27.09.1999 / 13:00

Рыгор Клімовіч. Да гісторыі злачыннасьці ў СССР

№ 24 (145), 1999 г.


 

Да гісторыі злачыннасьці ў СССР

 

Архіў Найноўшае Гісторыі выпускае новую кнігу — успаміны Рыгора Клімовіча “Кaнец Гaрлагу”. Аўтар успамінаў правёў 13 гадоў у ГУЛАГу, быў адным з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня, якое ўспыхнула ў лягерах у 1953 годзе. “НН” ужо публікавала інтэрвію з Рыгорам Клімовічам (1998, № 13).

Напісаная дзесяць гадоў таму кніга вельмі цяжка прабівалася ў сьвет. Яна павінна была ўжо выйсьці ў Маскве і Коўне. Але сымбалічна, што яна, нарэшце, выходзіць у Менску. Хоць да апошняга моманту гэты праект быў на мяжы зрыву.

Мэмуары Рыгора Клімовіча адметныя тым, што аўтар не імкнецца залішне мадэрнізаваць свае ўспаміны — ён гатовы разважаць пра падзеі савецкай гісторыі і лягернага жыцьця з пазыцыяў сучасьніка тых падзеяў, выкарыстоўваючы, у тым ліку, і тагачасны катэгарыяльны апарат.

Урывак кнігі, які прапануецца чытачам “НН”, ёсьць аўтарскім бачаньнем прычынаў масавае крыміналізацыі савецкага грамадзтва. Пра гэта піша чалавек з досьведам лягерніка, які меў магчымасьць непасрэдна назіраць крымінальны сьвет ды кантактаваць зь ім.

Такім чынам, прапануецца тэма, якая вырываецца з архіву і пераходзіць у жыцьцё.

Алег Дзярновіч

Публікацыя падрыхтаваная
ў рамках праграмы “Адна зямля — Усходняя Эўропа”


 

Рыгор КЛІМОВІЧ

 

Уласна крымінальшчына і злодзеі не зьяўляюцца нейкім дзівам — яны былі заўсёды і паўсюль, ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. Наўрад ці й цяпер знойдзецца ў сьвеце такое цывілізаванае і багатае грамадзтва, якое магло б, ня крывячы душой, заявіць, што яно вольнае ад гэтага накіпу, што спадарожнічае актыўнаму яго жыцьцю. Але ўвесь злачынны сьвет мінулага, нават той, які быў у старадаўнім Рыме пад час сацыяльных узрушэньняў і заняпаду, немажліва параўнаць з тым, які зьявіўся ў Расеі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Злодзейская «маліна» ў СССР — гэта зьява асаблівая, выключная, якая мае і сваю перадгісторыю, і сваю гісторыю. Гэтая зьява ўзьнікла ў выніку рэвалюцыйных пераўтварэньняў сацыяльнага, палітычнага і духоўнага жыцьця, праўных нормаў, дзяржаўных і грамадзкіх стасункаў — пераўтварэньняў, што ажыцьцяўляліся ня шляхам разумнага выкарыстаньня старога пры адначасным стварэньні новага, а ў выніку ломкі ўсяго старога, каб потым ужо, на яго развалінах, будаваць новае.

