Ліст 38-мі

 

На мінулым тыдні 38 дзеячоў беларускай культуры зьвярнуліся з Адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Лінга, каб улады спынілі руйнаваньне помнікаў архітэктуры ў старым Менску.

Сярод падпісантаў — вядомыя на ўсю краіну архітэктары, мастакі, пісьменьнікі, кампазытары, артысты. Ігар Алоўнікаў, Анатоль Багатыроў, Зінаіда Бандарэнка, Уладзімер Басалыга, Янка Брыль, Генадзь Буралкін, Генадзь Бураўкін, Гаўрыла Вашчанка, Ігар Воўчак, Тамара Габрусь, Віталь Герасімаў, Сяргей Грахоўскі, Ігар Дабралюбаў, Аляксей Дудараў, Валеры Жук, Уладзімер Зінкевіч, Аляксандра Клімава, Яўген Кулік, Леанід Левін, Максім Лужанін, Пётар Лысенка, Адам Мальдзіс, Валер Раеўскі, Віктар Роўда, Іван Рэй, Лія Салавей, Пётар Сьвентахоўскі, Стэфанія Станюта, Георгі Сысоеў, Уладзімер Тоўсьцік, Міхаіл Фінбэрг, Анатоль Фядосік, Вячаслаў Чарнатаў, Васіль Шаранговіч, Віктар Шматаў, Георгі Штыхаў, Леанід Шчамялёў, Расьціслаў Янкоўскі.

Разам выступілі і прыхільнікі апазыцыі, і спрыяльнікі першага прэзыдэнта. Гэта значыць, інтэлігенцыю аб’яднала непалітычная праблема — ахова помнікаў.

Апошні раз падобныя адкрытыя лісты пісаліся ў канцы 80-х. Тады менавіта ў барацьбе за архітэктурную спадчыну беларускія культурнікі выступалі агульным фронтам, менавіта на гэтай глебе паўстаў маладзёвы адраджэнцкі рух. Шматлікія талокі па ўсёй краіне і пад рознымі назвамі дапамагалі ў раскопках і на рэстаўрацыі, вывучалі гісторыю і праводзілі пратэставыя акцыі на месцах руйнаваньня. Клопат пра гарадзкое асяродзьдзе, пра помнікі дойлідзтва напачатку яднаў лепей, чым родная мова або ідэя незалежнасьці краіны. Помнікі прыцягвалі найбольшую колькасьць грамадзян. Урэшце на гэтай глебе пачалося яднаньне тых маладзёвых талокаў у вальныя соймы і канфэдэрацыі, а ўжо зь іх нарадзіўся і зусім палітычны Беларускі Народны Фронт.

Пасьля, калі энэргія абароны спадчыны прывяла да палітычнае барацьбы, інтэлігенцыя стала пакідаць шэрагі руху і вярталася да сваіх мальбэртаў і партытураў. Не пісаліся болей і адкрытыя лісты. На дзесяць гадоў праблема амаль цалкам зьнікла з шырокага грамадзкага поля зроку. Вынішчэньне архітэктурных помнікаў тым часам пачалося з патройнай сілай. Калі ў 87-м годзе інтэлігенцыя публічна патрабавала ад уладаў напоўніць рэальным зьместам артыкул Крымінальнага кодэксу, які прадугледжваў адказнасьць за руйнаваньне помнікаў, дык цяпер такія патрабаваньні выглядалі дзівацтвам. Адначасова хто што хацеў, той тое й рабіў з гістарычнымі будынкамі, цэрквамі і замкамі. Асаблівага маштабу ўся гэтая свавольная прафанацыя дасягнула ў старым Менску. Але дзесяць гадоў гэта выклікала толькі ціхае горкае абурэньне ў гутарках абазнаных людзей. Ніхто, па вялікім рахунку, не пратэставаў і ніхто не прыходзіў натоўпамі на добраахвотную дапамогу рэстаўратарам.

І вось сёлета першага верасьня, зусім як у колішнія часы, пад каўшы экскаватараў выйшлі людзі новага пакаленьня. Іхны пікет, які гарадзкія ўлады адмовіліся санкцыяваць, прывёў да перашкоды працы вандалаў. А праз два тыдні ў друку, падкрэсьлю — і афіцыйным, і апазыцыйным, — зьявіўся той самы Адкрыты ліст 38-мі. Словам, разбурэньне, якое на працягу апошніх дзесяці гадоў публічна нібы не заўважалася, раптам выклікала рашучую рэакцыю.

