Інфармацыя пра замах на Шарэцкага

 

Прадстаўнік літоўскага злачыннага сьвету распавёў журналістам, што яму прапанавалі забіць в.а.кіраўніка беларускай дзяржавы

 

Сэнсацыйны матар’ял «Жыцьцё Сямёна Шарэцкага ў небясьпецы» зьявіўся ў апошнім нумары літоўскага ілюстраванага штотыднёвіку «Вяйдас». На журналістаў «Вяйдаса» выйшаў прафэсійны снайпэр па мянушцы «Манах», зьвязаны зь літоўскім злачынным сьветам, і распавёў такую гісторыю:

 

«24 жніўня сёлета са мною захацелі сустрэцца нейкія невядомыя мне людзі. Яны папрасілі, каб я за 100 тысяч даляраў застрэліў Сямёна Шарэцкага. 50 тысяч даляраў яны паабяцалі заплаціць адразу, а рэшту — як выканаю заданьне. Яны мелі з сабою пляны памяшканьня, у якім жыве й працуе Шарэцкі. Мелі таксама і падрабязныя зьвесткі пра тое, калі ён выходзіць з дому, калі прыходзіць, у каго бывае. На ламанай літоўскай мове з расейскім акцэнтам пачалі пераконваць, што большых грошай я ў Літве не атрымаю, а калі я не пагаджуся, знойдуцца іншыя, якія гэта зробяць. Калі я катэгарычна адмовіўся, яны ад’ехалі».

Чаму «Манах» распавёў гэта? Паводле ягоных словаў, каб забясьпечыць сабе алібі. «Калі Шарэцкага заб’юць, я буду спакойны. Я цяпер упэўнены, што калі б здарылася гэткае няшчасьце, паліцыя не прыляціць да мяне як да першага падазраванага. Пра ўсё я мог бы расказаць і самім спэцслужбам, але я ведаю, як усё адбываецца ў Літве — адразу пасадзяць у Лукішкі, а тады даводзь, што невінаваты. Дый пачалі б корпацца ў маёй біяграфіі і мінуўшчыне, а я б гэтага не хацеў».

Тыднёвік «Вяйдас» паінфармаваў Дэпартамэнт аховы кіраўнічых асобаў, што ў Літве ёсьць людзі, зацікаўленыя ў забойстве Сямёна Шарэцкага. Адразу пасьля паведамленьня ахова лідэра беларускай апазыцыі была ўзмоцненая — вакол Шарэцкага пабольшала ахоўнікаў. Па нашых зьвестках, апроч двух целаахоўнікаў, за бясьпекай Шарэцкага цяпер сочыць таксама кола далёкага назіраньня. Сам Шарэцкі (які, дарэчы, ні ад каго не хаваецца) цьвердзіць, што за апошнія два месяцы ў Літве яму ніхто не пагражаў і што тут ён адчувае сябе свабодна і бясьпечна.

Дырэктар Дэпартамэнту аховы кіраўнічых асобаў Раймундас Кайрыс патлумачыў, што дагэтуль яны ня маюць інфармацыі пра людзей, якія зацікаўленыя ў забойстве Шарэцкага. Дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Мячыс Лаўрынкус дадаў, што спэцслужбы пільна вывучаюць атрыманую імі інфармацыю пра магчымыя замахі на палітычных дзеячоў, аднак найчасьцей такая інфармацыя ня мае пад сабой рэальных падставаў.

Пасьля таго як з палітычнай мапы Беларусі прыбралі Карпенку, Захаранку й Ганчара, здаецца, можна чакаць усяго. Калі тое, што распавёў «Вяйдас», праўда, дык хто стаіць за гэтым? Ці то славутая «адна зь беларускіх спэцслужбаў», ці то нейкая таямнічая структура, якую ніхто ня ведае, але якая наносіць жорсткія і бяз пудла, у стылі расейскіх крымінальнікаў, удары па самых сымбалічных лідэрах беларускага грамадзтва.

Калі ж артыкул, надрукаваны 23 верасьня ў сур’ёзным літоўскім выданьні, фікцыя, дык гэта красамоўная фікцыя. Яна сьведчыць, у які хаос ператварылася беларуская рэальнасьць за апошнія пяць гадоў.

Барыс Тумар