Тры гады бушавала грамадзянская вайна. І, нарэшце, стары сьвет рухнуў, пахаваўшы пад сваімі развалінамі сотні тысячаў змагароў за чырвоную, белую і проста мужыцкую праўду. А ў выніку сотні тысячаў дзяцей засталіся сіротамі і апынуліся на галоднай, спустошанай вуліцы, дзе гаспадарылі рэвалюцыяй вызваленыя з-за кратаў рэцыдывісты і квітнела злодзейская «маліна». Хутка, пад уплывам такой вуліцы, гэтыя дзеці сталі іншымі. Яны зусім парвалі са сваім мінулым, нават з прыналежнасьцю да варожага лягеру, і, адчуўшы сябе роўнымі — дзецьмі аднаго паходжаньня, дзецьмі грамадзянскай вайны — люмпэн-пралетарамі, беспрытульнай вулічнай шпаной, прасякнуліся пагардай да побыту, нораваў і псыхікі людзей не свайго кола, а разам з тым і да працы, якая абумоўлівалася гэтымі не прызнаванымі побытам, норавамі і псыхікай. Пад крылом і чалом дасьведчаных рэцыдывістаў яны прынялі антыграмадзкія паняцьці і мараль як адзіна належныя вольнаму чалавеку, і неўзабаве самыя кемлівыя і пранырлівыя зь беспрытульнай шпаны сталі злодзеямі. Вуліцы гарадоў і праезныя дарогі сталі раптам небясьпечнымі ня толькі ўначы, але і ўдзень. І толькі зараз, занепакоеныя буйным разгулам злодзеяў, тыя, хто мае ўладу, якія да гэтага дзень і ноч мітынгавалі, вырашаючы «злабадзённае» пытаньне — зь якога кута зручна пачынаць будаваць новы сьвет — нарэшце зьвярнулі ўвагу на беспрытульных дзяцей і, угледзеўшы ў злодзейскім разгуле небясьпечны рэцыдыў старога сьвету (балазе было на каго сьпісваць уласныя грахі), пачалі тэрмінова ствараць працоўныя камуны і калёніі, прызначаныя для перавыхаваньня малалетніх правапарушальнікаў.

Аднак страчаны час пагражае наступствамі. Пакуль адбываліся мітынгі, беспрытульныя дзеці, якімі рухала крыўда на абыякавае стаўленьне грамадзтва да іх, з галавой акунуліся ў злодзейскую «маліну», заразіліся яе заганнымі свабодамі і моцна зьвязалі зь ёй сваё жыцьцё. У іх выпрацаваліся свае паняцьці пра жыцьцё, пра сваё месца ў гэтым жыцьці, свая мараль, свае прынцыпы, сваё стаўленьне да людзей і да грамадзтва ўвогуле. Пераканаць іх было амаль немагчыма. І нават такі таленавіты пэдагог як Макаранка, які заведаваў калёніяй імя М.Горкага, іншы раз прыходзіў у адчай, бачачы, як усе яго пэдагагічныя намаганьні разьбіваюцца аб закасьцянелыя ў граху душы каляністаў. Гэта ўжо былі ня нейкія цяжкія, са страшнай крыўдай у сэрцы дзеці, а злачынцы са сваёй асаблівай ідэалёгіяй, асноўным прынцыпам якой было сьцьвярджэньне, што крадзёж зьяўляецца адзіным вартым вольнага чалавека заняткам і што толькі злодзей мае права называцца чалавекам, а ўсе астатнія людзі — гэта мужыкі, чарты, фраяры, быдла, якім «на родзе напісана ўпірацца рагамі» — працаваць і ствараць матар’яльныя каштоўнасьці, дзеля таго, каб злодзеям было што красьці і выкарыстоўваць скрадзенае адпаведна сваім заганным схільнасьцям.

