04.10.1999 / 13:00

Валеры Шчукін: «Адпачываю на Акрэсьціна»

№ 25 (146), 1999 г.


 

Валеры Шчукін:
«Адпачываю на Акрэсьціна»

 

Дэпутата й дысыдэнта Валер’я Шчукіна я вызваніла ў Менску не адразу. Гэткую няўлоўнасьць некаторыя тлумачылі мне тым, што Шчукін нібыта зьбіраўся зьехаць у адпачынак. «Мой адпачынак ад мяне мала залежыць: звычайна я ежджу адпачываць на Акрэсьціна*», — сказаў мне сам сп.Шчукін, калі я ўсё ж знайшла яго.

 

— Распавядзіце, калі ласка, пра сваё маленства. Што, на Вашую думку, найбольш паўплывала на фармаваньне той асобы, якую мы ведаем?

— Нарадзіўся я ва Ўладзівастоку. Бацька ў мяне расеец, маці беларуска. Ва Ўладзівастоку я скончыў першы кляс. На пачатку другога я прыехаў у Беларусь, на радзіму-маці, у Талачынскі раён. Скончыў пачатковую школу на беларускай мове. Маці чамусьці вельмі хацела, каб я вучыўся на расейскай. Гэта была адна з прычынаў таго, што мяне прывезьлі ў Менск.

Бацькі мяне вучылі не супраціўляцца нічому. Вучылі, наадварот, саступаць, ня лезьці на ражон. 37-ы год настолькі адбіўся на маім бацьку — не таму, што яго арыштавалі, а таму, каб... не адкрываць роту. Нават у наш час (ён ужо памёр, бацька), калі можна было ўсё, што хочаш гаварыць, мы зь ім на кухні сядзім, гаворым — і то ён не хацеў улазіць у мінулае, не любіў, калі распавядалі палітычныя анэкдоты. Натуральна, гэта і мне перадавалася. Я ўступіў у жыцьцё не гатовым да жыцьця. Але армія зрабіла сёе-тое, і жонка паўплывала... І цяпер маем тое, што маем. Я, якім вы мяне ведаеце — гэта маё ўласнае вынаходніцтва.

Я не зьбіраўся быць вайскоўцам. У 15 гадоў пайшоў на працу. Працаваў па восем гадзінаў, не па чатыры, як цяпер. Закон, што дзеці да шаснаццаці працуюць па чатыры гадзіны, выйшаў, калі мне ўжо быў 19-ы год. «Укалваў» тут, у Менску, на заводзе буддэталяў, сьлесарам. Тры гады, пакуль не пайшоў у 18 гадоў у войска. Канфлікт з бацькамі (я хацеў самастойнасьці, а яны спрабавалі мяне абмежаваць) выклікаў жаданьне сысьці. Прычым — куды заўгодна сысьці. Я мог і на цаліну паехаць. Але тут мяне выклікалі ў ваенкамат і прапанавалі служыць у войску. Ім якраз прыйшла разнарадка. Я ткнуў пальцам...

 

— Наўздагад?

— Ну, не зусім наўздагад! Ваенна-марская вучэльня мне была больш па душы.

 

— Вернемся да сучаснасьці. Вы змаглі сумясьціць тое, што шмат каму здаецца несумяшчальным: камунізм і абарону нацыянальных інтарэсаў. Гэта што, новы «нацыянал-камунізм» альбо, скажам, «камуністычны нацыяналізм»?

— А чаму Вы лічыце гэта несумяшчальным?

 

— Бо ў нас звыклі трактаваць інтэрнацыяналізм, савецкі інтэрнацыяналізм як нешта супрацьлеглае нацыянальным інтарэсам невялікіх народаў.

— Інтэрнацыяналізм мае на ўвазе салідарнасьць рабочых, бо ў буржуазіі — гаворачы маёй камуністычнай мовай — салідарнасьць была, ёсьць і будзе. Мафія інтэрнацыянальная. Буржуазія інтэрнацыянальная, яна ўкладае свае капіталы там, дзе ёй выгадна, незалежна ад нацыянальнай мяжы. А рабочых розных нацыянальнасьцяў цкуюць адных на адных. У гэтым сэнсе я інтэрнацыяналіст. Калі нам, скажам, аказваюць дапамогу польскія прафсаюзы — гэта ж таксама інтэрнацыяналізм.

