Весткі зь Літвы

 

Гэбістам не даюць працаваць

У той час як беларускія чэкісты раз за разам сьвяткуюць «слаўныя традыцыі» савецкага НКВД, у Літве прынялі закон пра абмежаваньне працоўнай дзейнасьці былых работнікаў КГБ у Літве. На падставе гэтага закону ўжо заведзена 270 справаў. Працадаўцам разаслана 82 заключэньні пра тое, што іх падначаленым забаронена працаваць на адказных пасадах на стратэгічных і гаспадарчых аб’ектах, у банках, у сыстэме аховы парадку. На Ігналінскай АЭС ужо звольнілі 9 былых дзяржынцаў, на чыгунцы — 7, у нафтавай кампаніі «Мажэйская нафта» — аднаго, у пракуратуры — 6, у дзяржаўных і камэрцыйных банках — 11. Вось дзе папрыстройваліся ў Літве людзі з «гарачым сэрцам». А ў нас яны сядзяць яшчэ вышэй.

 

Пакуты з Шэксьпірам

У старой Вільні на Бэрнардынскай вуліцы хацелі адчыніць новы гатэль з моднай назвай «Shakespeare Hotel». Ажно заўпарцілася дзяржаўная камісія літоўскай мовы пры Сэйме краіны. Гэтай камісіі ў Літве нададзеныя вялікія правы. Вось жа старшыня камісіі Дангуоле Мікуленене напісала дырэктару новага гатэлю ліст: «Назвы ўсіх дзейных у Літве прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў утвараюцца з захаваньнем нормаў літоўскае мовы». І ніяк інакш. А ў нас «хто как хаціт, той так і гаварыт». Пажадана, па-расейску, вядома.

 

Помнік Эміліі Плятэр

На галоўным пляцы Капцёва — мястэчка ля Друскенік — адчынілі помнік славутай змагарцы паўстаньня 1831 году, нашай зямлячцы, палкоўніку Эміліі Плятэр (1806—1831). Гэтая дзяўчына вядомая ў Беларусі як зьбіральніца народных песень і як гераіня антырасейскага паўстаньня. Калі яе моцна паранілі ў бітве пад Шчорсамі, дык сябры вырашылі перавезьці Эмілію далей ад акупантаў, у Варшаву, але не давезьлі. Памерла яна ад ран акурат у гэтым Капцёве. Тут сама была і пахаваная. Новы помнік, на адкрыцьцё якога прыйшло больш за тысячу чалавек, адліты з бэтону і пакрыты мармуровым пылам. Маладая жанчына стаіць у поўны рост з шабляй у руцэ і ў строі палкоўніка. У цокаль умураваная табліца зь вершам Адама Міцкевіча:

«Там дзяўчына, ліцьвінка была там,
Камандзерка Эмілія Плятэр!»

 

Ліцьвін