Ачысьціць душу выхаванцаў ад такой ідэалёгіі не маглі й агульнапрынятыя палажэньні пэдагогікі, і новаўвядзеньні Макаранкі. Але паколькі за Сталіным панятак «праўда» ўспрымаўся як клясавая неабходнасьць, то, сыходзячы з гэтай неабходнасьці, дадзеная бездапаможнасьць была абвешчаная як посьпех, як перамога новых мэтадаў пэдагогікі, дзякуючы якім, як гэта гучна абвясьціў Макаранка, у дзіцячых дамах, калёніях і камунах былі «выратаваныя мільёны беспрытульных дзяцей», і ў пацьверджаньне такой праўды спасылаліся на прыклад калёніі імя Горкага, у якой са злодзеяў і бандытаў нібыта былі выхаваныя сапраўдныя людзі з высокім пачуцьцём доўгу і прыхільнасьцю да калектыву. Бясспрэчна, у калёніі імя Горкага было зроблена шмат. Але гэтае многае было зроблена ў калёніі, дзе сярод выхавальнікаў не было ніводнага нязлодзея, усё было зроблена ў замкнёнай злодзейскай супольнасьці, цалкам у адпаведнасьці зь яе ідэалёгіяй. Выхаваньне ў каляністах пачуцьця доўгу было пачуцьцём доўгу перад сваімі таварышамі, а прыхільнасьць да калектыву зьяўлялася прыхільнасьцю да злачыннага сьвету. Па-за гэтым сьветам каляністы былі вольныя ў сваіх учынках. Іх стаўленьне да навакольнага люду вызначалася формулай: «добры мужык — выкалі яму вока, яшчэ лепшы — выкалі два». І гэтыя стасункі Макаранка не спыняў, а наадварот, падтрымліваў, надаваў ім «законны від і толк» і тым самым выхоўваў у сваіх гадаванцах не любоў да бліжняга, а любоў да такіх, як яны самі; не павагу да добрага і разумнага, а зло; не прыхільнасьць да чалавечага грамадзтва, а пагарду да людзей ня іх кола. Ён, як бы для большага задавальненьня «урак», удасканальваў і разьвіваў іх ідэалёгію. Яго выхавальнікі выглядалі добрапрыстойнымі людзьмі толькі на выгляд і толькі ўнутры калёніі, у сваім асяродзьдзі, і непазнавальна зьмяняліся, калі апыналіся па-за ёю. У сваёй выхаваўчай дзейнасьці ён нічога не дасягнуў. Яго пэдагагічныя новаўвядзеньні былі няздатныя вытравіць зь дзіцячых душ вулічную ідэалёгію, яго гадаванцы як былі злодзеямі, так і заставаліся. І калі, прайшоўшы курс перавыхаваньня, назаўсёды пакідалі калёнію, яны, не задумваючыся, вярталіся да мінулага свайго рамяства.

Праз шмат гадоў зь некаторымі выхавальнікамі калёніі імя Горкага мне давялося сустрэцца ў лягерах. Макаранку яны не забывалі, гаварылі пра яго станоўча, душэўна-цёпла, называлі яго «талковым фраерам», «мужыком што трэба», які, паводле іхных словаў, не баяўся ў выпадку чаго, калі гульня не фарціла — канаць з казырнога туза і ціснуць на псыхіку.

Сустракаліся мне ў лягерах і выхавальнікі іншых калёніяў, і я з упэўненасьцю магу сказаць, што працоўныя камуны й калёніі свайго прызначэньня не апраўдалі. Яны выратавалі мільёны беспрытульных дзяцей ад галоднай сьмерці, але ня выратавалі іх душы; злачыннаму сьвету іх дзейнасьць ніяк не зашкодзіла, ён працягваў лютаваць з той самай маштабнасьцю. Перамагчы яго магло толькі здаровае, забясьпечанае, высокамаральнае грамадзтва, у якім цалкам сталі б немагчымыя заганныя зьявы вулічнай ідэалёгіі. Злачыннасьць ня зьменшылася, а наадварот, год ад году расла. А хутка новыя сацыяльныя пераўтварэньні, што ўрэшце разладзілі жыцьцё ў нашай краіне — індустрыялізацыя, культурная рэвалюцыя, калектывізацыя і выкліканы імі голад 1932—1933 гадоў — выкінулі на вуліцы новыя натоўпы беспрытульных дзяцей, што ў пошуках кавалку хлеба міжволі станавіліся памагатымі злодзеяў. І зноў тыя, хто меў уладу, не пасьпяшаліся на дапамогу дзецям, якія па іх віне знаходзіліся ў бядотным становішчы. Стыхія масавай беспрытульшчыны ўлады не непакоіла — яны ня бачылі ў ёй ніякай небясьпекі для будаўніцтва сацыялізму. Вулічная ідэалёгія злачыннага сьвету не была цалкам варожай ідэалёгіі ўладаў, а што да «гракоў»-сялянаў і іх маёмасьці, дык і ўвогуле ідэнтычнай. Але як толькі маёмасьць гракоў пазвозілі на калгасны двор і панацыяналізоўвалі прадпрыемствы нэпманаў, дык ад гэтай ідэнтычнасьці не засталося й сьледу. Не знаходзячы болей спажывы ў кішэнях прыватнікаў, злодзеі, а разам зь імі і ўся беспрытульная шпана, абурыліся несумленнымі паводзінамі ўладаў, якія сабе забралі ўсё, а ім нічога не пакінулі, і, прэтэндуючы на сумленны дзялёж, пачалі шарыць па дзяржаўных закрамах. Са спадарожніка злачынны сьвет ператварыўся ў ворага.

