Учора адбыўся зьезд партыі БНФ паводле вэрсіі Пазьняка

 


Чым вузейшае кола, тым даўжэйшая назва

 

БНФ стаў Хрысьціянска-кансэрватыўнай партыяй Беларускага Народнага Фронту.
А «Адраджэньне» можа стаць базай для новага шырокага нацыянальна-дэмакратычнага руху

 

Пазьняк пайшоў на раскол Фронту. Рубікон пяройдзены. Галоўнае пытаньне цяпер стаіць зусім іншае: ці зможа маладзейшае пакаленьне палітыкаў на руінах старых палітычных партыяў, якія разваліліся не без удзелу рэжыму, згуртаваць новы фронт, новы шырокі рух, адзіны і сучасны, які зможа разваліць рэжым.

Учора ў клюбе менскай абутковай фабрыкі «Луч» адбыўся IV зьезд партыі БНФ. Юрыдычная сіла гэтага мерапрыемства ад пачатку была сумнеўнаю. Зьезд быў скліканы Зянонам Пазьняком, які й прызначыў гэтую дату, хаця Сойм БНФ «Адраджэньне» прыняў рашэньне правесьці зьезд партыі разам са зьездам руху 30—31 кастрычніка. Аднак, на думку сп.Пазьняка, у статуце партыі ня пішацца, што тэрмін правядзеньня зьезду мусіць прызначацца Соймам. Калі сп.Каролік узяў слова й паведаміў, што на зьезьдзе прысутнічае 141 дэлегат, хоць для кворуму было б дастаткова і 137, заля з палёгкай уздыхнула. Тытанічная арганізацыйная праца авангарду нацыянальна-дэмакратычнай барацьбы не пайшла на глум.

Старшыняваў сп.Беленькі, і пасьля слова мандатнай камісіі ён запрапанаваў даць слова сп.Лявону Баршчэўскаму, які выконвае абавязкі старшыні БНФ.

Аднак, гэта выклікала нечакана бурную адмоўную рэакцыю залі. Прысутныя лямантавалі: давай далей абмяркоўваць парадак дня, Баршчэўскі ўжо нагаварыўся. Праз пару хвілінаў старшыня зноў пачаў прасіць за сп.Баршчэўскага, які ўсё дасылаў у прэзыдыюм цыдулкі. Аднак большасьць ізноў абурылася.

Пастанавілі тымчасам зачытаць даклад Зянона Пазьняка. Чытаў сп.Крыжаноўскі. Пасьля першага ж сказу: «...Вітаю Вас у Бацькаўшчыне, якая скора стане свабоднай...» — заля выбухнула авацыямі.

У дакладзе падкрэсьленыя некалькі прынцыповых палітычных момантаў. Найперш, уводзіцца новыя пакуль тэрміны «каляніяльная дэмакратыя» й «каляніяльная апазыцыя», пад якімі разумеюцца тыя сілы, для якіх незалежнасьць Беларусі ёсьць, нібы, справай факультатыўнаю. Рэзкай крытыцы паддалі тут «Хартыю ’97», якая, разам з «Шараметамі», працуе на расейшчыну. Яны, у пары з лукашыстамі, гэта «адзіная двухполюсная сыстэма». У дакладзе асаблівы ўпор быў зроблены й на праблеме «маральнага выбару», адпаведнасьці мэтаў і мэтадаў.

Што ж рабіць? На думку Пазьняка — вяртаць мараль. А недзяржаўныя арганізацыі разбураюць мараль. Ніхто не павінен аплочваць нашую палітыку. Ня трэба чужых грошай, трэба веры ў Беларусь.

Што трэ было рабіць? Ствараць грамадзянскі парлямэнт адразу пасьля 21 ліпеня ды сабраць пару соцень тысячаў подпісаў. Разьвіваць кампанію запісу ў грамадзянства БНР. «Я ўражаны зрывам» гэтай кампаніі, сьцьвярджае Пазьняк, ускладаючы віну на «дэмакратаў новае хвалі».

Чаго не рабіць? Дзеля чаго клікаць 100 тысячаў чалавек на вуліцу — задаецца пытаньнем старшыня БНФ. Гэта, на ягоную думку, гапонаўшчына.

