Тацяна СЬНІТКО

Independenza

 

Бронзавая дзяўчына лёгка-лёгка бяжыць на бронзавых хвалях проці ветру. Яна ўскідвае рукі над галавой — і ў іх трымціць, як ветразь, ускраек нябёсаў.

 

Independenza, мальтыйская статуя Свабоды, сапраўды нагадвае Грынаў пэрсанаж — Фрэзі Грант. Гэта зусім не грандыёзны, паводле нашых мерак, манумэнт, але ён — помнік Незалежнасьці. Напачатку я доўга не магла асэнсаваць дзіўную рэч: чаму сярод мноства тутэйшых помнікаў даўніны менавіта дзяўчына, што «бяжыць па хвалях», адклалася ў маёй сьвядомасьці, як мой асабісты сымбаль Мальты. Рэч ня ў тым, што краіне-кропачцы вельмі пасуе Грынаў сымбаль. Рэч у тым, што міжволі вылучыць з сотняў помнікаў Вобраз Волі можа, напэўна, толькі беларус, якому Independenza на плошчы можа толькі сьніцца.

Да бронзавай дзяўчыны ня водзяць экскурсіяў — я заўважыла яе здалёк, з гарадзкога аўтобусу. Цікава, якога памеру помнік Незалежнасьці будзе стаяць у Менску?

Мальта атрымала незалежнасьць 23 верасьня 1964-га. На сьвяткаваньне гэтай даты ў Валету іншы раз прыяжджае сама ангельская каралева. Ейны прыезд лічыцца за гонар. Гэта элемэнт урачыстасьцяў. І гэта пры тым, што менавіта брытанская карона панавала на Мальтыйскіх выспах 164 гады! Але калі вы скажаце, што Мальта паўтара стагодзьдзя была калёніяй, чакайце імгненнага абвяржэньня з боку мясцовага жыхара. «Прабачце, — ветліва скажа любы мальтыец, — мы проста былі пад ангельскім пратэктаратам». За тыдзень я наслухалася гісторыяў аб гераічнай барацьбе вольналюбівага народу Мальты супраць розных акупантаў — ад турэцкіх султанаў да Мусаліні, але пра нейкую барацьбу з ангельскай мэтраполіяй — ані слова.

Я спрабавала ўявіць, як Ельцын з Пуціным едуць 27 ліпеня ў Менск віншаваць нас, былых сатэлітаў Масквы. І дзякавала Богу, што бачу Менск на эўрапейскай тэлевізіі толькі ў прагнозе надвор’я. Значыць, яшчэ горш ня стала, і ўсе жывыя. Пасьля ж сюжэтаў пра Валгадонск ці сяло Карамахі (яны ўвесь час ішлі першым радком) шматлікім турыстам-расейцам можна было толькі спачуваць. Масквічы, што ехалі з намі на тую ці іншую экскурсію, пыталіся адзін у аднаго: «Хто наступны?»

Вялікая Брытанія, адпусьціўшы на волю маленечкую Мальту, здабыла самы каштоўны набытак — ейную сымпатыю. Тым самым застаўшыся Вялікай.

 

Прэзыдэнты і рыцары

З 1921 па 1976 год парлямэнт Мальты засядаў у Палацы Габэленаў. Пазьней для захаваньня каштоўнасьцяў мастацтва тут было зробленае цьмянейшае асьвятленьне, а дэпутаты перайшлі ў іншую залю. Пад час экскурсіі турыстаў ветліва папрасіла адысьці на пару хвілінаў... ахова прэзыдэнта. Мы схаваліся за калёну й спрабавалі сфатаграфаваць. Але ў кадар замест спадара Гвіда дэ Марка (цяперашняга кіраўніка дзяржавы) прафэсійна патрапіў усьмешлівы твар галоўнага ахоўніка: «Я ж казаў — забаронена!»

 

Уліс

Мальтыйскі востраў Гоца называюць яшчэ Каліпса. Легенда кажа, што тут жыла ў пячоры німфа Каліпса, дачка Атляса, якая сем гадоў утрымлівала Адысэя, выкінутага на бераг пасьля крушэньня карабля. Німфа закахалася ў вандроўніка й хацела ажаніцца зь ім, паабяцаўшы за гэта несьмяротнасьць. Аднак пасланец алімпійскіх багоў Гермэс прынёс Каліпсе патрабаваньне Зэўса адпусьціць Адысэя дахаты, да вернай Пэнэлёпы. Німфе давялося падпарадкавацца.

