Паштовая скрынка

 

Аляксею Ш. зь Менску. Чым Ваша вандроўка адрозьніваецца ад паездак соцень тысяч іншых буржуа, якія таксама мелі 200 даляраў на дваіх, куплялі пэрсікі за 6 грыўняў за кілё, сядзелі зь сяброўкай у рэстаранчыку і насілі з адзеньня (адзеньня: бо вопратка — гэта паліто, футра, марынарка і г.д.) толькі плаўкі й шорты, што стварала для іх прыемнае ўражаньне ўсеагульнай роўнасьці, асабліва пасьля выпітага не пладова-ягаднага віна? У Вашым творы зашмат гэтага самага буржуазнага «я»: я навучыўся плаваць, я адчуваў сябе «новым рускім»... Чытач «НН» не зідэнтыфікуе сябе з гэтым «я» і не зразумее, навошта ён гэта прачытаў — бо Вы неапраўдана зьмешваеце жанры рэпартажу (зьвяздоўскага «Рэпарцёр атрымаў заданьне... Паехаць у Крым») і пекнага нарысу. Бо «абсалютна распранутым» можна ўначы і ў Цнянцы купацца, і «займацца пасьля гэтага сэксам прама на беразе», і «цікаваць за табою пры гэтым» будзе ня меней вачэй.

Юр’ю М. зь Менску. Як для філязофіі, Ваша тэорыя занадта «будзённа-пабытовая».

Сяргею Б. зь Белага Балота. Такое «апавяданьнейка» магло б добра чытацца, калі б было падразьдзелам з аповесьці, але само сабою закароткае, і ўжо гэтым выклікае недавер.

Марату Г. зь Менску. Пераможа, дзякуючы такім людзям, як Вы.