Адзінае, што цяпер цяжэй нешта вызначаць з клясавага пункту гледжаньня. Сам я з паходжаньня рабочы, мае бацькі былі рабочымі. Але цяпер трохі іншая сытуацыя, чым калі я быў малы. Цяпер няма чыстага падзелу грамадзтва на клясы: вось гэта рабочы, гэта інтэлігенцыя. Хто, дапусьцім, такі інжынэр-кампутаршчык — рабочы ці інтэлігенцыя? Нават інжынэра, які на заводзе працуе, яшчэ пытаньне, ці можна назваць інтэлігенцыяй. Сёньня клясы перамяшаліся. Таму гаварыць пра інтэрнацыяналізм у клясавым разуменьні ўжо не выпадае. Цяпер што датычыць нацыяналізму, як Вы яго называеце. Я не адстойваю нацыяналізму. Я адстойваю правы людзей, гарантаваныя і Канстытуцыяй, і міжнароднымі нормамі, і ўвогуле чалавечым паняцьцем. Чалавек мае права. І ў гэтым сэнсе чалавек мае права, у тым ліку, і ствараць дзяржаву ў маштабах Беларусі — і нават у маштабе Менскай губэрні. Іншая справа, што я не прыхільнік гэтага. Я ведаю, што разам таньней і лепей жыць. Амэрыка лепей жыве, бо гэта вялікая дзяржава.

Сёньня я адстойваю ня столькі незалежную Беларусь, колькі права людзей жыць так, як яны хочуць. Калі беларусы хочуць жыць асобна, значыць, будуць жыць асобна. Камунізм дрэнны не таму, што ён камунізм, што ідэя кепская. Дрэнны ён таму, што яго насаджалі сілай. Чалавек павінен сам вырашаць. За каго Вам выходзіць замуж, Вы вырашаеце самі. Вы можаце пяць разоў памыліцца. Магчыма, бацькі лепей вырашаць, чым Вы. Але выдаваць Вас сілай замуж бацькі ўжо ня могуць.

Чаму ў нас сёньня праблемы? Лукашэнка спрабуе сілай зацягнуць усіх у саюз, нешта цішком падпісвае. Вядома, я адмаўляю такое, бо ў мяне ж не пытаюцца! Я адмаўляю ўсё, што робіцца негалосна.

Вось апублікавалі, што Ярмошын выдзяляе кожнай сям’і, якая мае трох дзяцей і больш і ў якой на чалавека прыпадае менш мінімальнага бюджэту, па 5 мільёнаў рублёў. З аднаго боку, гэта добра. А з другога — ты мяне прабач, а зь якіх сродкаў? У бюджэце гэта не закладзена. Значыць, ён гэтыя грошы, якія не ягоныя, а нашы, разьмяркоўвае, як хоча. Гэта нават не гарсавет вырашыў! Замест таго, умоўна кажучы, каб даць кожнаму нармальную зарплату, пэнсію, ён дэманструе: «Я харошы».

 

— Вы ўваходзіце ў камісію па справе Ганчара і Красоўскага, створаную Вярхоўным Саветам. Як ідзе расьсьледаваньне?

— Камісія стваралася не для таго, каб праводзіць паралельнае расьсьледаваньне. Для гэтага трэба пэўныя сілы і сродкі. Камісія стваралася, каб падштурхоўваць улады і супрацоўнічаць зь імі. Мы пачалі з афіцыйнага ліста міністру ўнутраных справаў; правялі акцыю з уручэньнем патрабаваньня. У той жа дзень узбудзілі крымінальную справу. А перад тым ішло расьсьледаваньне ў рамках вышуковай справы. Гэта абсалютна розныя мерапрыемствы. Мы ўлады падштурхнулі. Бо ўлады ня хочуць займацца гэтым як сьлед. Адбылося палітычнае выкраданьне — наша вэрсія такая. Улады фармулёўкі «палітычнае выкраданьне» чамусьці ўпарта пазьбягаюць. Яны ўсё што хочаш могуць сказаць, у тым ліку і «загуляў», «запіў», «бандыты расправіліся» — акрамя аднаго. Аб тым, што правільнай ёсьць вэрсія аб палітычным выкраданьні, сьведчыць той шум-гам, які паднялі зь Вільняй. Хлопец, які «бачыў Ганчара», уяўленьня ня мае, ён там ня быў. Савецкі райаддзел увогуле «віленскі варыянт» адхіляе. Чаму ён, гэты самы Васільчанка, напісаў пра Ганчара — халера яго знае. Нібыта аўдыёзапіс у яго ёсьць... Але чаму надрукаваў у «Белорусской ниве»?.. Чаму пабег у чужую газэту стукацца, ня ў свой «Частный детектив»? І тыя зьвесткі неадкладна пачынае распаўсюджваць Беларускае тэлебачаньне. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады спрабуюць завесьці некуды ў бок...

 

— Перад шэсьцем прафсаюзаў 30 верасьня Вы сказалі, што пойдзеце ў калёне разам з рабочымі МТЗ. Чаму менавіта з рабочымі, а ня з прэсай?

— Чакай, а дзе прэса звычайна ідзе?

