трактоўкі

Андрэй ДЫНЬКО

Дзе вы, Шапіра?

 

Гэта было ў якім 85-м ці 86-м годзе. У перапынку матчу «Дынама» Менск — «Гурыя» Ланчхуці ўключылася абласное тэлебачаньне, перабіўшы праграму. Безаблічны дыктар вусьцішна сувора зачытаў інфармацыю абласнога ўпраўленьня КГБ пра раскрытую антысавецкую дзейнасьць грамадзяніна Шапіры. Далі слова й самому Шапіру, жыдзюку гадоў 25-ці. Той папрасіў прабачэньня ў гуманнай савецкай дзяржавы за свае аблуды і злачынствы, за прапаганду чалавеканенавісьніцкага вучэньня сіянізму і павініўся ў сувязі з замежнымі спэцслужбамі. Твар у Шапіры быў зямлісты, пад вачыма — фіялетавыя мяшкі, а голас — зрэзыгнаваны. На каяльцы была белая кашулька.

У чым была віна таго Шапіры? Мабыць, агітаваў выяжджаць у Ізраіль. Дзе ён цяпер? Ці то там, куды агітаваў, ці то «на берагах Патамаку».

Як памятае ён Беларусь? Бадай, і добра, і нядобра. Такія ўспаміны чалавечая памяць ахвотней выцясьняе, чым захоўвае — яны балючыя, у іх і згадкі пра фізычныя і псыхалягічныя катаваньні ў спратах гэбэ, пра дзьве здрады — здраду тых знаёмых, што на яго даказалі (гэтыя даносчыкі цяпер найхутчэй ужо самі выехаўшы да таго самага дзядзькі Сэма!), і яшчэ больш трудную, уласную — зламаўся, абгаварыў сябе й сяброў, таксама некага выдаў, купіўся на сулу. Неспакойныя спогады пра чужую бацькаўшчыну на фоне скамечаных юнацкіх парываньняў. Нішто мы не выцясьняем з памяці так апантана, як скамечаныя юнацкія парываньні. Хаця й лічыцца, што жыды лягчэй запамінаюць і лягчэй забываюць, што ім прасьцей мяняць погляды й пазыцыі, што яны і лёгка прысягаюцца, і лёгка бяруць пад ногі свае клятвы, дадзеныя гоям — але гэта толькі антысэміцкі стэрэатып.

Найхарошчае ў Берасьці — акацыі, найзапамінальнае для паўночнага вока — пірамідальныя таполі на бульварах, а самае паскуднае — салодкі й цёплы дух «южнарускага» губэрнскага гораду.

На хвіліну пакіньце мэтафізычны сьвет і ўявіце сабе Берасьце як чыстую матэрыю, як бяздушную зьяву матэрыяльнай прыроды. Уявіце сабе гэты касмадром расейскага фальшаваньня «сьцёртай зь ліца зямлі» тубыльскай рэчаіснасьці. Прадстаўце яго сабе з вышыні: імпэрыяльны вакзал, гатэль «Буг», парк імя 1 Мая («імя Мамая» — падпісалі на афішы), пірамідальны дуб за помнікам Міцкевічу, вуліцу Леванеўскага, забудаваную за польскім часам, «камітэт» у палацыку эпохі санацыі, фасад бяз шыльды, дубовыя дзьверы. 13 гадоў таму. Сядзіць дысыдэнт Шапіра ў белай кашульцы ў кабінэце, перад ім які маёр Карачанцаў. «Вас іспользавалі, молодой человек. Вы былі пабуждаемы лучшымі чуствамі, а те, кто сідят себе спакойна за граніцэй, вас проста іспользавалі».

Мне даводзілася ня раз спрачацца са сьцьвярджэньнямі, што ў Беларусі не было дысыдэнцкага руху. У адным маім Берасьці 10 баптыстаў прайшлі ў 60—80-х праз пакуту Сібір. А жыдоўская грамада, што зьбірала подпісы супраць перабудовы сынагогі ў кінатэатар (sic!) «Беларусь»? А рэшткі падпольля Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, што засталіся ад партызанскага войска 40-х?.. «Ці гэтыя людзі ідэнтыфікавалі сябе зь Беларусяй?» — зь бездакорнай польскай зьедлівасьцю спыталася ў мяне такая пані Сасноўска. Што было адказаць? Жыды цяпер на Ярдане, украінцы паўміралі, не пакінуўшы нашчадкаў. Эвангелісты, у тым ліку й былыя вязьні, збольшага ў Амэрыцы, а іх знакамітыя пабудаваныя ў 80-х двухпавярховікі на Бярозаўцы, гэтым бастыёне берасьцейскага баптызму, паскуплівалі авантурысты-багатыры 90-х (існавала ў савецкай Беларусі нейкая маўклівая недазволенасьць пабудовы прыватнага дому двухпавярховым, і першым яе парушылі якраз хрысьціяне веры эвангельскай — ёсьць у гэтым сымболіка). Для мяне ўсё ж адказ адназначны. Гэта былі беларускія дысыдэнты. Беларусь — гэта ня толькі праваслаўныя плюс каталікі, або людзі расейскай культуры плюс людзі беларускай культуры, або нігілісты плюс нацыяналісты. Мая Беларусь — гэта і баптысты, і жыды, і бандэраўцы, і яшчэ Бог знае хто, а сьціраньне гэтага шматгалосься было і ёсьць адной з найпершых каляніяльных стратэгіяў. Гэта не «яны не ідэнтыфікуюць сябе» зь Беларусяй, гэта калянізаваная беларуская сьвядомасьць не атаясамлівае сябе зь імі і ня хоча іх прысабечыць. Або так: яны атасаемляюць сябе зь Беларусяй настолькі, наколькі Беларусь ідэнтыфікуе сябе з сабой (а праблема лібэральнай і аб’ектыўнай пазыцыі пані Сасноўскай у яе ўпэўненасьці, што status quo -- гэта правільна, у яе бесстароннасьці; да каляніяльнай калізіі нельга падысьці бесстароньне, іначай тым самым ты стаеш на пазыцыі калянізатараў).

