Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Горад — млын сьвядомасьці

Urbis at orbis urbs

 

Уррр-бс... Нешта «ўтробнае», вантробнае ў самім слове. Рыканьне неабдымнай пачвары, якая стравуе ў сваім чэраве мільярды разумных мікраарганізмаў, нібыта кіт — засмактаны плянктон...

Эколягі называюць мэгаполісы чорнымі дзіркамі цывілізацыі. Від Homo Sapiens тут перавысіў адведзеную прыродай мяжу папуляцыі ў тры разы. Уключыліся мэханізмы рэгуляваньня — унутрывідавая агрэсія, падзеньне нараджальнасьці, зьніжэньне імунітэту, хваробы, небясьпечныя штукарствы... І чорныя дэмаграфічныя дзіркі мэгаполісаў засмоктваюць здольную да рэпрадукцыяў здаровую правінцыйную моладзь і асуджаюць на бясплённае згасаньне па інтэрнатах. Мая маці нейкі час працавала выхавацелькай у заводзкім інтэрнаце. Дасюль памятаю тужлівыя вечары танцаў (тады яшчэ не дыскатэкі), калі на радыёле «Сэрэнада» пракручвалі кружэлкі Ларысы Мондрус і аркестру Поля Марыа. Інтэрнатаўцы ў сініх ваўняных нагавіцах-клёш прыглядаліся да нешматлікіх сагнаных ім да пары дзевак — а раптам прыйшла якая «гарадзкая». Але прыходзілі зазвычай адны перасьпелыя інтэрнатаўкі.

 

 

Урбанізацыя. 1. Гістарычны працэс, зьвязаны з канцэнтрацыяй насельніцтва, эканамічнага і культурнага жыцьця ў буйных гарадах.

 

 

Урбан, папа Рымскі... Іх, Урбанаў, здаецца, было некалькі. Ці ня папу з такім імем Бэнвэнута Чэліні дарыў свае забаўкі-шэдэўры, каб заручыцца падтрымкай найвышэйшай духоўнай улады пасьля ўчыненых вялікім ювэлірам паскудзтваў? Найменшым зь якіх было разьбіцьцё носу вялікаму скульптару Мікелянджэлё Буанароці.

Праўда, наданьне носу Мікелянджэлё вытанчанай формы — зь якой ён і адбіўся ў люстэрку гісторыі — можа разглядацца як мастакоўская акцыя. Артэфакт.

А можа, я нешта блытаю, і нос Мікелянджэлё разьбіў нейкі іншы вялікі мастак?

Але вось што я дакладна блытаю — дык гэта пра папу Ўрбана. Зусім не яму дарыў Бэнвэнута свае бліскучыя цацкі і цалаваў у залатую пантофлю. Аказваецца, іх, папаў эпохі Бэнвэнута, было ажно два — Клімэнт ІІ і Павал ІІІ. Першаму зь іх шалёны Бэнвэнута біў манэты, а другі ўпёк-такі майстра ў турму.

А вось пра папу рымскага Ўрбана — хаця б аднаго — я так нічога і ня ўспомніла... Затое Рым!.. Рым — горад гарадоў, горад-сьвет. Рымская імпэрыя... Імпануе найбольш фактам, што ўрэшце развалілася. Хто дзьве тысячы гадоў таму мог у гэта паверыць? Блюзьнерства... Празь пятнаццаць стагодзьдзяў Пэтрарка будзе хадзіць на развалінах Сусьветнага гораду, выкалупваць з друзу адбітыя мармуровыя канечнасьці багоў і гадаць, каму канкрэтна яны належалі... Сьмяцьцё Рымскай імпэрыі, якое зацерушыла ўсю эўрапейскую цывілізацыю. Сьмяцьцё гораду — ежа гісторыі. Менавіта на ім археолягі вырошчваюць свае самыя даставерныя міты.

 

Урбанскі... Квадратна-мэталёвы камуніст зь фільму «Камуніст». Чалавек-плякат. Біцэпсы, трыцэпсы, сталёвыя сківіцы. Камуніст-Урбанскі будаваў сярод скіцкай стэпавай Расеі савецкі горад. Сюжэту ня памятаю. Памятаю толькі сцэну, калі ашалелыя ад плыні марксісцка-ленінскай інфармацыі і дармовай ламавой працы працавікі адмовіліся выйсьці з бараку валіць лес на пабудову сьветлай будучыні. І магутны Камуніст-Урбанскі рушыў выконваць сацплян сам. Аголены торс па-культурысцку напружваецца, вялізныя дрэвы трашчаць і валяцца вакол мужнага героя... Лесуны зь віскам шугаюць у дальнія кусты... Не, наконт лесуноў я зноў блытаю. Якія лесуны ў сацрэалізьме? Але прысаромленыя працавікі выпаўзьлі з бараку і пакорліва пабраліся за сякеры. Гэпі-энд.

Праўда, пры канцы Камуніста такі прыстрэлілі ворагі народу.

Урбанскі таксама загінуў. Не магу дэталізаваць, але трагічна і заўчасна, здаецца, пад час нейкіх здымак.

Гэта да таго, што людзі падзяляюцца на гарызантальных і вэртыкальных, а вэртыкальныя выхоўваюцца толькі ў горадзе. Не, нарадзіцца яны могуць і ў вёсцы. Але выхоўваюцца ў горадзе. Менавіта вэртыкальная сьвядомасьць дазваляе чалавеку прагрэсаваць і ствараць тое, што называецца цывілізацыяй.

Нездарма сталічныя дэпутаты любяць балятавацца ў закінутых вясковых акругах. Вэртыкальнага чалавека ня так проста сагнуць.