Пасьля дакладу высілкамі сп.Куліка й сп.Беленькага слова атрымаў і Л.Баршчэўскі, які эмацыйна пачаў пераконваць прысутных, што гэтае мерапрыемства — ня зьезд, а проста сход. Потым ён вінаваціў ініцыятараў мерапрыемства ў многіх інсынуацыях і хлусьні. Напрыклад, хлусьня тое, што гэтую ініцыятыву падтрымаў Васіль Быкаў. Быкаў, паводле словаў Баршчэўскага, заявіў, што ён застанецца ў Сойме партыі БНФ толькі ў выпадку, калі яны не дапусьцяць расколу. Далей ён абвінаваціў сп.Папкова, што той сфальсыфікаваў ліст Шушкевіча (які ўчора быў прысланы факсам ва Ўправу БНФ), а арганізатараў — у крадзяжы пячаткі партыі. У залі узьняўся гвалт, але выступоўца на правах шараговага партыйца шчэ заўважыў, што менавіта гэтак званая «каляніяльная апазыцыя» сядзіць у турмах і яе прадстаўнікі зьнікаюць бясьследна. «Адзінства на новых падставах», прапанаванае сп.Пазьняком (якое фактычна азначае «хто са мною, той застаецца ў партыі»), заўважыў сп.Баршчэўскі, гэта разбурэньне Фронту. Пад нядобры гул у залі Лявон Баршчэўскі рашуча пакінуў аўдыторыю.

Але гэтым ён ня зьбіў з тропу ні прэзідыюм, ні сход. Яны перайшлі да пратакольных мерапрыемстваў. Усе рашэньні прымаліся амаль адзінагалосна. Апроч іншага, вырашылі перайменаваць партыю ў Хрысьціянска-кансэрватыўную партыю Беларускага Народнага Фронту. Пасьля выбралі Пазьняка, намесьнікаў сьпісам: спсп.Анцыповіча, Беленькага, Папкова, Старчанку — і 47 сябраў Сойму, сярод якіх Васіля Быкава й Рыгора Барадуліна, хоць ні першы, ні другі ў зьезьдзе ўдзелу ня бралі (Рыгор Барадулін хворы, ляжыць у шпіталі). Між галасаваньнямі Юры Беленькі ўрачыста павіншаваў прысутнага ў залі старога бэнээфаўца, вядомага беларускага пісьменьніка Артура Вольскага з 75-цігодзьдзем.

Міхал Пяткевіч


 

На маршы

 

Зьезд пазьнякоўцаў адрозьніваўся бязьмежнай дэкляратыўнасьцю, за якой не відаць ні дзеяньняў, ні пляну дзеяньняў, ні нават патэнцыялу нешта зрабіць

 

Атмасфэра, якая папярэднічала зьезду-сходу і панавала на ім, насьцярожвала сваёй напаўсакрэтнасьцю. Ужо ад рана ў суботу ўзбуджаныя сябры БНФ чакалі якіх вестак каля сваёй менскай сядзібы. Большасьць ня ведала нават месца правядзеньня зьезду. Суботнім ранкам ва Ўправу прыйшоў адзін факс ад Станіслава Шушкевіча. У нядзелю сярод дэпутатаў распаўсюджвалі іншы, нашмат даўжэйшы. Суботняе пасланьне было прасякнутае гэтак знаёмым Шушкевічавым: да згоды. У нядзельным ён жа прышпільваў нядобрыя клішэ «Хартыі ’97», наўпрост абвінавачваў камуністаў Калякіна і працавікоў Бухвостава ў здрадзе нацыянальным інтарэсам. Гэты ліст моцна паспрыяў распальваньню эмоцыяў на зьезьдзе-сходзе.

Але зьезд адбыўся зладжана й дысцыплінавана. Агучаныя новыя тэзісы, адбылося радыкальнае разьмежаваньне між сябрамі БНФ.

Што засталося па-за зьездам? Засталіся, напрыклад, адкрытыя лісты да Пазьняка кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Фёдарава, адкрыты ліст да сяброў БНФ «Адраджэньне» 19 кіраўнікоў абласных, раённых і гарадзкіх арганізацыяў Фронту, якія катэгарычна выступілі супраць гэтага «альтэрнатыўнага» зьезду і расколу БНФ, які ён нясе. Складалася ўражаньне, што арганізатары зьезду хочуць любой цаной узяць рэванш за першую сэсію зьезду БНФ, не зважаючы на навакольную рэчаіснасьць і не шукаючы кампрамісаў.

