Добрыя намеры

 

Уладзімер Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое... Дапаможнік для настаўнікаў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1998. — 282 с.

 

Першае, пра што падумалася пасьля чытаньня — настаўнік беларускай мовы — гэта, як правіла, чалавек з вышэйшай філялягічнай адукацыяй. Значыць, праходзіў курс гістарычнай граматыкі беларускай мовы, адвольным пераказам якога і зьяўляецца гэтая кніга. Паўтарэньне — маці навучаньня. Хто супраць? Я за!

Хібы дапаможніка ня ў тым, што аўтар направа й налева без асаблівай патрэбы цытуе Энгельсавы развагі на лінгвістычныя тэмы, хоць пасьля гэтага, безумоўна таленавітага, навукоўца лінгвістыка зрабіла не адзін крок наперад. Праблема новага падручніка ў тым, што колькасьць памылак, што прытуліліся на ягоных старонках, перавышае ўсе нормы прыстойнасьці. Справа нават ня ў тым, што прыкладаў зь літоўскае мовы, якія фігуруюць у кнізе, не пазнала б родная матка. Невалоданьне мовамі, спасылкі на якія фігуруюць у якасьці прыкладаў — даўняя праблема навукоўцаў, якія займаюцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Ну, што з таго, калі вясковаму настаўніку сказаць, што па-літоўску «мова» гэта — «кольба», а ня «калба»? Нічога. Хто будзе спраўджваць? Ніхто! Хоць, па ідэі, гэта павінны былі зрабіць рэцэнзэнты, рэдактары і іншыя адказныя за выпуск кнігі людзі. Ды ну яе, гэтую літоўскую мову. Нам бы зь беларускай разабрацца.

На старонцы 54 Уладзімер Юрэвіч піша: «Доўга даводзілася беларускім кніжнікам хавацца ад царскай цэнзуры, апранаючы лацінскі «сурдут» (маецца на ўвазе выкарыстаньне лацінскага альфабэту. — А.А.), пакуль ня грымнула рэвалюцыя 1905—1907 гадоў і не абудзіла нацыянальную сьвядомасьць беларусаў». Чалавек, які прачытаў хрэстаматыю па гісторыі беларускай літаратуры, абавязкова прыгадае, што беларускія літаратары ня толькі сьвядома карысталіся лацінскім альфабэтам, але й змагаліся за права пісаць і друкавацца «лацінкаю». І непрыемнасьці беларускага друку за царскім часам узьнікалі менавіта з-за «схізматычнага» альфабэту, які, на думку бацькоў беларускай літаратуры, быў на той час нашмат больш даступным сялянам, чым тая кірыліца. Ад якой царскай цэнзуры хаваўся Кастусь Каліноўскі, які для сваёй «Мужыцкай праўды» абраў лацінку?

Уладзімер Юрэвіч забыўся згадаць і пра ўжываньне іншых альфабэтаў у гісторыі беларускага пісьменства. Сапраўды, навошта настаўніку лішнія зьвесткі пра нейкіх там азіятаў?

Як лінгвіст, сп. Юрэвіч, натуральна, здагадваецца, што альфабэт не вызначае і, больш таго, не ўплывае на самабытнасьць мовы. Па-беларуску можна пісаць хоць хіраганаю хоць катаканаю, абы цябе маглі прачытаць твае адрасаты. І як лінгвіст, ён разумее, што мова ня можа «страціць самастойнасьць», як і тое, што разьвіцьцё моваў, падзеленых дзяржаўнымі межамі, пры адсутнасьці сучасных сродкаў камунікацыі, ня можа весьціся «сумесна». Проста піша лінгвіст для настаўнікаў і, відаць, ставіцца да прадстаўнікоў гэтай прафэсіі, мякка кажучы, неадэкватна. Гэта ягонае права. Але які сэнс рабіць працу для людзей, якіх ты не паважаеш? Няўжо дзеля таго, каб табе адказалі ўзаемнасьцю?

Андранік Антанян


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0