Вось толькі ў кантэксьце беларускай рэальнасьці вэртыкальных людзей адзін адсотак з усіх, хто лічыцца гараджанамі. Таму што беларускія гарады насяляюць у большасьці гарызантальныя людзі. Яны пагалоўна ўмеюць саджаць бульбу і вырошчваць памідорную рассаду. Паглядзіце, як яны шчыруюць на лецішчах, зь якой асалодай закатваюць слоікі з кампотам! Трымаюцца за лапікі зямлі ў вазонах, на газонах... Наша сталіца цісьнецца да зямлі, угінаецца ў яе прысадзістымі каржакаватымі камяніцамі. Нават помнік Перамогі панізіўся на скрадзеныя пад час транспартаваньня невядома кім і нашто два фрагмэнты. Спальныя мікрараёны распаўзаюцца шэрымі бэтоннымі чарвякамі, яны нагадваюць плесьню, што харчуецца высмактанай зь мікралюдзей энэргіяй і часам.

У прыродзе чалавека — ствараць вэртыкаль.

Татэмны слуп, эгіпэцкая піраміда, славянскі курган... Як апатэоз — сучасны мэгаполіс. У Эдэме не было штучна створанай вэртыкалі... Ці значыць гэта, што цывілізацыя ўвогуле — паталёгія, штучнасьць? Хто ў такім выпадку мы, дзеці гораду, што ня ведаем, як садзіць бульбу?

Вышэйзгаданы эпізод пра нос Мікелянджэлё вычытаны ў кнізе філёзафа Аляксея Лосева. Страшэнна мяне абуралі ягоныя «раскрыцьці». Так, Вэнэра Батычэлі, паводле Лосева, — прыклад зьмены ў мастакоў жаночага ідэалу, калі замест здаровай цялеснай кабеты, узгадаванай на беспэстыцыднай ежы прадмесьцяў, прыходзіць сухотная, рахітычная гараджанка... Я не магла дараваць шаноўнаму філёзафу такіх эпітэтаў у адносінах да вобразу, які мне «адгукаецца». Прайшло досыць шмат часу, каб я зьмірылася з прызнаньнем паталёгіі Батычэлевай Вэнэры, гадаванкі сярэднявечнай камяніцы без ватэрклязэту. Я ня ведала, што мне давядзецца вучыцца ў жонкі шаноўнага Лосева, Тахо-Годзі, і слухаць у выкананьні яе раскацістага кантральта «Іліяду» на старажытнагрэцкай. Дык вось, у Тахо-Годзі ёсьць думка, што чалавеку любога дэмакратычнага грамадзтва ўласьціва міта-рытарычнае мысьленьне, якое зьяўляецца падмуркам унутрыпсыхічнага заняволеньня. Менавіта таму дэмакратыя, што перамагае на хвалях высокіх духоўных ідэалаў і энтузіязму, аказваецца бясплённай, няздольнай да разьвіцьця і ўвасабленьня сваіх дэклярацыяў. Нездарма ж такая зьява, як контракультура, існуе і ў самым дэмакратычным грамадзтве, і зь ня меншым рэзанансам і жарсьцю.

Толькі ў горадзе магчымае існаваньне контракультуры, андэграўнду. Таму што для шматслойнай культуры мусяць існаваць паверхі.

Між намі і зямлёю мусяць існаваць паверхі. Дзіўна адчуваю сябе ў вясковых дамах і на чужых лецішчах (свайго ня маю).

 

 

Урбанізм. Накірунак архітэктуры ХХ ст. Сфармуляваў Лё Карбюзье. Цытую з памяці, але гэта практычна ўся інфармацыя на тэму, бо архітэктурнае аддзяленьне сканчала вельмі даўно...

 

 

Урбанізацыя. 2. Пашырэньне рысаў, асаблівасьцяў, уласьцівых гораду, на вясковае жыцьцё. (Гэта я зноў, як ты разумееш, шаноўны чытачу, залезла ў слоўнік.)

Вёска глядзіць дзясяткамі вачэй, цікуе, унармоўвае, абмяркоўвае, судзіць і прысуджвае. У горадзе ты — вольны, калі гэта твой горад. Бо цябе ніхто ня ведае. Ты паскудзіш выпадковаму чалавеку з упэўненасьцю, што ніколі больш яго не сустрэнеш. Ты — такая маленькая інфармацыйная адзінка, што не ўспрымаесься асобна. Таму ў горадзе гарадуюцца індывідуалісты.

 

 

Ураборас — зьмяя, што зьядае свой хвост. Сымбаль альхімікаў і пэрсанаж скандынаўскай міталёгіі. Калі настане зьмярканьне багоў, зьмей Ураборас праглыне зямлю, а воўк Фрэнір — сонца. Горад-Ураборас таксама зьядае сам сябе, вечна заключаны ў кальцавую дарогу. Ён расьце, растуць яго могілкі, растуць яго звалкі, каналізацыйныя трубы.

У маёй тэорыі літаратурнага беларускага міту горад, як асяродзьдзе існаваньня абагуленага героя — прадстаўніка нацыі, займае ў сучаснай паэзіі месца традыцыйнай міталягемы балота, няпэўнага, з прыхаванымі безданямі, варожымі духамі... І натуральным месцам жыцьця.

Мы застаемся людзьмі на балоце. Бо наш горад, як наша балота.

У адрозьненьне ад пчолаў, тэрмітаў ды іншай інсэкты, існаваньне ў сумежных ячэйках разьядноўвае гома ўрбаніс.

У Эдэме была натуральная вэртыкаль — сувязь з Айцом Нябесным.

Штучна створаная вэртыкаль пасьляэдэмскага чалавецтва — або закліканая замяніць тую, натуральную сувязь зь небам, або палегчыць яе аднаўленьне?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0