Вячоркі ў залі не было. Не было й дэпутатаў ад «Маладога Фронту». Была старая гвардыя. Скажам шчыра, была тая частка Фронту, якая прадстаўляе маргіналізаваныя слаі грамадзтва. Гучалі на сходзе гучныя філіпікі на адрас «адшчапенцаў». Іншы раз па-расейску.

Неабходнасьць нацыянальна-вызваленчага патасу не выклікае сумневаў у нацыянальна сьведамай часткі беларусаў, як і маральнасьць палітыкі. Але ці ёсьць маральным зварот у лукашэнкаўскі Мінюст (які стаў на бок Пазьняка)?

Сярод бачных вынікаў зьезду — нечуваная кансалідацыя й адзінадушнасьць дэлегатаў, адабраных да ўдзелу на ім, нецярпімасьць да тых, хто спрабуе аспрэчыць рацыі Пазьняка, што моцна праявілася ў тым, як не давалі слова Баршчэўскаму. Гэта азначае, што за бортам такое арганізацыі непазьбежна застаюцца тыя, хто быў гатовы весьці крытычны дыялёг.

Ідэйна акрэсьлілася палітычная сіла — Хрысьціянска-кансэрватыўная партыя БНФ (хрысьціянска-кансэрватыўных партыяў у Эўропе пакуль не было). Абноўленая палітычная арганізацыя здаецца маналітам. ХКПБНФ дэкляруе дзейсную падтрымку «дрэннаму, але легітымнаму» Вярхоўнаму Савету, ягонаму старшыню Сямёну Шарэцкаму, які «стаіць на беларускіх, нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях». Сваю дзейнасьць партыя засяродзіць на ідэі ўсталяваньня грамадзянства БНР, стварэньні Камітэтаў грамадзянаў БНР і органаў самакіраваньня, зборы подпісаў за адхіленьне Лукашэнкі ад улады, стварэньні грамадзянскага парлямэнту й часовага ўраду — але гэта імі самімі рабілася ўжо пяць гадоў і беспасьпяхова.

У перадзьездаўскім лісьце Пазьняк піша, што «ўсё змарнавалі канфармісты.... Нават загад аб арышце Лукашэнкі выдаць няма каму». Няўжо гэты загад будзе выданы старшынёю Рады БНР? Ці прэм’ер-міністрам часовага ўраду, створанага ХКПБНФ?

Пазьняк кажа пра тое, што ён «яшчэ раз прапануе захаваць» адзінства Фронту, які ўжо ня ёсьць адзіным. У якасьці формулы для адзінства прапануецца мець адзінага старшыню Партыі і «Адраджэньня» (ясна каго), альбо сустаршынстваваць. Аднак ці трэба гэта цяпер будзе тым, хто застаўся за межамі Партыі? Пасьля гэтага заўчаснага на думку многіх сяброў БНФ зьезду, пасьля паўгадавога паралюшу дзейнасьці «нацыянальна-вызвольнага руху», пасьля дыскрэдатацыі ідэяў Фронту бязьдзейнасьцю й няздольнасьцю да кампрамісу, у гэтай часткі высьпявае жаданьне і насамрэч спыніць існаваньне «распалавіненага, дыскусійна-антаганістычнага Сойму» і стварыць новую сілу, больш адкрытую і шырокую, у альянсе зь іншымі палітычнымі сіламі.

Рубікон пяройдзены. Але вада на тое і вада, што ў яе двойчы ня ступіш. І 99-ы год ня 89-ы. Манаполіі на нацыянальную ідэю ўжо ніхто ня мае. Носьбіты нацыянальнай ідэі ўжо канкуруюць між сабой. Настрой на другой сэсіі VI зьезду БНФ «Адраджэньне» будзе залежаць хутчэй ад таго, як пройдзе 17 кастрычніка «Марш Свабоды». Супраць якога незразумела чаму выступіў Пазьняк, што ўвогуле выдае на капрызныя крыўды. Шкада, што два Франты разыходзяцца на маршы.

Гары Куманецкі


 

Меркаваньні актывістаў фронту

 

На пытаньні нашага карэспандэнта напярэдадні зьезду адказалі вядомыя актывісты БНФ

 

Яўген Шатохін, мастак, старшыня Пінскае арганізацыі БНФ:

— Вы згодныя з патрэбаю праводзіць гэты зьезд менавіта цяпер?

