Зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

У Нью-Ёрку засядала Рада БНР

Рада БНР пастанавіла, што міжнародныя арганізацыі ня мусяць даваць Лукашэнку грошай і дапамогі, пакуль ня вызваленыя палітзьняволеныя, пакуль ён народ прыцясьняе і Канстытуцыю перакручвае. Івонка Сурвілла назвала Сямёна Шарэцкага «легітымным кіраўніком улады ў краіне», але сія-тыя сябры Рады казалі, што калі Шарэцкі й дэпутаты за Беларусь, хай бы спачатку абвесьцілі дзяржаўным бел-чырвона-белы сьцяг. Пасол Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША па асобых даручэньнях Рос Вільсан праінфармаваў, што пад час апошняга візыту расейскага прэм’ера ў ЗША зь ім строга гаварылася пра Беларусь, і будзе так гаварыцца надалей.

 

У Вярхоўным Савеце

Учора дэпутаты правялі ў Менску паседжаньне. Спачатку ў 9.50 яны сабраліся ў кінатэатры «Перамога». Толькі праз 40 хвілінаў іх знаходжаньне вылічылі «органы» (арэнду аформілі на нейкую фірму, быццам бы на правядзеньне сэмінару «Сучасны стан беларускай літаратуры») і прымусілі дырэкцыю выгнаць іх. Тады яны пераехалі ў офіс АГП і ад 11.00 засядалі там. У «Перамозе» заслухалі мандатную камісію, пазбавілі паўнамоцтваў 116 дэпутатаў, што парушылі Канстытуцыю. У офісе рашылі: пакуль улады ня скажуць, куды дзеліся Ганчар, Захаранка ды іншыя, перамовы немагчымыя (прапанова Домаша), і што няма чаго лібэрал-дэмакратаў і ўсякіх круцялёў уводзіць у грамадзкую дэлегацыю на перамовы (прапанова дэпутатаў ад АГП). Вёў паседжаньне віцэ-сьпікер Цярэня.

 

Вуячыч памёр

Сьмерць злавіла яго ў 65 гадоў. Хварэў ён на рак горла. Дактары ўжо спадзяваліся лепшага, але 17 верасьня спынілася сэрца. Быў ён найпершым сярод афіцыйных беларускіх сьпевакоў. Саветы яго часта за мяжу пасылалі. Голас у яго быў высокі, такія галасы падабаліся ў 60-я гады. Перамагаў ён зь ім на конкурсах у Баўгарыі і ў Токіо. Разьвітваліся ў суботу ў філярмоніі.

 

Сьвятло ў 5 разоў падаражэла

У краіне пачалі «экспэрымэнт». Людзям устанавілі нормы, колькі сьвятла спажываць. За спажытае звыш нормы трэ будзе плаціць пяцікроць. Калі чалавек жыве адзін у доме з газпліткай, норма — 60 кВт, з электрапліткай — 90 кВт, зь печкай — 75 кВт. Калі ў сям’і двое, то з газпліткай — 75, зь печкай — 120, з электрапліткай — 145. Калі трое, з газпліткай — 90, з электрапліткай — 180 і г.д. Якія пэнсіянэры маюць газ, жывуць удваіх, дык адным халадзільнікам «Ака» выбіраюць свой ліміт. А маючы яшчэ тэлевізар, маразільнік, прас, лямпачкі, сокачавілку і фэн, будуць плаціць у 3,5 разы болей, чым плацілі.

 

У школу коньмі

У Маларыцкім раёне малых на вучобу — хто жыве далей за 4 км ад школы — будуць коньмі вазіць. Так закамандаваў райвыканкам, піша БелаПАН. Бацькам прапаноўвалі скінуцца на салярку. Тыя б радыя, але ж паліва і за свае грошы няма. Хоць бы ваўкі дзяцей не паелі!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0