На Мальце я знайшла некалькі абэліскаў у памяць аб палеглых у другую сусьветную вайну ваярах. На высьпе Гоца помнік тых часоў — бронзавая постаць Хрыста, які бласлаўляе людзей на мірнае жыцьцё. «Абэліскам» жа на Гоца клічуць каменную стэлу ў памяць аб самай невайсковай падзеі — падвядзеньні да мястэчка Вікторыі пітной вады ў ХІХ ст. двума брытанскімі губэрнатарамі. На самай жа высокай гары выспы стаіць крыж з выявай Хрыста, які не пакутуе, а нібыта паказвае падарожнікам дарогу ў розныя бакі.

Ёсьць на Мальце і помнікі савецкага ўзору. Першы — на ўскрайку Сьлімы, бізнэсовага цэнтру краіны. Гэта мясцовыя «работнік і калгасьніца». Зрэшты, ня больш падобныя да свайго правобразу, чым крохкая Independenza — Фрэзі Грант — на амэрыканскую Статую Свабоды. Ніякіх сярпоў з малатамі, проста вытанчаныя пралетар і пралетарка, абняўшыся, паволі крочаць у сьветлую будучыню. Нам патлумачылі, што помнік узьвялі тут у 60-я гады пад час павароту палітыкі на ўмацаваньне сяброўства з сацлягерам.

Другі манумэнт — на ўзьбярэжжы ў Валеце — сымбалізуе канец халоднай вайны і не ўяўляе сабой нічога адметнага, акрамя даты й падзеі, у гонар якіх гэты слуп пастаўлены. 1989 год, сустрэча на Мальце прэзыдэнтаў М.Гарбачова і Р.Рэйгана.

 

Землякі

На «вялікім» востраве Мальце (а краіна зь некалькіх астраўкоў) — 37 населеных пунктаў, зьвязаных між сабой 45-ю аўтобуснымі маршрутамі. Усе шляхі на востраве вядуць да вялікага фантану ў Валеце.

Мальтыйцы, заўважаеш ты, толькі дзеля замежнікаў пераходзяць на ангельскую мову — большасьць карыстаецца сваёй. Калі вымаўляеш словы з тым правільным ангельскім вымаўленьнем, якому вучылі ў школе й ВНУ, яно імгненна выдае ў табе замежніка. Тутэйшыя вымаўляюць hotel як «отэль» і three як «тры». Прычына простая: уплывы італьянскай фанэтыкі. А гук «к» — зь нейкім арабска-чачэнскім гарлавым прыдыханьнем. Мальтыйская мова мае рысы ангельскай, арабскай, італьянскай і старажытнай фінікійскай. Вуліца — ня street, а triq. Плошча Незалежнасьці — Piazza Independenza. Вялікі дзякуй — «грацыя хафна». Літара H у іх мае дзьве гарызантальныя рысачкі.

На выспах давялося сустрэць даволі шмат землякоў з Цэнтральнай Эўропы. Шмат хто жыве паміж Мальтай і сваім домам. Працуюць. Алёна з Кіева — турагентам; Уладзіслаў зь Піцеру і Дзіма з Адэсы водзяць караблі. 13 гадоў жыве на Гоца замужам Яна. Возіць экскурсіі. Даніэл з Румыніі працуе ў італьянскім рэстаране. Даніэл гаворыць з намі па-ангельску, але ён — адзіны чалавек, які на маё «Добра» замест «о’кей» спытаў: «Вы з Украіны ці зь Беларусі?»

Усе «тутэйшыя» суайчыньнікі скардзяцца на праблемы з консульствамі сваіх краінаў, якія адсылаюць уласных грамадзянаў падаўжаць пашпарты з Валеты ў далёкі Рым.

Зь першых крокаў на Мальце мяне цікавіла, што думаюць і што ведаюць тут пра экзатычную паўночную краіну Belarus. Мальтыйскія мытнікі ня ведалі нічога. Але калі я вымавіла назву роднай сталіцы, ажно чацьвёра хорам выгукнулі: «Дынама-Менск»!!! — і агляд рэчаў для нас скончыўся. Рэч у тым, што некалі наша каманда гуляла з мальтыйцамі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0