Гісторыя Асі Клячынай, якая любіла, ды не выйшла замуж

Кіно пра кіно

Паразмаўляй зь ёй

НТВ-Беларусь, 16.35

Гісторыя Асі Клячынай, якая любіла, ды не выйшла замуж (История Аси Клячиной, которая любила, да не вышла замуж)

Расея, 1967, чорна-белы, 99 хв.

Рэжысэр: Андрэй Канчалоўскі

Ролі выконваюць: Ія Савіна, Аляксандар Сурын, Любоў Сакалова, Генадзь Ягорычаў, Іван Пятроў, Барыс Парфёнаў, Коля Пагодзін

Жанр: Мэлядрама

Адзнака: 7,5 (з 10)

У вёсцы Бязводнае жыве кухарка Ася Клячына. Яна носіць пад сэрцам дзіцёнка ад калгаснага шафёра Сьцяпана, якога й кахае. А саму яе кахае гарадзкі хлопец…

У зьнявечаным і забароненым савецкай цэнзурай фільме толькі тры прафэсійныя акторы – Ія Савіна, Аляксандар Сурын і Любоў Сакалова. Астатнія – жыхары Бязводнага, якія граюць самі сябе… і сваіх герояў у стужцы.

Мастацкая карціна здымалася, як дакумэнт: сапраўдны збор ураджаю, сапраўдныя радыёнавіны пра землятрус у Ташкенце. Чорна-белыя колеры – і тры камэры, якія схоплівалі падзею цалкам. Маналёгі й споведзь пасьля ГУЛАГу.

А сама гераіня “дакумэнтальнага экспэрымэнту” Канчалоўскага ня з гэтага часу. Яна трапіла ў кіно з клясычнай рускай літаратуры.

Адзін з найлепшых фільмаў Канчалоўскага.

БТ, 19.10

Кіно пра кіно (Кино про кино)

Расея, 2002, каляровы, 86 хв.

Рэжысэр: Валер Рубінчык

Ролі выконваюць: Валер Нікалаеў, Тацяна Лаўрова, Станіслаў Любшын, Яўген Сьцяблоў, Фёдар Бандарчук, Вольга Сутулава, Марыанна Рубінчык, Уладзімер Носік

Жанр: Трагікамэдыя

Малады рэжысэр, які здымае баявік “Трымай удар” са стралянінай і пагонямі – марыць пра аўтарскае кіно і трызьніць кінаклясыкай. Мары толькі ўскладняюць ягоную вытворчую задачу. А тут яшчэ ўлазіць прадусар, які сам ня ведае, чаго яму трэба…

Аўтар “Вянка санэтаў” і “Дзікага паляваньня” Валер Рубінчык напрыканцы 80-ых эміграваў у Расею, дзе цяпер выкладае й здымае кіно. Захапленьне Фэліні, кіно пра кіно, сум і сьмех…

СТВ, 22.20

Паразмаўляй зь ёй (Hable con ella)

Гішпанія, 2002, каляровы, 112 хв.

Рэжысэр: Пэдра Альмадовар

Ролі выконваюць: Хаўер Камара, Дарыё Грандынэці, Леанор Ўотлінг, Разарыа Флорэс, Марыола Фуэнтэс, Джэральдзін Чаплін, Піна Баўш

Жанр: Драма

Прызы: “Оскар” за найлепшы сцэнар і яшчэ 31 узнагарода й 25 намінацый

У пошуках гераіні для свайго рэпартажу журналіст Марка знаёміцца з жанчынаю-тарэра Лідзіяй. Знаёмства перарастае ў жарсьць, але ўдар быка на карыдзе зрыньвае Лідзію ў кому. У шпіталі Марка знаёміцца з санітарам Бэніньё, які доўгі час дапамагае непрытомнай Алісіі. “Паразмаўляй зь ёй” – раіць Бэніньё Марку, які згубіў усялякую надзею. Словы любові здольныя зрабіць цуд…

Корсткая драма Пэдра Альмадовара. Танец карыды рыфмуецца з танцам балетным – на адну з роляў запрошаная вядомая харэограф Піна Баўш.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?