І ўлады, да гэтага добрыя, улады, што лагодна ставіліся да злодзейскіх штучак «урак», якія, на зло кулакам і іншым «ворагам народу», заахвочвальна называлі іх «сябрамі народу», бачачы ў іх будучых грамадзянаў сацыялізму, вольных ад прыватнаўласьніцкіх інтарэсаў і клясавых забабонаў, раптам сталі незгаворлівыя і жорсткія. Адкрытыя калёніі кшталту калёніі імя Горкага былі пераробленыя ў закрытыя — акружаныя калючым дротам і ўзятыя пад узброеную ахову. На ўсю моц запрацавалі суды, накіроўваючы злодзеяў у папраўчыя лягеры, а малалетніх злачынцаў — у адкрытыя папраўчыя калёніі, дзе для іх перавыхаваньня з усёй багатай пэдагагічнай спадчыны Макаранкі быў прызнаны мэтазгодным і ўжываўся без абмежаваньняў толькі мэтад фізычнага прымусу. Аднак такі мэтад быў самым неадпаведным для перавыхаваньня крымінальнікаў. Прымус дзейнічаў на іх, як чырвоны плашч на быка — пры выглядзе яго яны выбухалі злосьцю і падпарадкоўваліся яму толькі з зубоўным скрыгатам, стаічна пераносячы любыя цяжкасьці. Пераносіць цяжкасьці ім было не ўпершыню; трываць іх яны прызвычаіліся з самага дзяцінства, якое ніколі не забывалі і якое крывацечнай крыўдай сьціскала душу кожнага зь іх, заклікаючы да помсты. Але з прычыны сваёй неадукаванасьці яны не маглі зазірнуць у корань і сваю крыўду спаганялі на мужыках, праводзячы іх у лягерах цераз тыя жудасныя выпрабаваньні, якіх зазналі самі, калі былі беспрытульнымі дзецьмі. Іх самавольства ў лягерах было своеасаблівым, абумоўленым злодзейскай ідэалёгіяй, выяўленьнем пераўтворанай у злосьць крыўды, было як бы стыхійным бунтам скалечанай душы, бунтам, аднолькава небясьпечным і для мужыкоў, і для адміністрацыі. Уціхамірыць гэты бунт шляхам прымусу было немагчыма. Прымус паглыбляў крыўду і тым самым балюча кранаў іх незагойную рану. Яны ўспрымалі яго як бесчалавечны выклік сабе і паколькі былі не з баязьлівых, не ламаліся пад ягоным узьдзеяньнем, а зь цьвёрдай упартасьцю пераносілі ўсе экзэкуцыі, якім іх падвяргалі, і, губляючы пры гэтым рэшткі веры ў фраерскую добрасумленнасьць, камянелі душой. З БУРу (барак узмоцненага рэжыму), ШІЗО (штрафны ізалятар) ці штрафной камандзіроўкі яны вярталіся не ўтаймаванымі, а яшчэ больш азлобленымі і з поўнай перакананасьцю ў сваёй перавазе перад усімі, хто, як яны, «ня чаліўся ў штрафніках». Прымус гартаваў злосьць, адасабляў ад людзей ня іх кола, мацаваў іхную ўпэўненасьць, што яны людзі асаблівыя, выключныя, не падобныя на ўсіх іншых, звышчалавекі; ён выхоўваў іх злачынцамі. Адбыўшы тэрмін — а ім тэрміны давалі невялікія, ня тое, што контрыкам — і, перавыхаваўшыся падобным чынам, яны выходзілі на волю налаўчонымі ў зладзейскім жыцьці, «уркамі», і адразу ж прымаліся красьці і растрыньківаць жыцьцё ў злодзейскай «маліне». Яны нідзе не прапісваліся, жылі нелегальна, ад гораду да гораду езьдзілі па Саюзе, кралі, пілі, гралі ў карты, што называецца, гулялі на волі і, як правіла, гулялі нядоўга — іх ізноў затрымлівалі і зноў саджалі за краты. Лягер быў іх родным домам, а воля — накшталт санаторыю, якім яны карысталіся ад выпадку да выпадку, каб пацешыцца й пагуляць. Колькі іх усяго было — наўрад ці статыстыка змагла б адказаць. Лягчэй палічыць які-небудзь від пералётных птушак ці тыграў ва ўсурыйскай тайзе, чым савецкіх злодзеяў, што шнырылі ў кватэрах, пад’ездах, базарных плошчах і нават пралазілі ў такія шчыліны, куды, лічылася, камар носу ня мог усунуць. І ўсё ж прыблізную лічбу назваць можна. Калі ўлічыць, што ў кожнай лягернай брыгадзе колькасьцю ў 25—30 чалавек было 4—5 злодзеяў, то атрымліваецца, што ад агульнай колькасьці зьняволеных лягеру злодзеі складалі адну сёмую частку, і, дапускаючы, што ў лягерах, дзе ўсяго сядзела 8 мільёнаў чалавек, і калі меркаваць, што з трох злодзеяў два ўвесь час знаходзіліся ў турме, можна беспамылкова сьцьвярджаць (бо лічбы ўзяты самыя сьціплыя), што колькасьць злодзеяў пад час кіраваньня мудрага правадыра пралетароў усіх краін складала каля двух мільёнаў чалавек.