— Для мяне ў гэтай ідэі прывабнае ўмацаваньне пазыцыі партыйнай часткі фронтаўцаў, бо партыйная частка — найбольш нацыянальна сьвядомая частка Фронту. Пераход Фронту ад антыкамуністычнай барацьбы да нацыянальнай быў балючым. Шмат хто так і не зразумеў нас. Яны ня ўбачылі шляху. У гэтых варунках, калі рэжым стаў жорсткім, Фронт ня мог болей існаваць як рух.

 

— Ці будзеце вы ўдзельнічаць у зьездзе 30 кастрычніка?

— Мы будзем удзельнічаць. Мы ж усе фронтаўцы. Мы можам супрацоўнічаць на новых падставах. «Новае адзінства», як кажа Пазьняк. Дзьве арганізацыі, дзьве часткі могуць супрацоўнічаць.

 

— Каго Вы разумееце пад «каляніяльнай апазыцыяй»?

— Нацыянальна-вызвольны рух пачаў пераплятацца з каляніяльнай апазыцыяй. У калёніях бываюць і каляніяльная адміністрацыя, і каляніяльная апазыцыя. У нас гэта тыя намэнклятуршчыкі, якіх адрынуў Лукашэнка. Цяпер яны пад нашым сьцягам равуць «Жыве Беларусь!», амаль усе перайшлі на беларускую мову, але пяць гадоў назад яны нас за гэта зьнішчалі, Пазьняка нігбілі. А зараз яны хочуць выкарыстаць Фронт пад гэтымі сьцягамі.

 

— Вас не бянтэжыць тое, што Пазьняк гэтак доўга за мяжою?

— Калі Ленін прыехаў у красавіку ў Расею, ён жа да таго ўсё жыцьцё пражыў у Швэйцарыях. Калісьці людзі гэта добра ведалі. Цяпер забыліся. Барані Бог, каб зь Зянонам тут што здарылася як з Захаранкам ці Ганчаром. Гэта было б непапраўна.

 

Вячаслаў Сіўчык, в.а. адказнага сакратара Ўправы БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ:

— Той зьезд, які мае адбыцца, гэта раскол з палітычнага пункту гледжаньня. Калі казаць пра праўны бок, то існуе Статут БНФ і там запісаны мэханізм правядзеньня розных партыйных мерапрыемстваў і згодна зь ім, зьезд зьбіраецца Соймам. З праўнага боку — гэта чыста падпольнае мерапрыемства. А з палітычнага боку — гэта яшчэ больш небясьпечна, бо ўпершыню расколваецца БНФ і беларускі вызвольны рух. Фактычна цяпер ствараецца нешта накшталт нацыянал-дэмакратычнай партыі, якую ў свой час ствараў Алесь Емельянаў, але ў ягонай ролі цяпер Зянон Пазьняк. Я глыбока перакананы, што больш за тысячу сяброў БНФ у іхныя шэрагі сьцягнуць немагчыма.

 

— Ці будзеце вы супольна ўдзельнічаць у зьезьдзе 30 кастрычніка?

— Я вельмі на гэта спадзяюся, бо іншага шляху дзеля кансалідацыі няма.

 

Валеры Буйвал, мастацтвазанаўца, прэс-сакратар Партыі БНФ:

— Усё, што адбываецца ў апошнія месяцы — гэта натуральны шлях, лягічны працэс. Праз 11 гадоў разьвіцьця шырокага народнага руху вызначылася розьніца інтарэсаў, спосабаў і мэтадаў барацьбы. На гэты момант зьезд паказаў, што Зянон Пазьняк застаецца прызнаным лідарам і мае сваіх прыхільнікаў аднадумцаў, шчырых і адданых сяброў і аднадумцаў ва ўсіх рэгіёнах нашае краіны.

 

— Хто ў вас застанецца ў саюзьніках?

Нашыя саюзьнікі — тыя, хто цьвёрда стаіць на пазыцыях незалежнасьці беларускай дзяржавы й маральнасьці ў палітыцы. Гэта і АГП Багданкевіча і абедзьве сацыял-дэмакратычныя партыі. Сёньняшні ліст Шушкевіча — гэта разумны, прадуманы крок палітыка. Хадыка ж зь Вячоркам — гэта схалясты й сафісты. А беларускі розум да гэтага не прызвычаены.

Гутарыў Сяргей Харэўскі