Джын, якога Кучма выпусьціў з пляшкі

 

15кандыдатаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ва Ўкраіне ў кастрычніку. Але толькі 5 зь іх маюць больш-менш рэальныя шанцы на перамогу. Гэта Леанід Кучма, былы сьпікер парлямэнту Аляксандар Мароз, колішні прэм’ер Яўген Марчук і лідэр камуністаў Пятро Сіманенка. Да гэтай пяцёркі нечакана дадалася, абышоўшы й цяперашняга сьпікера Аляксандра Ткачэнку, і кандыдатаў ад абодвух крылаў расколатага руху, былых міністраў Генадзя Ўдавенку і Юр’я Кастэнку адзіная сярод кандыдатаў жанчына — лідэр Прагрэсіўнай сацыялістычнай партыі Ўкраіны Наталя Вітрэнка.

Да нядаўна да «нашай Наташы» (так называюць Вітрэнку экзальтаваныя прыхільнікі) ня ставіліся сур’ёзна. Апанэнты лічылі яе крэатурай Банковай (на гэтай вуліцы ў Кіеве ў будынку былога ЦК разьмясьцілася Адміністрацыя прэзыдэнта), якую раскручваюць з адной мэтай — унесьці раскол у лягер левых.

Сапраўды, нягледзячы на ўсю ўльтрарэвалюцыйную рыторыку, Вітрэнка да нядаўняга часу задавала болей клопатаў прававернаму галоўнаму камуністу П.Сіманенку ці рэспэктабэльнаму лідэру сацыялістаў А.Марозу, чым прэзыдэнту Кучму. Калег па левым руху Вітрэнка менавала ня йнакш як перараджэнцамі й наймітамі буржуазіі. І адначасова невялічкая (усяго 14 чалавек) фракцыя Вітрэнкі ў парлямэнце часта аказвалася той сілай, якая тарпэдавала антыпрэзыдэнцкія ды антыўрадавыя ініцыятывы апазыцыі.

Зласьліўцы пры гэтым не праміналі нагоды пакпіць, што «наша Наташа» акупавала літаральна ўсе каналы дзяржаўнага тэлебачаньня, тады як іншых лідэраў апазыцыі нават не падпускалі да экрану. Жартавалі і пра першыя паведамленьні пра высокія перадвыбарчыя рэйтынгі Вітрэнкі — маўляў, на Банковай рэалізуюць расейскі сцэнар, наўмысна раскручваючы самага адыёзнага з кандыдатаў, каб у суперніцтве зь ёй гарантавана перамог Кучма.

Але з пэўнага часу ўсё зьмянілася. Вітрэнка ўжо не мігціць на экранах (Банковая не адмовілася ад расейскага сцэнару, але ў якасьці спарынг-партнэра для другога туру абралі шэранькага й нехарызматычнага Сіманенку). Больш таго, празарлівыя людзі з прэзыдэнцкага акружэньня пачынаюць усё часьцей нагадваць пра памылку Кебіча, які на процівагу Шушкевічу ўзяўся раскручваць невядомага папуліста Лукашэнку.

Але джына ўжо выпусьцілі з пляшкі. Рэйтынг Вітрэнкі сапраўды высокі й ня думае падаць. І разгубленыя аналітыкі пачынаюць думаць: а што, праўда, будзе, калі...

Аднак нешта прадказаць зусім няпроста. З аднаго боку, Наталя Вітрэнка мае за плячыма пасьпяховую кар’еру навукоўца і ўнівэрсытэцкага выкладчыка і пры кожнай нагодзе выстаўляецца сваёй ступеняй доктара эканамічных навук. Але адначасова яна — прававерная камуністка паводле перакананьняў, і ніколі гэтага не хавала. І пры гэтым разьведзеная, трох дзяцей нарадзіла ад двух розных мужоў, а цяпер нязьменна зьяўляецца паўсюль у суправаджэньні партыйнага калегі В.Марчанкі (пры гэтым у камэнтарах у прэсе падкрэсьліваючы выключна сяброўскія дачыненьні зь ім і ягонай жонкай). Ёй 48 гадоў, і выгляду яна надае мала ўвагі: за гады палітыкаваньня яна страціла рэшткі зграбнасьці, ніякім стылем яе гарнітуры й сукенкі не вылучаюцца. Гэта асабліва заўважна на фоне супэрвытанчанай (у тым ліку і ідэалягічнай) візаві Вітрэнкі ў парлямэнце, 37-гадовай старшыні бюджэтнага камітэту Юлі Цімашэнкі.