Такой колькасьці сяброў ня мела ніводная палітычная партыя ў перадрэвалюцыйнай Расеі. І трэ было глядзець празь нейкія чароўныя акуляры, каб бачыць гэтыя два мільёны азлобленых «урак» каналаармейцамі, героямі працы, якімі бачыў іх Горкі, заявіў у друку, што ён асабіста назіраў на будаўніцтве Беламорканалу, якія добрасардэчныя цярплівыя пэдагогі з ОГПУ без усялякага прымусу, адным толькі праўдзівым словам перавыхоўвалі закаранелых рэцыдывістаў. У сваіх артыкулах «О воспитании правдой» і «От врагов народа — к героям труда» ён пісаў: «Сярод гэтых людзей (крымінальнікаў — Р.К. ) былі многія сотні такіх, якія адмовіліся працаваць, заявіўшы: «Рабіце з намі, што хочаце, а працаваць ня станем! ..» Пасьля такога бунту да іх зьяўляўся хто-небудзь з чэкістаў... Яго сустракалі лаянкай, сьвістам, а ён казаў ім: «Што ж, рабяты, не жадаеце працаваць? Працуюць «контрыкі», працуюць людзі, якія былі горай і шкодней, чым вы, а вы вырашылі задарма есьці працоўны хлеб работнікаў і сялянаў?.. Вазьміцеся за розум, падумайце, чаму вамі абраны шлях парушальнікаў права, злачынцаў?..» І празь некаторы час людзі, абцяжараныя і асьлепленыя злобай на сваё бессэнсоўнае жыцьцё драпежнікаў, паступова скідваюць з плеч цяжар перажытага, расплюшчваюць вочы, бачаць, як бессэнсоўна жылі яны, і пачынаюць працаваць па-ўдарнаму, «не за страх, а за сумленьне», нават пабойваючыся, каб іх не зьмясьцілі на «чорную дошку» ці не паказалі ў газэце «Перековка» ў выглядзе «мокрых курыц».

І тут жа ў гэтых артыкулах Горкі патэтычна пытаў: «Дзе і калі магло здарыцца такое?» На жаль, адказваць яму даводзіцца без усялякага энтузіязму: «Нідзе і ніколі падобнае здарыцца не магло». І хай ахоўвае публіцыста Горкага ад гэтых «каналаармейцаў» цень вялікага Сталіна — іначай, за тое, што ён «сумленных злодзеяў» абярнуў у «сук», яны яму такога не даруюць і на тым сьвеце. Абараняць свой злодзейскі гонар яны ўмелі, а праўду пра сябе ведалі лепш, чым хто.