 

— Сваёй купкай...

— А, вось што! Я — адзіны дэпутат-рабочы, атрымліваецца. Я ж пасьля таго, як звольніўся з войска, пайшоў працаваць трактарыстам. Восем гадоў працаваў трактарыстам. У гэтым сэнсе я адзіны дэпутат ад станка. Вылез з-пад трактара, выцер рукі... Калі праходзілі выбары, я ж быў трактарыстам. А калі мяне абралі дэпутатам і, нарэшце, трэ было прыехаць у Менск — я выцер рукі, здаў трактар і паехаў у Менск. У гэтым сэнсе трактарабудаўнікі мне бліжэйшыя.

 

— Колькасьць Вашых адміністратыўных «адседак» за апошнія пару гадоў такая, што ўжо цягне на крымінальную справу...

— Даўно ўжо!

 

— Як Вы лічыце, яны ўсё ж баяцца чапаць Вас?

— Думаю, што баяцца. Баяцца пратэстаў, розгаласу. За што пасадзіць мяне? За тое, што ішоў са сьцягам? Клімаву прыпісваюць крымінальшчыну — грошы, Кудзінаву — хабар, Чыгіру — невяртаньне крэдытаў, Ганчару — нейкія там грошы таксама. Але я ж, прабач, атрымліваю пэнсію ды ганарары за тое, што пісаў. Мне грошы не прышыеш. За што мяне ні пасадзі, гэта ж адназначна будзе палітычная справа. Калі толькі нешта прыпісаць... Хоць — былі прыпісалі! Апошні раз, калі я бунтаваў, што мяне не пускалі ў суд, я насамрэч супраціўляўся міліцыі — яе незаконным дзеяньням. Могуць, могуць прыпісаць! Але гэтыя абвінавачваньні рана ці позна рассыпаюцца ўшчэнт.

 

— А Вы не баіцеся жыць у нашай краіне? І як мяркуеце: бліжэйшым часам ці змогуць улады і апазыцыя пра нешта дамовіцца?

— Я — салдат. Я 27 гадоў вучыўся ваяваць. Умець ваяваць — гэта ня значыць умець страляць альбо запускаць ракеты. Гэта гатовасьць ісьці пад кулі, калі вобразна казаць. Дзе небясьпечна, туды ідзеш. Я за гэта грошы атрымліваў. Ты можаш баяцца, хавацца, але калі трэба туды ісьці й там небясьпечна, дык я ня маю права хавацца. Я павінен ісьці, пакуль хаваюцца астатнія, несалдаты. Больш, я з усіх дэпутатаў адзіны кадравы вайсковец. Сярод усіх астатніх званьні і вышэйшыя за маё ёсьць, але яны — міліцыя, пракуратура... Яшчэ адзін кадравы афіцэр з войска — Шпакаў, але ён у «палаце». Дык каму, калі ня мне, ісьці наперад?! Кадравая армія павінна стрымаць праціўніка да таго моманту, пакуль змабілізуюць астатніх. Гэтак і я сёньня. Пакуль я адзіны, але, калі змабілізуюцца ўсе, будзе лягчэй.

Перамовы з Лукашэнкам ня маюць сэнсу. Зь ім размаўляць няможна. Яго можна толькі прымушаць. Але справа ў тым, што мы ня можам прымусіць. Прымусіць можна, калі нас выйдзе 100, 200 тысячаў. Але, тым ня менш, у нас два шляхі: альбо браць аўтамат і ісьці на барыкады — альбо садзіцца за стол перамоваў. Аўтаматы ўся апазыцыя адмаўляе адназначна. Што б там Лукашэнка ні казаў, ніхто не заклікае народ на барыкады. Мір лепшы. Але нешта ж трэба рабіць. Нічога не рабіць зусім нельга! Гэтыя перамовы будуць заваленыя, нічым ня скончацца. Я адмыслова ня лезу сам у перамоўны працэс. Навошта гэта мне? Браць удзел у гэтых перамовах — тое самае, што пісаць у сьметніцу. Вядома, набіраесься досьведу, нешта застаецца, тэма ўсё адно не прападае, калі-небудзь ты яе па-іншаму распрацуеш — але ж у сьметніцу! Вось я й ня лезу... З Лукашэнкам трэба як Хрушчоў: выходзіць на трыбуну, і ботам: «Я табе пакажу кузькіну маць!» Зь ім толькі так трэба размаўляць. Па-іншаму немагчыма.

Гутарыла Тацяна Сьнітко

 

*На вуліцы Акрэсьціна ў Менску знаходзіцца міліцэйскі прыёмнік-разьмеркавальнік, куды зазвычай прывозяць затрыманых удзельнікаў апазыцыйных акцыяў.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру