Як вы ставіцеся да палякаў?

Апытаньне менскіх студэнтаў

 

У мінулым нумары «НН» мы перадрукавалі падобнае апытаньне з варшаўскай «Rzeczypospolitej». Там пра гэта самае выказваліся нашыя суайчыньнікі А.Мальдзіс, С.Шушкевіч, З.Пазьняк ды іншыя. Шчыра выказваліся і цікава. Тым ня менш, мы б не былі зусім аб’ектыўнымі ў такой далікатнай справе, калі б абмежаваліся матэрыялам у польскай газэце, а не правялі падобнае апытаньне самі. Ды і ўрачыстасьці 60-х угодкаў узьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР працягваюцца. Тэма, значыцца, актуальная. Вось Анатоль Прасаловіч і ўзяў дыктафон, і падаўся ў «лябараторыі думкі» — у студэнцкія менскія асяродкі, дзе кожны гаварыў за сябе.

 

Усходнія палякі горшыя за заходніх

Натальля Воран (родам зь Берасьця): «Палякі ёсьць розныя. Розьніца паміж палякамі заходняй і ўсходняй Польшчы адчуваецца моцна. Я больш знаёмая з усходнімі, і яны мне, шчыра кажучы, зусім не падабаюцца. Яны як беларусы, толькі ў горшым варыянце: больш прыземленыя, прасьцейшыя, грубейшыя. Нягледзячы на суседзтва, у іх няма душэўнасьці, вабы нейкай асаблівай, якая ёсьць у беларусаў. Большасьць з палякаў — самазакаханыя мужланы, якія пыхліва ставяцца да ўсяго, што ляжыць ад іх на ўсход. Непрыемна, карацей. Пустыя яны нейкія, «завёрнутыя» на грошах. Ёсьць і людзі адукаваныя, але іх мала, у большасьці павага да чалавека залежыць толькі ад колькасьці грошай, якія ён мае. Не люблю іх, нягледзячы на долю пальшчызны ў маёй крыві. А яшчэ ўсе палякі насатыя і пузатыя».

 

Абываталі

Аляксей І-віч (зь Менску): «Я перакананы анархіст, а па мэнталітэце найбольшыя анархісты — расейцы. А іхным «абсалютным антонімам» зьяўляюцца эўрапейцы са сваімі буржуазнымі абыватальскімі каштоўнасьцямі. Беларусь бліжэйшая да Эўропы, чым Расея, таму расейцы кажуць, што ў нас шмат жыдоў. Я лічу, што Польшча — яшчэ больш жыдоўскі варыянт Беларусі, больш буржуазны, капіталістычны і абыватальскі. Яны не нагэтулькі багатыя, як немцы, далёка не настолькі бедныя, як беларусы, але ўся гэтая абыватальская тупасьць, прымхлівасьць, вузкасьць успрыняцьця, мысьленьня характэрная для іх».

 

Хітрыя, але свабодныя

Уладзімер Катлоў (з Салігорску): «Палякі — гэта сумесь габрэяў і немцаў, прычым вельмі сапсаваных немцаў. Мне не падабаецца польская мова, бо яны занадта шыпяць. Да таго ж, палякі вельмі хітрыя, я такога не люблю. А да Польшчы як краіны я стаўлюся нармальна, быў там, і мне падабаецца. Адзіная іх праблема — гэта панаваньне Нямеччыны, бо Польшча цяпер — гэта нямецкі прыдатак. Я б не адмовіўся пажыць у Польшчы, бо яны маюць больш магчымасьцяў для самавызначэньня, самарэалізацыі. Там болей свабоды. Мазгі беларусаў функцыянуюць павольней, чым польскія, мяркуючы нават з размовы, яе хуткасьці. А яшчэ беларусаў не цікавіць свая нацыянальная годнасьць, а палякі ганарацца радзімай. Тыя самыя беларускія палякі не забываюцца на сваё паходжаньне, гуртуюцца ў касьцёлах, школках, суполках. Яшчэ фільмы ў палякаў дужа добрыя, можна ўзгадаць Анджэя Вайду ці Кшыштафа Кесьлеўскага».

 

Польскі гонар здаровы

Шура Катляроў (з-пад Мядзелу): «Што можа сказаць пра палякаў чалавек, які і сам напалову паляк? Вельмі паважаю гэты народ, нягледзячы на супярэчлівыя моманты ў нашых узаемадачыненьнях. Яны мне больш сымпатычныя, чым расейцы або ўкраінцы. Некаторыя лічаць палякаў задужа ганарлівымі, але, як па-мойму, гэта гонар за саміх сябе, за сваю гісторыю, культуру, гонар здаровы. Цяпер палякі добра жывуць і добра зарабляюць. Яны хутка злучацца з Эўропай, і чхаць ім хацелася на розныя віртуальныя славянскія «узы братэрства». Нэгатыўнае стаўленьне да так званых «пшэкаў» — з-за зайздрасьці саўковай. І з-за саўковага мэнталітэту. Калі нават найвядомейшы савецкі клясык казаў пра «их противный шипячий язык»... Але jeszcze Polska nie zginela!»

 

Беларускія — добрыя, польскія — не

Андрэй Пудзін (з Горадні): «Палякі бываюць розныя. Я сам з Горадні, і для мяне беларускія палякі — такія ж людзі, як і ўсе, што жывуць у нашай краіне: цёплыя, шчырыя. Іншая справа — палякі польскія. У адным францускім фільме дзядзька пытаецца ў свайго сябра: «Чаму ты да N. ставісься, як да сабакі?» – «Дык ён жа літовец». – «Дык каб ён нават палякам быў...» Больш фанабэрлівай нацыі, большых круцялёў цяжка знайсьці. Для іх галоўнае — грошы, там паўсюль пануе мэркантыльнасьць. Зараз яны ўвайшлі ў NATO, хочуць пралезьці ў Эўрасаюз. А хто губляе ад гэтага, ад закрыцьця мяжы? Ня толькі мы, але й найбяднейшыя польскія ўсходнія ваяводзтвы, якія, лічы, за кошт беларусаў і існуюць. Знаходзячыся ў NATO, яны аўтаматычна выступаюць супраць сэрбаў, падзяляючы ўсю славянскую супольнасьць на два лягеры. Шкада, што сярод беларускіх палякаў ёсьць тыя, хто марыць зваліць жыць у Польшчу, хоць, папраўдзе, большасьці на сваю польскасьць напляваць, ім і ў Беларусі няблага».

 

Бабуля прышчапіла недавер

Віталь Шуневіч (з Салігорску): «Наконт палякаў у мяне два гледжаньні. Мая ваўкавыская бабуля вельмі дрэнна ставіцца да палякаў, таму ў дзяцінстве я меў не найлепшае ўяўленьне пра іх. Справа ў тым, што палякі забілі ў рэвалюцыю майго прадзеда, адсюль і стаўленьне. Бабуля казала, што палякі пагарджаюць беларусамі, я й сам гэта ведаю. Але, з другога боку, палякі бліжэйшыя нам па духу, па гісторыі, чым расейцы. Добра я ведаю толькі палякаў беларускіх: неблагія людзі і вельмі рэлігіі трымаюцца. Нават моладзь штонядзелю ходзіць у касьцёл да споведзі. Яшчэ для маёй бабулі БНФ — гэта ўсё палякі з галоўным палякам Пазьняком на чале. А ўваход Польшчы ў NATO і інтэграцыю ў заходні сьвет я разумею. Гэта лепей, чым ваенны саюз з Расеяй ды Туркмэністанам».