Што ж адбылося? Прыйшло новае пакаленьне? Так. Апроч гэтага, інтэлігенцыя нарэшце выйшла са сьпячкі, ці, дакладней, з шоку і здранцьвеньня, выкліканых радыкальнымі пераменамі ў краіне. У выніку зьявілася страчаная было энэргія адказнасьці за культурную спадчыну. Драма ў тым, што гэтыя дзесяць гадоў для ўсяго і ўся ў нас прамінулі нібы ў летаргічным сьне. Мы раптам прачнуліся ў тым самым 87-м годзе і зразумелі, што само, бяз нашага ўдзелу, за гэты час нічога не зрабілася. І наш працяглы сон пра новую Беларусь або пра новае стаўленьне ўладаў да культурнае спадчыны — гэта толькі сон. Гісторыя вярнула нас на тое месца, зь якога некалі і пачынаўся высакародны чын нацыянальнае інтэлігенцыі.

Між іншым, падобная выснова на мінулым тыдні прагучала і з вуснаў зусім ужо далёкага ад нашых унутраных праблем назіральніка — сьпікера NATO Джэмі Шы. У сваім інтэрвію для прэсы ён сказаў, што знаходзіць эпоху Лукашэнкі ў нашай гісторыі страчаным часам для Беларусі.

Калі ж разглядаць гэтую эпоху не як нейкі вонкавы фактар, а як стан сьвядомасьці, як пэўную духоўную паўзу, дык апошнія падзеі вакол руйнаваньня старога Менску сьведчаць пра завяршэньне і гэтай эпохі, і гэтага стану. Нічога падобнага ў мінулыя гады не было.

Высновы, якія робяцца з аналізу стану менскіх старажытнасьцяў, наўпрост сягаюць у адміністрацыйную і далей — у палітычную сфэру. Спрацоўвае тая схема, якая дзесяць гадоў таму паступова ператварыла змагароў за архітэктурную спадчыну ў змагароў за незалежнасьць краіны і дэмакратыю. Аднак нельга думаць, што і наступныя дзесяць гадоў у беларускай гісторыі будуць бясплённымі. Рэч у тым, што ў папярэднім пэрыядзе быў надзвычай магутны эпізод, які заваражыў, прыгаломшыў і засыпіў пільнасьць. Гэта сувэрэнітэт, абвешчаны ў 91-м годзе. Пры ўсёй станоўчасьці і неабходнасьці гэтай падзеі трэба прызнаць, што адказная нацыянальная інтэлігенцыя яшчэ не была да яго гатовая. Мы прасілі захаваць помнікі і ў масе сваёй толькі пачыналі нясьмела нашэптваць гэтае слова: «незалежнасьць», а нам адразу «далі ўсё». Вось гэты эфэкт і зьбіў з панталыку. Але сёньня мы ўжо маем досьвед і паступова пачынаем выходзіць зь летаргічнага сну, пра што сьведчаць акцыі абароны помнікаў у Верхнім горадзе ў Менску і Адкрыты ліст аб’яднанае адной трывогай інтэлігенцыі з рознымі палітычнымі прыхільнасьцямі.


 

Рэстаўратары-герастраты

 

Адкрыты ліст беларускіх культурнікаў — гэта працяг старое традыцыі. Яшчэ Сыракомля ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя пісаў, што ў Менску нібы наўмысна ўсё робіцца, каб зьнішчыць памяткі мінуўшчыны. Сапраўды, Менск, які старэйшы за Маскву й Варшаву, зьмяняўся несупынна: старыя будынкі празь нейкі фатальны зьбег абставінаў часьцяком проста прападалі. Той самы Сыракомля апісаў «прыгожы, яшчэ не пабелены касьцёл францішканцаў», а ўжо праз паўстагодзьдзя ніхто ня памятаў, дзе ён стаяў. Альбо старажытны будынак Трыбуналу, які Шпілеўскі назваў «судзілішчам на замчышчы», які ў 20-я гады пасьпеў намаляваць Язэп Драздовіч. Ніхто дакладна ня скажа, калі ён прапаў.

Аднак заставаўся Верхні горад. Як сымбаль адухоўленасьці й эстэтычнае насалоды. Пра тое пісаў у сваёй «Геаграфіі Беларусі» Аркадзь Смоліч.

«Над местам пануе ўзгорак Высокага места, на якім падымаюцца ў вышыню вежы цэркваў і касьцёлаў. Калі падысьці бліжэй да цэнтру і глядзець на Высокае места з-за Сьвіслачы, дык яно выдае адным вялікім каменным гмахам, што падымаецца проста ад берагоў Сьвіслачы на высачыню некалькіх дзясяткаў сажняў. Прыятна песьцяць вочы перахаваныя з гэтага боку сьляды старое, прадвечнае архітэктуры, і тут толькі хіба і можна добра ўсьведаміць сабе, што цяперашні Менск мае тысячагадовую багатую гісторыю».

Гэтак прыблізна было і яшчэ пятнаццаць гадоў таму, пакуль за гэты лапік старога гораду не ўзяліся рэстаўратары. Ніхто ня мог сабе ўявіць, што людзі, якіх гэтак чакалі сівыя муры, зьнішчаць болей, чым папярэднія войны ды бальшавіцкая ўлада.