Ні разу за 10 гадоў ніводзін Лукашэнка ня выступіў з заклікам да жыдоў, не прыкланіўся перад імі, ня стаў на калені: мілыя вы нашы сіяністы, заставайцеся, вы — спэцыялісты, якіх нам няма кім замяніць. У расейскай традыцыі маўчаньне — знак згоды, у беларускай і некатэгарычная адмова — знак згоды, але гэта ўжо дыгрэсія.

Баптыстаў з маўклівай згоды азызлых прадстаўнікоў «традыцыйнай канфэсіі» ў афіцыйных СМІ іначай як «сэктантамі» не называюць. Урадавая прэса часта плача пра выезд «славянскага» насельніцтва з Цэнтральнай Азіі, але маўчыць пра дзясяткі тысяч самых працавітых работнікаў — жыдоў, баптыстаў, адукаваных спэцыялістаў, што памянялі Беларусь на краіны вольнага сьвету. Зрэшты, у гэтым ужо — палітыка.

Ня памятаю імя таго Шапіры, помню прозьвішча і сваё зьдзіўленьне: выходзіць, і аднаклясьнік Сашка Шапіра, і трэнэр з шахматнай школы Ўладзімер Ісакавіч Шапіра — жыды. Савецкая школа выхоўвала зычлівае стаўленьне да ўсіх — у сэнсе, што няма ні жыда, ні беларуса, ёсьць савецкія людзі. Гэтае ўзятае з падручнікаў перакананьне было ўва мне, падлетку, мацнейшым за ўласьцівае бацькам пачуцьцё сялянскага антысэмітызму, знаёмае ня толькі з бабіных расповедаў пра тое, як жыды кідаюць малых у бочку зь цьвікамі й бяруць зь іх кроў. Але піянэрская адсутнасьць стаўленьня была магчымая толькі ва ўмовах стэрыльнага кніжнага сьвету выдатніка, сьвету ідэальнай сацыялістычнай мары, які немінуча рассыпаецца па меры праяўленьня другасных полавых прыкметаў і зараджэньня самастойнага мысьленьня. Адзін выгляд таго маладога габрэйчыка, змардаванага, маральна расьпятага, выклікаў — найперш абурэньне гэтым баязьлівым здраднікам радзімы, бо спэктакаль усё-ткі быў добра пастаўлены — але й вострую рэфлексію. Сьвет, які, здавалася малому раней, складаецца зь дзьвюх сфэраў: добрай, натуральнай, вечнай — сфэры бацькоў, настаўнікаў, газэт, кніг і злой, няправільнай, але часовай — да якой належаць злыя старшаклясьнікі, што пераходзяць ля спортпляцоўкі першаклясьнікаў і сшыбаюць капейкі, належыць таксама сквапная Нініна цешча, што гандлюе кветкамі на базары, належыць неахайная баба Гандзя (далёка не Індзіра), якая зьбірае бутэлькі на пляжы. Выходзіла, гэтым бінарным сьветам не вычэрпваецца жыцьцё: прычым не ў гіпатэтычнай Маскве ці на радыё «Свабода», а ў Берасьці, дзе, здавалася, няма дзьвюх неаднолькавых цаглінаў, недзе ў глыбі дамоў, а мо пад зямлёй, існуе трэці сьвет, невядомы, які, вось галоўнае, цалкам адмаўляе архепарадак гэтага, што з аднолькавай цэглы, і змагаецца за невядомую альтэрнатыву. Сам гэты факт паралельнага жыцьця прымушаў думаць. Сам адзін няўдалы баец руйнаваў сьвет.

Чым былі для Берасьця тыя дысыдэнты? Што для Берасьця наш сёньняшні дысэнт? Мучыцелі Шапіраў цяпер на пэрсанальных пэнсіях. Ніхто зь іх ня выйшаў пакаяцца ў перапынку матчу Беларусь — Італія. Гэта, зрэшты, ужо маралізатарства. Але маем права — яшчэ пара месяцаў да канца стагодзьдзя маралізатарства.

Баптысты мусілі выехаць, бо не хацелі сустракацца на вуліцах з тымі героямі працы, што білі іх мяшкамі зь пяском па нырках. А вось Славаміру Адамовічу прасьцей. Ён ужо наўрад ці натыркнецца на таго, які прыкоўваў яго да турэмнага ложку: цяпер аўтамабілізацыя, «гольфы» і «бээмвухі», новыя сталёвыя целы чалавека і іншая лірыка тэхнічнага прагрэсу. Прагрэс, прагрэс, ва ўсіх абласьцях навукі і тэхнікі — прагрэс, толькі нашы жыды да нас не вяртаюцца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0