Весткі зь Літвы

 

Клопат пра продкаў

Літва дамагаецца, каб Расея даглядала магілы людзей, якіх у часы Сталіна (1940—1952) павывозілі з тэрыторыі цяперашняй Літоўскай Рэспублікі і парасстрэльвалі ў Расеі. Такіх людзей налічваюць каля 300 тысячаў. Займаецца гэтым літоўскае міністэрства культуры. Яно рыхтуе праект адмысловае дамовы для міжурадавай літоўска-расейскай камісіі. Пра гэта ўсё ў чацьвер распавёў сябра Сэйму Антанас Стасішкіс, які ўзначальвае камісію па правах і справах удзельнікаў супраціву акупацыйным рэжымам і асобаў, што пацярпелі ад акупацыі. Выступ Стасішкіса навёў на такія думкі: колькі было пацярпелых беларусаў; эх, такую б камісію нам, бо ў нас нават лічба тых рэпрэсаваных пад сакрэтам; ці існуе ў расейцаў такое паняцьце як догляд могілак. Бо іншы раз і ў Беларусі бачыш занядбаныя або безаблічныя клады, што койкі ў казарме. Літоўцы ж гэтую справу ведаюць сьвята — тут на могілках зазвычай найлепшыя мясьцінкі ў гарадох і вёсках. Продкаў любяць.

 

На беларускі час

31 кастрычніка час у Літве пераводзіць ня будуць. Пажыўшы два гады ў цэнтральнаэўрапейскім часавым пасе (разам з Польшчай і Чэхіяй), краіна вернецца да свайго «прыроднага» часу і будзе жыць разам зь Беларусяй — паміж Масквой і Варшавай.

 

Зноў пра Моніку Лявінскі

Гэтай вясной на першага красавіка ў маскоўскім «Огоньку» была цэлая споведзь нейкага чалавека зь Бешанковічаў, які выдаваў сябе за роднага дзядзьку Монікі — каханкі Клінтана. Праўда, часопіс папярэджваў, што друкуе гэта на правах 1 красавіка. Вось жа літоўцы ўзяліся за гэтае дзела больш грунтоўна — палезьлі ў архівы і высьветлілі, што дзед Монікі па маці — Самуэль Віленскі, зьбег напярэдадні другой сусьветнай вайны ад сталінскага тэрору. У амэрыканскіх архівах ёсьць ягоныя дакумэнты пра тое, што нарадзіўся ён у 1904 годзе ў Троках. Літоўскія архівісты кінуліся шукаць у троцкіх архівах і ў кнігах жыдоўскіх суполак, але ніякага Віленскага не знайшлі — ні там, ні дзе-кольвек у Літве. Значыць, зрабілі выснову, ён сам схлусіў пра Трокі, калі падаваў зьвесткі на амэрыканскае грамадзянства. Тады ўзяліся за сям’ю дзеда Монікі па бацьку, тых, што ўцяклі ад Гітлера зь Нямеччыны. Іхнае прозьвішча яшчэ цікавейшае — Палешукі. Жонка нашага Самуэля Броня Паляшук з гэтай сям’і ў дакумэнтах казала, што ейны мужык паходзіць з Расеі, але канкрэтнага гораду не ўказала. Тады архівісты зьвярнуліся да «Слоўніку жыдоўскіх фаміліяў Расейскай Імпэрыі» і знайшлі, што нашы Віленскія паходзяць з Рэчыцы. Праўда, прозьвішча іхнае сьведчыць пра яшчэ ранейшае паходжаньне зь Віленшчыны. Далей усё было проста. Самуэль і Броня нарадзілі ў 47-м годзе Марцю — будучую матку Монікі, якая зьявіцца на сьвет праз 25 гадоў. А што там было пасьля, вы ўсе добра ведаеце ці, прынамсі, здагадваецеся.

Ліцьвін

Падрабляюць нашу гарэлку

«Наша Ніва» ня раз пісала, што Літву запаланіла беларуская гарэлка, якую прывозяць кантрабандай. Набраў якога «Панскага двара» па паўдаляру, а прадасі ў Вільні па два з паловай, бо свая заводзкая гарэлка ў Літве каштуе ажно пад пяць даляраў за паўлітру. Вось жа апошнім часам літоўскія ўлады надта сталі ганяць кантрабандыстаў — ажно дзесяць крымінальных справаў завялі. Дык мясцовыя «бізьнясьмены» вось што прыдумалі — сталі ў беларускія бутэлькі разьліваць звычайную літоўскую самагонку. Празь мяжу перавозіць, рызыкаваць ня трэба, а прыбытак яшчэ большы. Вось што значыць марка беларускай гарэлкі — надзейная абарона і аўтарытэт для таннага тавару.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0