Як фраер, Горкі ня мог прысутнічаць на злодзейскіх талкавішчах, якія ў той час, калі ён пісаў гэтыя артыкулы, адбываліся паўсюль — у лягерах і на волі, на якіх з мэтай абароны злачыннага сьвету ад прымусовых мер узьдзеяньня на яго, што ўжываліся «мусарамі» з ОГПУ, быў адпаведна ідэалёгіі гэтага сьвету зроблены больш жорсткім зладзейскі закон. Адбылася не «перакоўка» сацыяльна хворых і небясьпечных людзей, як сьцьвярджаў Горкі, а падкоўка — злачынны сьвет, узмацніўшы свой закон, узмацніў хваробу і стаў яшчэ больш небясьпечным для сацыялістычнага будаўніцтва. Ад гэтага часу, згодна зь няпісаным законам, злодзею не дазвалялася: працаваць, служыць у войску, выконваць даручэньні ўладаў і садзейнічаць ім, прымаць удзел у грамадзкіх мерапрыемствах, разам з мужыкамі ці для мужыкоў сьпяваць, танчыць, выяўляць свае здольнасьці. Злодзей быў абавязаны, строга трымаючыся правілаў злачыннай супольнасьці, красьці, гуляць у карты і атрымліваць асалоду ад жыцьця. Перад гэтым законам усе злодзеі былі роўныя, і калі хто-небудзь зь іх ня так ступаў, дапускаў нязначнае парушэньне, напрыклад: падаў «мусару» руку, на просьбу опэра разагрэў замерзлыя чарнілы, своечасова не заплаціў картачнае віны, ён, выкрыты злодзеямі ў парушэньні, абвяшчаўся «сукай» і яму прысуджалася сьмерць.

Такі закон выключаў таксама магчымасьць перавыхаваньня, якога-кольвек кампрамісу з грамадзтвам ці ўладай. Ён пазбаўляў злодзеяў свабоды выбару і намёртва змацоўваў іх са злачынным сьветам. Аднойчы зьвязаўшы сябе з гэтым сьветам, злодзей ужо ня мог бяз рызыкі для жыцьця парваць зь ім, як бы да гэтага яго не змушалі абставіны ці ўласныя меркаваньні. Ад злодзейскіх вачэй яму было не схавацца, яны былі паўсюль: і ў глухой вязьніцы, і ў шумным горадзе, паўсюль злодзейская Нэмэзыда падпільноўвала парушальніка закону, «суку». Тыя крымінальнікі, што трапілі пад злодзейскі закон, апынуліся нібы паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку — злодзейскі закон, з другой — «выхаваўчыя» рэпрэсіўныя меры, вытрымаць якія іншы раз было няпроста; і многія, не вытрымліваючы, ламаліся, станавіліся «сукамі». Але бальшыня, акамянеўшы душой, «перавыхаваньню» не паддавалася, заставаліся ў законе і ў супрацьборстве з «сукамі» і раз-пораз наладжвала разьню. І калі б чэкісты, якія суправаджалі Горкага ў паездцы па Беламорстроі, дазволілі яму зьняць тыя чароўныя акуляры, якія яны ўшчапілі на ягоныя вочы, і пабачыць лягеры, а не пацёмкінскія вёскі, наўрад ці ён стаў бы складаць панэгірыкі таму, пра што трэба пісаць сумныя элегіі; ён бы на свае вочы пераканаўся, што запозьненае перавыхаваньне сацыяльна-шкодных элемэнтаў у карысныя ажыцьцяўлялася ў лягерах ня нейкімі павучальнымі натацыямі, а вельмі жорсткімі мэтадамі прымусу і суправаджалася панажоўшчынай, якая сярод крымінальнікаў была адзінай санкцыянаванай зладзейскім законам формай высьвятленьня стасункаў паміж злодзеямі ў законе і тымі, хто перавыхаваўся, і што лягерная адміністрацыя не спыняла гэтай панажоўшчыны, а спрыяла ёй: яна то «сук» кідала ў злодзейскую камандзіроўку, то злодзеяў — у «сучую», і, дзейнічаючы ў інтарэсах перавыхаваньня, час ад часу наладжвала Варфалямэеўскія ночы — то злодзеі рэзалі «сук», то «сукі» — злодзеяў. Але пра такое перавыхаваньне Горкаму ведаць было не дазволена. А злодзеі з-за сваёй разумовай і каставай абмежаванасьці ня ведалі, што рабілі, і ў простасьці душэўнай меркавалі, што гэтая, навязаная ім міжсобіца, зьяўляецца іх нутранай справай — спрэчкай блатных паміж сабой — і ў абарону сябе як людзей, няхай нават і злачынных, але якіх падвяргаюць нечалавечаму абыходжаньню, голасу не падавалі.

