Сьмяротная самота мастака

Мікола Цудзік зрабіў самае страшнае, ня вытрываўшы менскага адчужэньня

 

Днямі да мяне нечакана зьвярнулася спадарыня Івонка Сурвілла, прэзыдэнт Рады БНР, з пытаньнем, ці ня ведаю я чаго пра сьмерць мастака Міколы Цудзіка. Я ня ведаў.

Пра ягоную сьмерць не напісалі газэты, не сказалі радыё, нават «Літаратура і мастацтва» не азвалася радком у жалобнай рамцы.

Мікола Цудзік перарваў сваё жыцьцё сам.

На роспыты ў Менску адны шчыра дзівяцца, бо дазнаюцца пра гэта ўпершыню. Другія паціскаюць плячыма й кажуць, што ня дзіва, бо Цудзік сам быў дзіўным. Трэція ня могуць паверыць, як такі энэргічны ды жыцьцярадасны, знаны ў Менску чалавек мог гэнае ўчыніць.

Не адразу зразумеўшы маё пытаньне, мастацтвазнаўца Яўген Шунэйка красамоўна патлумачыў, які Цудзік нефармальны й незвычайны чалавек, а што да мастацтва, то, на ягоную думку, «у Цудзіка ўсё наперадзе». Пра сьмерць мастака ён ня ведаў.

Ён адчайна хацеў увагі й цеплыні ад сваякоў і ад чужых. Валянціна Трыгубовіч, рэдактарка часопіса «Мастацтва», распавяла, што добра памятае адну сьцюдзёную зімовую ноч, калі яна дабіралася дахаты з абярэмкам палотнаў Цудзіка. Тады ў інтэрнацкім пакойчыку паэта Анатоля Сыса мастак зладзіў выставу й паклікаў усіх, каго мог. І кожнаму дарыў свае творы. Шмат карцінаў падарыў ён удзельнікам Зьезду беларусаў сьвету.

Гэтак жа, напрыклад, было, калі аднаго разу на выставу М.Цудзіка ў Доме мастацтваў завітаў Адам Глёбус. Яны там добра выпілі, і Глёбус сказаў мастаку, што калі той падорыць яму карціну, то ён пра яго нічога кепскага пісаць ня будзе. Цудзік кінуўся да сьцяны, зьняў і аддаў Глёбусу пэйзажык з жанчынаю й казой.

Мастак Пятроў-Хруцкі распавёў, што пазнаёміўся зь ягонымі карцінамі ў Парыжы ў беларускім асяродку, якім апякуецца сп.Шыманец. А ў мінулым месяцы пабачыў афішу Палацу мастацтва, якая паведамляла пра пэрсанальную выставу М.Цудзіка. Хацеў быў завітаць, але ня выбраўся.

Людзі кажуць так: на адкрыцьцё гэтае юбілейнае, да 50-годзьдзя, выставы не прыйшоў ніводзін зь сяброў мастака, ніхто зь сяброў суполкі «Пагоні». Ніхто не прыйшоў, апроч тых, каму «паложана было». І гэта стала канцом. Быў пачатак жніўня, мёртвы сэзон у Менску.

Пісьменьніца Паўліна Сьцепаненка (Качаткова) кажа, што й дагэтуль ня можа паверыць у гэткі сцэнар разьвітаньня са сьветам калярытнага чалавека, якога кожны быў гатовы запрасіць на чарку.

Самагубства мастака... У гісторыі мастацтва было іх шмат: праблемы ў стасунках зь людзьмі, калегамі, публікай. Але я не магу прыгадаць, каб нехта зь беларускіх мастакоў сыходзіў гэтак безнадзейна і самотна.

Менск, вялізны Менск, горад, дзе разгортваюцца мільёны жыцьцяў і дзе чалавека забываюць гэтак проста й натуральна... Нібы згаслую іскру, якая толькі што магла апекчы, а больш яе няма. «Што зробіш, — кажа паэт Адамовіч, — а ці згадае хто мяне?..»

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0