Вінцук Вячорка on-line

Канфэрэнцыя on-line з удзелам Вінцука Вячоркі адбывалася ўвечары 17 верасьня ў жывой прасторы Інтэрнэту. Любы мог падлучыцца да сеткі і задаць пытаньне. Мы падаем у скарачэньні тэкст гэтай канфэрэнцыі.

 

BeBe: Добры дзень. Мы радыя вітаць Вас на он-лайнавай канфэрэнцыі Вінцука Вячоркі, аднаго зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту.

Вінцук Вячорка: Вітаю ўсіх.

 

BeBe: Давайце раскажам наведнікам апошнюю інфармацыю пра зьнікненьне Віктара Ганчара.

В.В.: Я ведаю, што яго разам зь ягоным калегам чакалі дома сёньня ўначы, але ён прапаў. Пачакаем суткі.

 

Дзік: Што нас чакае 30—31 кастрычніка?

 

В.В.: Другая сэсія зьезду БНФ, якая выбера кіраўніцтва, прыме заявы й плян дзеяньняў. Я асабіста прызнаю рашэньні зьезду й падпарадкуюся ім.

 

Сэм: Я расеец. Я за незалежнасьць Беларусі, але захаваньне сувязяў з Расеяй. Чаму БНФ трымаецца крайне нацыяналістычных поглядаў?

 

В.В.: Фронт не трымаецца «крайне нацыяналістычных» (чытай — «лё-пэнаўскіх») поглядаў. Мы нацыяналісты-дзяржаўнікі, мы за Беларусь як утульны дом для грамадзянаў любой веры й этнічнай прыналежнасьці.

 

Evgenik: Раскажыце пра вынікі паездкі ў Югаславію.

 

В.В.: Езьдзіў я вучыць і вучыцца. Вучыць адзінству (бо наша апазыцыя, грамадзкі сэктар і незалежныя прафсаюзы менш паколатыя). А вучыцца, як ладзіць масавыя акцыі. Мы падпісалі з адным зь лідэраў Саюзу дэмпартыяў і прафсаюзным дзеячом Б.Чанакам пагадненьне аб спаборніцтве: хто хутчэй выправіць свайго дыктатара. Пераможца будзе абавязаны дапамагчы другому дыктатару далучыцца да першага.

 

Дзік: Ці адбудзецца раскол Фронту, на якім настойвае Пазьняк?

 

В.В.: Пастараюся, каб не было. Людзі ня хочуць расколу.

 

Light Colonel: Чаму за дату правядзеньня Маршу Свабоды выбралі менавіта 17 кастрычніка?

 

В.В.: Найбольш зручны дзень з гледзішча «сельскагаспадарчага» і палітычнага: даволі часу падрыхтавацца. Далучайцеся да стварэньня інфармацыйнай хвалі.

 

Сэм: Чаму ўсе намаганьнi накiраваныя на выкрыцьцё Расеi, а не на барацьбу са сваiм дыктатарам?

 

В.В.: Расея, ейныя інтарэсы прадстаўленыя ў Беларусі Лукашэнкам.

 

Bykowski: Як вы ацэньваеце ўчорашнія выказваньні А.Лукашэнкі наконт дэстабілізуючай ролі апазыцыі?

 

В.В.: Баіцца. І сур’ёзна.

 

BeBe: Тут прыйшла новая інфармацыя пра Ганчара... Ён зьнік разам зь бізнэсмэнам Красоўскім («КРАСІКО»), якога абвінавачвалі ў блізкасьці да апазыцыйных колаў.

NAY: Ня думаеце, што Лукашэнка пойдзе на крайнасьці?

 

В.В.: Гэты можа.

 

Bykowski: Ці ёсьць у нас пагроза тэрактаў, як у Расеі? І што, на Вашу думку, было сапраўднай прычынай выбухаў?

 

В.В.: Ня думаю, што барацьба Беразоўскага з Гусінскім. Проста Расеі пачынаюць адгукацца імпэрскія войны.

 

Фэлкан: У якіх пытаньнях БНФ можа ісьці на кампраміс і з кім?

 

В.В.: З тымі, хто за незалежнасьць.

 

NAY: Ці дзеяньні Пуціна — ня спроба анэксіі? Ці ня трэба прасіць абароны ў ААН?

 

В.В.: Пакуль мала інфармацыі. Калі пацьвердзіцца наяўнасьць пакту — ёсьць гаранты нашай незалежнасьці.

 

BeBe: Яшчэ інфармацыя пра зьнікненьне Ганчара. На вечары памяці Генадзя Карпенкі, які ідзе ў гэтыя хвіліны ў Менску, пасол ЗША Спэкгард заявіў, што амбасады і ўрады заходніх краінаў напружана сочаць за гэтым выпадкам. Пасольства ЗША наўпрост выйшла на адміністрацыю прэзыдэнта й Лукашэнку. Яны папярэджаны, што Ганчар мусіць быць знойдзены ў бліжэйшы час. Мы толькі што зьвязаліся з жонкай Ганчара Зінаідай. Яна ў шоку. Але ніякай новай інфармацыі пакуль няма.

tursun: Пытаньне да арганізатараў: колькі чалавек цяпер падлучана да канфэрэнцыі?

 

Адміністратар: На гэты момант 40 чалавек.

Ваня: Можна даведацца падрабязьней пра «гарантаў нашай незалежнасьці»?

 

В.В.: USA, Great Britain, France... і Россия. Яны гарантавалі нашу незалежнасьць узамен за адмову ад ядзернай зброі.

 

Letchik: Хто з прэтэндэнтаў на расейскага прэзыдэнта найлепшы для нас?

 

В.В.: Перабіраю іх «галерэю» і жахаюся. Хіба што нехта з правых, але гэта нерэальна.

 

D.Ranicka: Сп.Вінцук, што будзем рабіць, калі зьнікне яшчэ й, напрыклад, Вячорка?..

 

В.В.: У кожным разе — не зьяжджаць з краіны. Яна ж наша. Змагацца за краіну і за ўсіх зьніклых.

 

Дзік: Як Вы ацэньваеце пазыцыю Віка на перагаворах з уладамі? Вы думаеце, што менавіта абарона інтарэсаў Нямеччыны ляжыць у аснове ягоных дзеяньняў?

 

В.В.: Думаю, амбасадар Вік найперш — дысцыплінаваны чыноўнік, зацікаўлены, каб дайшло да нейкіх перамоваў. А мы зацікаўленыя, каб перад перамовамі набыць інфармацыйную свабоду й павызваляць вязьняў, а самыя перамовы завершыць пастановаю зладзіць выбары ў орган, надзелены рэальнаю ўладаю. Шчыра кажучы, ня веру я ў іхны посьпех..

 

Ira: Вашае стаўленьне да вяртаньня амбасадара ЗША Спэкгарда?

 

В.В.: Хай будзе тут: сам болей пабачыць і пачуе.

 

Yahor: Да Вас зьвяртаецца навучэнец НДГЛ. Як Вы лічыце, чаму цяпер так мала беларускамоўных сайтаў? Ці можа быць будучыня за белНЭТам?

 

В.В.: Кожнаму навучэнцу НДГЛ стварыць белмоўны сайт!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0