Са свайго публічнага жыцьця Вітрэнка робіць сьвядомы гепэнінг, наўмысна нарываючыся на скандалы. Не пералічыць, колькі абразьлівых ярлыкоў наляпіла яна на свайго былога начальніка ў партыі Мароза (за што ён некалі назваў яе жанчынаю цяжкіх паводзінаў). Уся Ўкраіна назірала, як яна проста перад тэлекамэрамі разам з Марчанкам біла немаладога дэпутата ад правіцы Паўла Моўчана, лідэра інтэлігенцкай «Просвіти», які наважыўся на рызыкоўную фразу што да асабістага жыцьця «прагрэсіўнай сацыялісткі». Нарэшце, Вітрэнцы даспадобы тое, як журналісты абсмоктваюць факт яе абраньня ў парлямэнт ад Канатопскае акругі (ва ўкраінскага клясыка Квіткі-Аснаўяненкі ёсьць славутая «Канатопская ведзьма»).

Перадвыбарчая праграма Вітрэнкі мала чым адрозьніваецца ад іншых левых праграмаў: барацьба з карупцыяй, саюз з Расеяй і Беларусяй, наданьне расейскай мове дзяржаўнага статусу. Але сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што за Вітрэнку будуць галасаваць людзі з рознымі поглядамі, бо людзей прыцягваюць ня пункты праграмы, а простыя й даходлівыя лёзунгі: «Пэнсіянэраў Краўчука, Плюшча й Кучму пасадзім у рэзэрвацыю, дзе яны будуць жыць на звычайную пэнсію ў 49 грывень», «Рэфарматараў Пінзэніка і Юшчанку адпр авім ва ўранавыя шахты», «Адразу пасьля выбараў закрыем усе аэрапорты, каб ні адзін хапуга ня ўцёк».

Сьвядома ці несьвядома, паводле парадаў іміджмэйкераў ці з уласнай ініцыятывы, але Вітрэнка кажа тое, што хочуць чуць змучаныя галечай людзі.

Дык што будзе, калі да ўлады прыйдзе Вітрэнка (акадэмічны Інстытут сацыялёгіі прадказвае менавіта такі вынік)?

Першы сцэнар такі (ва Ўкраіне яго называюць мяшкоўскім паводле імя былога крымскага прэзыдэнта). Эліты не ўспрымаюць прэзыдэнта Вітрэнку. Вакол яе ўтвараецца вакуум. Яе распараджэньні сабатуюць. Усе фракцыі парлямэнту аб’ядноўваюцца і або зьяўляюцца папраўкі, якія зводзяць на нішто ролю прэзыдэнта, або Вітрэнцы абвяшчаюць імпічмэнт.

Другі магчымы сцэнар — «лукашэнкаўскі». Гуляючы на разьбежнасьцях інтарэсаў уладных клянаў, Вітрэнка паступова ўводзіць рэжым асабістай улады, перасьледуе апазыцыю, зачыняе газэты і пачынае будаваць славянскі саюз з Лукашэнкам і з Расеяй. Гэты варыянт нельга скідаць з рахункаў ужо таму, што партыю Вітрэнкі фінансуюць зусім не пэнсіянэры, а немалыя ўліваньні рэальных постацяў сёньняшняга істэблішмэнту. Адзін зь іх, лідэр Лібэральнай партыі, нядаўна прызначаны губэрнатарам Сумшчыны В.Шчэрбань публічна прызнаўся, што фінансаваў правядзеньне зьезду ПСПУ. Якую цану прыйдзецца Ўкраіне заплаціць за такія крокі ўкраінскіх алігархаў?

Відавочна, будучыя гісторыкі далучаць зьяўленьне фэномэну Вітрэнкі-палітыка да сьпісу заслуг палітыка-Кучмы, які пляшку з джынам адкаркоўваў. Але нам ад гэтага лягчэй ня будзе.

Максім Стрыха — з Кіева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0