Над попелкай

 

Гісторыя

Калі гішпанскі манах Раман Пано ў 1496 годзе вяртаўся дадому ў складзе другой экспэдыцыі Калюмба, ён і думаць ня мог, што, везучы мяшэчак насеньня кахобы (гэтак індэйцы называлі тытунь), дае чалавецтву бадай самы прывабны інструмэнт самагубства.

Папраўдзе, вінаваціць божага чалавека няма ў чым, бо пра тое, што гэтую дэкаратыўную расьліну сямейства пасьлёнавых можна ўжываць, сьвету распавёў іншы гішпанец — Ганзала-Эрнандэс дэ Аўеда. У 1535 годзе ён выдаў кнігу падарожжаў па Амэрыцы, дзе апісаў, як жыхары востраву Гіспаньёла спраўляюць звычай «табако» — падпальваюць «нешта кшталту блёкату», цягнуць носам дым і п’янеюць.

Усё нічога, калі б не французы са сваім заканадаўствам у модзе. Партугальскі пасол у Парыжы Жак Ніко (адсюль — «нікатына») паднёс у 1560 годзе францускай каралеве Кацярыне Мэдычы, што пакутавала на мігрэні, капшук цудадзейнага парашку для нюханьня й паленьня; сродак дапамог — галаўны боль суцішыўся — і пайшла хваля рэклямы па ўсім Старым Сьвеце...

Падручнік па мэдыцыне, выдадзены ў Базэлі ў 1625 годзе, рэкамэндуе «пасольскую траўку» ўжо як панацэю ці не ад усіх хваробаў: маўляў, ачышчае ды аздараўляе мазгавыя сокі, паднябеньне й галаву; расьсейвае боль і стому; супакойвае зубныя пакуты; зьберагае ад чумы; праганяе вошы; лечыць рожу, застарэлыя раны, нарывы й г.д.

Тады сама распачынаецца барацьба з д’ябальскім зельлем: у Сант’яга замуроўваюць жыўцом пяцёх манахаў, бо тыя палілі цыгары пад час вечаровай імшы; на лёнданскіх плошчах выстаўляюць для агляду адсечаныя галовы выкрытых курцоў зь люлькамі ў ратах; у Расеі, «чтобы нигде табак не держали и не пили», асабліва пасьля таго, як Масква чарговы раз у 1634 годзе пайшла дымам, курцоў катуюць да сьмерці, іхную маёмасьць распрадаюць, а тытунёвым гандлярам «поруць ноздры, рэжуць насы і ссылаюць у далёкія гарады».

Рэч Паспалітая на гэтым тле выглядала выспаю дэмакратыі й гуманізму: табакакурэньне ў тагачасных заканадаўчых актах увогуле ня згадваецца, а на ўкраінскіх землях засейваюцца першыя тытунёвыя плянтацыі, і казакоў ужо цяжка сабе ўявіць без традыцыйнай люлькі (на якую прамяняў жонку неабачлівы Сагайдачны са знакамітай песьні).

 

Бізнэс

Да канца XVII ст. неадэкватна жорсткія законы паўсюдна былі скасаваныя й зьмяніліся падаткамі на вырошчваньне й продаж тытуню. У Ангельшчыне й Галяндыі заклалі першыя тытунёвыя фабрыкі. Зьявіўся новы артыкул дзяржаўнага даходу, актуальны да сяньня для ўсіх краінаў без вынятку.

Цяпер на зямным шары пасевамі Nicotiana tabacium занята каля 5 млн. гектараў лепшых, дарэчы, земляў, ураджай зь якіх складае штогод блізу 7 млн. тон. Штодзень па ўсім сьвеце выкурваецца прыблізна 30 млрд. цыгарэтаў, то бок па 5 на кожнага чалавека, з улікам немаўлятаў.

Узяўшы калькулятар, нескладана прыкінуць гадавы абарот гэтай індустрыі, калі кошт пачка цыгарэтаў складае ў сярэднім адзін даляр — $550 млрд. І гэта без уліку вытворчасьці цыгараў (кошт за штуку сягае $50), цыгарылаў, зажывальнай і жавальнай табакі.

Доля Беларусі ў тытунёвым бізнэсе плянэты — 0,05% аб’ёму вытворчасьці ды 0,03% валавай грашовай выручкі. Мала. Адстаем ад іншых краёў у 5—10 разоў. Беларускія вытворцы (фабрыка «Нёман» і ціцянкоўскі «Табак-інвэст») не пакрываюць і паловы патрэбаў айчынных курцоў, ня кажучы ўжо пра аграмадныя суседзкія рынкі. Таму цалкам лягічна выглядаюць пляны выправіць сытуацыю праз пабудову новых вытворчых магутнасьцяў і пашырэньне сельгаспалеткаў.

У сьвеце практыкуюцца два спосабы мінімізацыі шкоды, якую наносіць тытунёвы бізнэс: паступовае падвышэньне акцызаў і ўвядзеньне больш жорсткіх стандартаў якасьці тытунёвай прадукцыі.

Акцызы, то бок дадатковыя падаткі, паводле падліку амэрыканскага «Нацыянальнага цэнтру па курэньні і здароўі», павінны складаць ня меней за 60% ад розьнічнага кошту цыгарэтаў, іначай выгоду маюць толькі тыя, хто гэтым бізнэсам беспасярэдне займаецца, а грамадзтва ў цэлым губляе на лячэньні людзей (прамыя страты) і ад зьніжэньня прадукцыйнасьці працы (непрамыя страты).

Стандарты вызначаюць утрыманьне шкодных рэчываў у дыме адной цыгарэты. Акрамя нікатыны (ад 0,4 да 5,5 мг на цыгарэту; сьмяротная доза — 60 мг), там ёсьць бэнзапірэн, сінільная кіслата, фармальдэгід, серавадарод, аміяк, ДДТ — усяго каля 30 найменьняў. Яны ўваходзяць у склад смолаў, якія, акрамя раздражняльнага ўзьдзеяньня на сьлізістыя, валодаюць і канцэрагенным эфэктам.

 

Хваробы

Верагоднасьць захварэць на рак лёгкіх у курцоў узрастае ў 5—10 разоў, на рак гартані — у 6—10 разоў, на рак стрававода — у 2—6 разоў. Сьмяротнасьць курцоў у маладым узросьце на 30—40% вышэйшая, чым некурцоў, і яна ўзрастае прапарцыйна стажу й інтэнсыўнасьці паленьня. Пасьля 40 гадоў чалавек, які ня курыць, мае шанцы пражыць на два гады больш, чым памяркоўны курэц, і на 10 гадоў больш, чым актыўны. Тыповымі для курцоў хваробамі ёсьць язва страўніка й дванаццаціпальцавай кішкі, запаленьні роту (стаматыт), дзёснаў (гінгівіт), крохкасьць зубоў, жаўцізна й блякласьць вачэй, няроўны колер скуры, грубасьць голасу. У курцоў-мужчын у паўтары разы зьніжаная рухомасьць спэрматазоідаў (а значыць, і апладняльная здольнасьць), у значнай ступені блякуецца выдзяленьне тэстастэрону (як наступства — імпатэнцыя). Арганізм жанчыны, якая курыць, старэе на 20% хутчэй. Месячных няма ў 65% 44—53-гадовых такіх жанчынаў. Сьмяротнасьць навародкаў на 40% вышэйшая, калі маці паляць.

Прыкладна 98% курцоў лічаць паленьне шкодным, і дзьве траціны робяць шматлікія няўдалыя спробы кінуць дрэнную звычку. Выснова адна — лепш і не пачынаць.

Вадзім Карцаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0