У тыя гады гэтая міжсобіца імі ўспрымалася як натуральны канфлікт. Парушыў закон — май паводле закону. А як, пры якіх абставінах парушыў? На гэта не зьвярталі ўвагі. У парушэньні яны бачылі толькі факт парушэньня і рэагавалі на гэты факт у цьвёрдай адпаведнасьці з прымітыўна-катэгарычным палажэньнем свайго закону. Прычына, што спарадзіла той ці іншы факт, іх не цікавіла, яны над ёй не задумваліся.

І толькі потым, праз шмат гадоў, калі пад ціскам рэпрэсіяў супраць іх многія злодзеі перакоўваліся ў «сук», а панажоўшчына стала масавай, у галовах законьнікаў зьявілася пэўнае прасьвятленьне: яны, нарэшце, зразумелі, што ня ўсякага «суку» трэба рэзаць і ня ўсякаму мужыку — выколваць вочы, што трэба перагледзець закон, іначай ім не пазьбегнуць самазьнішчэньня, што яны ўжо на мяжы самазьнішчэньня. Такое прасьвятленьне парадзіла сярод крымінальнікаў розныя меркаваньні і толкі, і ў выніку, адпаведна гэтым меркаваньням, некалі адзіны злачынны сьвет раскалоўся на шэсьць груповак, а менавіта:

«злодзеі ў законе»;
«сукі» — злодзеі, якія парушылі закон, але ня сталі служыць у карных органах;
«пяты блёк» — сукі, якія працуюць у сыстэме карных органаў;
«ракасоўцы» — злодзеі, якія служаць ці служылі ў войску;
«махноўцы» — злодзеі ў законе, але якія ставяцца да сук як да людзей;
«анархісты» — злодзеі ў законе, якія не ўваходзяць у ніводную з вышэйпералічаных груповак.

Стасункі паміж гэтымі групоўкамі былі часам вельмі складанымі, аднак панажоўшчына як форма высьвятленьня гэтых стасункаў, стала ўжывацца толькі адносна «пятага блёку». З гэтым блёкам у злодзеяў усіх масьцей міру не было, і ў сваім супрацьборстве зь ім яны, часта пакідаючы свае амбіцыі, аб’ядноўваліся з тымі мужыкамі, якія, абараняючы сваю чалавечую годнасьць так, як і яны, сьмела выступалі супраць крымінальнікаў «пятага блёку» як ланцуговых псоў адміністрацыі. Да такіх мужыкоў злодзеі пачалі ставіцца з павагай, прыслухоўвацца да іх думак, і калі знаходзілі меркаваньне слушным — то і потым не лічылі для сябе ганьбай рабіць так, як казалі мужыкі.

У лягерах пачынаў праклёўвацца для чэкістаў альянс злодзеяў і азлобленых мужыкоў, меркавалася кансалідацыя злачыннага сьвету на новых, больш разумных і дасканалых пачатках. Нядаўна «перавыхаваныя» мэтадам прымусу ліхія людзі маглі зноў апынуцца разам зь неперавыхаванымі, як кажуць, «вярнуцца на колы свае».

 

5 кастрычніка (аўторак) у Беларускім Калегіюме адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Рыгора Клімовіча «Канец Гарлагу». Прэзэнтацыя будзе праходзіць у бібліятэцы імя Янкі Купалы. Пачатак а 18.30. Мяркуецца ўдзел аўтара.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру