100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

 

Уладзімер Савіч.
...А зязюля кукавала

 

Уладзімер Савіч увёў у беларускае мастацтва цэлую жменю стэрэатыпаў, якія сталі складнікамі беларускага стылю. Напрыклад, антрапалягічны тыпаж беларуса як віславусага, з шавялюраю, зь вялікімі выразнымі вачыма і абавязкова сухаватага, з рэзка акрэсьленымі пашчэнкамі й храшчаватым даўгім носам зь лёгкай гарбінкаю. Існуе думка, што ў кожным партрэце мастак выяўляе самога сябе. Можа і гэтак. Аднак выразны тыпаж Савічавых беларусаў прыжыўся. Прыжыліся й ягоныя стрыжаныя вербы ўздоўж патанулых у смузе гасьцінцаў, шматкроць паўтораныя самім мастаком і ягонымі вучнямі ды кампілятарамі. Стэрэатып беларускага гасьцінца. Прыжыліся запушчаныя ім птушкі. Лёгкія, бязважкія. Ягоныя птушкі маюць выраз вачэй, падобны да выразу вачэй ягоных жа беларусаў. Бо гэта вочы беларускіх птушак.

...Пошукі нацыянальнага стылю, якія распачалі беларускія графікі на мяжы 60—70-х гадоў, былі імпэтна працягнутыя пакаленьнем, якое прыйшло ў нашае мастацтва на пачатку 80-х. Іхную пляяду лучыла тое, што ў большасьці яны былі родам з правінцыі, атрымалі тутэйшую адукацыю і свае творчыя амбіцыі рэалізавалі тут. Менск у тыя часы амаль цалкам зманапалізаваў усе ступені мастакоўскае адукацыі ды й мастацкае жыцьцё наагул. Гэткім, зрэшты, чынам была створаная тая глеба, на якой паўстала найноўшая школа мастацтва. Тая школа, што нарэшце ўвасобіла інтуітыўныя памкненьні стаць выказьнікамі беларушчыны.

Шлях Уладзімера Савіча ў гэтым сэнсе — клясычны. Вясковым хлопцам ён патрапіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка, дзе сабралося нямала гэткіх жа дзяцей з усяе Беларусі, пасьля са сваімі ж аднаклясьнікамі скончыў Мастацкі інстытут. І першыя самастойныя крокі ў ягонай творчасьці — гэта крокі найперш у беларушчыну. Спачатку — ілюстрацыі да «Пінскае шляхты» Дуніна-Марцінкевіча, створаныя яшчэ пад час навучаньня ў інстытуце, якія адразу сталі клясычнымі. Першая спроба ў нашым стагодзьдзі прачытаць гэтую кнігу ў сучасным кантэксьце. Выйшла не мадэрна, але па-беларуску. Наступнымі крокамі сталі графічныя нізкі «Беларускія мадонны» й «Голас Купалы»...

Першая кніга, якую Савіч аздобіў у 1982 годзе, «Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзяў» Ніны Мацяш, заваражыла беларускую публіку. Дакладна выверанымі кампазыцыямі, багацьцем дэкаратыўных прыёмаў, у якіх сплятаўся і арнамэнт, і ўмоўна-плоскасныя выявы пэрсанажаў зь нечакана дынамічнымі іхнымі ракурсамі й рухамі. Шчыльна ўвагнаныя ў рамы старонак, гэтыя пэрсанажы здаваліся манумэнтальнымі. Дзівіла і трактоўка іхнае беларускасьці. У эклектычным зьмяшаньні строяў Століншчыны ды Дзьвіншчыны перад вачыма паўставаў экзатычны сьвет казачнае Беларусі. Між тым, прыёмы, якія прывабілі беларускага гледача, што беспамылкова пазнаваў у іх сваё, былі запазычаныя зь літоўскай кніжнай графікі 70-х гадоў, часам даволі дакладна. Прытым у літоўцаў жа было запазычанае й калярыстычнае самаабмежаваньне. Анэмічная каляровая гама не сьпявала. Мо й таму, што гэта быў пераклад зь літоўскае...

Наступным этапам для Савіча стала далейшае шуканьне беларускай экзотыкі, найбольш адметных этнаграфічных праяваў. У пачатку 80-х ён шмат вандруе па краі. Гэтаму паспрыяла ягонае сяброўства зь Міхасём Раманюком, этнографам і мастацтвазнаўцам, чый пэрсанальны ўплыў на маладых мастакоў быў у тыя гады асабліва адчувальным. У выніку падарожжаў нарадзіліся нізкі «Па Меншчыне», «Палесьсе» й дыптых «Маці-Бацькаўшчына». У гэты ж пэрыяд пачынае расьці слава мастака, падтрыманая й на дзяржаўным узроўні. Усе ягоныя сэрыі адразу ж трапляюць у фонды Міністэрства культуры й Саюзу мастакоў.

Пасьля Савіч вяртаецца да ілюстраваньня кніг. Балазе, у той пэрыяд выдавалася багата беларускае літаратуры. Ён ілюструе Івана Чыгрынава, Ніла Гілевіча, Васіля Вітку... І ўсе яны атрымоўваюцца не савецкімі, а... эрзацна-этнаграфічнымі. Творчай вяршыняю для Ўладзімера Савіча сталі ілюстрацыі да казкі «З рога ўсяго многа». Шэсьць графічных аркушоў да гэтае кнігі былі закупленыя ў Трацякоўскую галерэю ў Маскве. Аднак гэта стала і канцом этнаграфічнага пэрыяду. Пошукі ў беларускай клясычнай спадчыне замыкаліся на непераадольнасьці ўжо напрацаваных стэрэатыпаў. Кампіляцыі зь літоўскага, нямецкага ды яшчэ якога мастацтва ўжо ня цешылі.

Цяпер Савіч ставіць на колер. Ягоныя творы становяцца ўсё больш жывапіснымі, ён пачынае працаваць амаль выключна ў акварэлі. Разнастайнасьць акварэльных прыёмаў ды непазьбежная для іх лёгкасьць прадыктавалі новую манеру. Ягоны аркуш «...А зязюля кукавала», сюжэт якога быў падказаны народнай песьняй, пазначыў пераход да новай манеры.

Перадусім гэта чысты празрысты колер, які даткліва кладзецца на паперу, выяўляючы й проста натуральныя якасьці матэрыялаў. Лёгкія эскізныя пісягі ад адзінага дотыку пэндзля ствараюць у адно імгненьне аб’ём і прастору. Блізу як у Цы Бай Шы, клясыка кітайскага акварэльнага жывапісу, чыя творчасьць стала добра вядомаю ў нас у тыя гады. Аднак у Савіча, што перайшоў на новую плястычную мову, былі іншыя задачы. Не віртуознае адлюстраваньне рэчаіснасьці, а стварэньне сваёй рэчаіснасьці мэтафізычнае Беларусі. У гэтым сэнсе надаўся менавіта матыў песьні, непрыметны, пачуцьцёвы, падсьведамы. Умоўнасьць народнае лірыкі прадыктавала ўмоўнасьць мастацкіх прыёмаў. Празрыстасьць птушынага пер’я, зіхоткія кроплі. Буйныя, пакладзеныя адным праходам шырэйшыя плямы, і дрыготкія, дробныя, пакінутыя на паперы адно паўсухім кончыкам пэндзля. Птушынае пер’е, сабранае ў складках, паўтарае архаічны матыў яйка, што ўродзіцца з той птушкі. Зязюльчыных яек будзе шмат. Заўсёды. Інтуітыўны пераказ народнага вычуваньня.

І дрэвы. Не разьляпістыя, не па-імпрэсіянісцку падгледжаныя, а ўсё тыя ж казачныя вобразы дрэваў. Бо толькі між іх, вобразаў, можа куваць вобраз песеннае зязюлі. Тут надаўся й кампазыцыйны прыём, у выніку якога птушка, зьмешчаная на пярэднім пляне, апынулася шматкроць большаю за дрэвы, утварыўшы ўмоўную дэкаратыўную прастору.

І птушкі, і дрэвы прыйшліся даспадобы Савічу. Яны, нібы шчасьлівы талісман, вывелі ягоную творчасьць на тыя абсягі, дзе ягоны акварэльны жывапіс стаў клясыкай графічнага мастацтва. Ён іх паўтараў шматкроць, стварыўшы яшчэ адзін са стэрэатыпаў, зь якіх складаецца тое, што мы завем беларускім мастацтвам.

Сяргей Харэўскі


 

Уладзімер Савіч (1952, вёска Хатавічы, Меншчына) графік, ілюстратар, пэдагог. Скончыў школу-інтэрнат імя І. Ахрэмчыка ў 1970 годзе. Пазьней, у 1976 — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе й застаўся выкладаць сам. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі. Ад 1996 году прафэсар. Творы зьберагаюцца ў калекцыях Беларусі, Польшчы, Фінляндыі, Расеі й Славаччыны.