прафэсар Лойка. — Ясна, што яны не былі польскімі. Літоўскімі? Не, бо даўнейшая Літва — гэта сёньняшняя Беларусь, а даўнейшыя ліцьвіны — гэта сёньняшнія беларусы.

Дэнацыяналізацыя і палянізацыя вялікіх беларускіх радоў — балючая для беларусаў тэма.

— Аднак шляхта сама пайшла за сваім каралём, найперш у Кракаў, а пасьля і ў Варшаву. Віны Польшчы ў гэтым няма, — падкрэсьлівае Леанід Лойка.

Яшчэ сёньня ў кнігарнях Менску можна набыць выдадзеныя некалькі гадоў таму кніжкі, у якіх такія постаці як Станіслаў Манюшка ці Тадэвуш Касьцюшка прадстаўленыя як беларусы.

— Гэта эфэкт нацыянальнага адраджэньня. На ягонай хвалі пэўныя факты перабольшваюцца ці неўласьціва інтэрпрэтуюцца. Некаторыя імкнуліся такім чынам перамагчы свой комплекс ніжэйшасьці. Тут няма трагедыі, гэта пройдзе, як дзіцячая хвароба, — кажа прафэсар Адам Мальдзіс. — Пэўныя гістарычныя постаці належаць і Польшчы, і Беларусі. Як Манюшка і Касьцюшка, у якіх відавочныя беларускія карані. Але трэба найперш лічыцца зь іх нацыянальнай сьвядомасьцю. Акрамя гэтага, не заўсёды ўдаецца адназначна акрэсьліць, ці хтосьці належыць да польскай культуры, ці да беларускай. Яшчэ ў ХІХ ст. людзі лічылі сябе найперш патрыётамі рэгіёну, як Міцкевіч — Наваградчыны, потым Вялікага Княства, а потым усёй Рэчы Паспалітай.

Адам Міцкевіч сёньня — адзін з найважнейшых пісьменьнікаў, пра якіх даведваюцца ў школах беларускія дзеці, у тым ліку і ў расейскамоўных школах. У абавязковай праграме ёсьць таксама творы Элізы Ашэжкі і Генрыка Сянкевіча.

 

Пытаньне трактоўкі

Значная частка жыхароў Беларусі не параўноўвае сваю краіну з Польшчай ці яшчэ далейшым Захадам, нават зь Літвой ці Латвіяй. Толькі з Расеяй.

— А ў гэтым выпадку параўнаньне выходзіць нядрэннае, бо ў Расеі ўвогуле не шануюцца людзі працы, вэтэраны і пэнсіянэры, што паказвае паўсюль у Беларусі даступная расейская тэлевізія, — засмучаюцца многія беларускія апазыцыянэры.

Гэтую зьяву заўважаюць таксама дзеячы Зьвязу Палякаў у Беларусі (ЗПБ).

— Грамадзяне (10 млн. жыхароў) Беларусі перасякаюць мяжу Польшчы шэсьць мільёнаў разоў у год. Адныя дзесяць разоў, другія раз, іншыя ані разу. Тыя, што былі ў Польшчы, калі вяртаюцца, мусяць напэўна распавядаць пра ўзровень разьвіцьця, дагледжаныя вуліцы, каляровыя гарады, пра крамы, — разважае Тадэвуш Малевіч, віцэ-старшыня ЗПБ. — Ня ведаю, як яны гэта трактуюць, бо як даходзіць да якога галасаваньня, дык большасьць не выказваецца за заходні дабрабыт і стыль жыцьця, які прадстаўляе Польшча, а выбірае ўсходнія парамэтры.

На думку Малевіча, гэта парадокс. Асабліва ў заходняй частцы краіны, у Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, дзе шмат сем’яў жыве з Польшчы. Людзі бачаць вялікую розьніцу стандартаў, бачаць, што Польшча — гэта ўсё ж замежжа, а не, як казаў некалі намесьнік Каралеўства Польскага князь Гарчакоў і ня так даўно сьпявала Ала Пугачова: «Курица не птица, Польша не заграница».

Але чамусьці гэта іх не кранае.