Праекты былі складзеныя ў 1983–85 гадах і прадугледжвалі паэтапную, на працягу дзесяці гадоў, рэстаўрацыю Верхняга гораду. Але пасьля перастройкі ды распаду СССР дзяржава ўжо не магла цягнуць гэты прыгожы праект і аддала яго ў рукі аднае толькі арганізацыі, закрытага акцыянэрнага таварыства «Стары Менск». Цяпер «рэстаўратары» самі шукалі сабе заказчыкаў з мэтаю максымальнага прыбытку. Самі па сабе адпалі праекты стварэньня ў Верхнім горадзе музэяў ды тэатраў. Каб рабіць максымальна хутка ды танна, старыя дамы зьнішчалі дазваньня, вымалі старажытныя падмуркі, адкрытым спосабам падводзілі камунікацыі, зьнішчалі археалягічныя пласты. Затым з бэтону й новай цэглы будавалі муляж, пры тым ніхто ня дбае пра сапраўднасьць інтэр’ераў. Запанаваў рубель.

Калі, напрыклад, разьбіралі адзін з помнікаў архітэктуры, дом XVIII стагодзьдзя на вуліцы Герцэна 2, выявілі, што на другім паверсе была расьпісаная фрэскамі заля, а палова дому складзеная ў тэхніцы фахвэрку (прускага муру). Але гэта нікога не спыніла. Дом быў зруйнаваны, сталярку, што прастаяла больш за два з паловай стагодзьдзі, пусьцілі ў сьмецьце. На гэтым месцы цяпер стаіць копія таго дому. Бяз фрэсак, натуральна.

Аўтары ліста патрабуюць спыніць далейшы зьдзек псэўдарэстаўратараў са старасьвеччыны. Напрыклад, пачаць аднаўленьне малога гасьцінага двара на плошчы Свабоды, дом 19/21, што каля праваслаўнага сабору. Гісторыя ратаваньня гэтага будынку, унесенага, дарэчы, ва ўсе энцыкляпэдыі й даведнікі, паказальная. Спачатку яго хацелі зьнесьці мэтрабудаўцы, але па тэлебачаньні выступіў Зянон Пазьняк і давёў, што гэты дом — неад’емная частка ансамблю, і ягоны знос, недапушчальны сам па сабе, утворыць візуальную дзюрку — ад Кансэрваторыі ў нікуды. Яго тады паслухаліся й пастанавілі за кошт «Мэтрабуду» гэты дом зьберагчы. Была ўпершыню ў Беларусі ўжытая тэхналёгія «сьцяны ў грунце», калі па чарзе падкапаныя падмуркі залівалі бэтонам, што ўтвараў суцэльную падушку. Дом пабялілі і пакінулі рэстаўратарам. Прыйшлі рэстаўратары і... зьнесьлі гэты дом амаль цалкам, каб скласьці яго з новай цэглы.

У пераліку помнікаў, згаданых у Лісьце, ёсьць і падземная частка гандлёвых радоў, якія колісь апярэзвалі бэрнардынскі касьцёл Сьвятога Язэпа й зваліся ў народзе «Віленчукамі». Палова зь іх ацалела і была нават адрэстаўраваная ў 1983 годзе. А палова была яшчэ па вайне разабраная, хоць засталіся там сутарэньні й падмуркі. Дык вось жа цяпер па іх зьбіраюцца пракладаць новыя камунікацыі... І гэтак далей. Дачытаўшы гэты мартыралёг помнікаў, якія зьнішчаныя за апошні час альбо рыхтуюцца да зьнішчэньня, я адцеміў, што аўтары Адкрытага ліста не пасьпелі згадаць апошнія дамы па вуліцы Замкавай, якія таксама ўжо зруйнаваныя. Інтэлігенцыя заклікае ратаваць помнікі наагул, цэлымі менскімі прадмесьцямі. Прыцягнуць да адказнасьці чынавенства. А таксама зьмяніць статутную форму ўласнасьці ў таварыстве «Стары Менск».

На маю думку, гэта нічога ня зьменіць, пакуль у краіне ня будзе адноўленая наноў колішняя сыстэма рэстаўрацыі, з навукова-дасьледчымі інстытутамі й дзяржаўнымі майстэрнямі. Пакуль ня будзе кадыфікаванае нацыянальнае заканадаўства ў галіне аховы помнікаў. Пакуль ня будзе праведзеная наноў навуковая інвэнтарызацыя таго, што яшчэ ацалела. Ня толькі будынкаў, але і іх дэталяў і інтэр’ераў. І пакуль ня будзе складзены нацыянальны плян адраджэньня спадчыны, з асобнымі праектамі ўзнаўленьня менскіх прадмесьцяў.

Сяргей Харэўскі