Ліст Фёдарава Пазьняку

 

Гэты ліст быў напісаны старшынём Магілёўскай Рады Беларускага Народнага Фронту Анатолем Фёдаравым у верасьні 1999 г. у адказ на прапанову Зянона Пазьняка падзяліць Фронт на рух і партыю. У рэдакцыю ліст перадаў Алесь Асіпцоў. Гэты цікавы гістарычны дакумэнт нашай эпохі друкуецца з ласкавае згоды аўтара.

 

Паважаны Зянон Станіслававіч!

Нягледзячы на тое, што сп. Папкоў і зьезд* разьвялі нас у розныя бакі, лічу сваім абавязкам даслаць Вам гэты ліст.

Мяркую, тое, што здарылася, было непазьбежна, і 1.08 я, як і многія, вымушаны быў прыняць няпростае рашэньне. Тым ня менш, яшчэ за тры дні да зьезду я рабіў усё магчымае, каб пераканаць «апазыцыю» ў неабходнасьці (у магчымасьць гэтага яны ня верылі) канструктыўнае размовы з Вамі. І пераканаў. Мае прапановы былі прынятыя. Да Вас яны прыехалі зь мірам і жаданьнем аб усім дамовіцца, як сябрам. Але, як высьветлілася, усе рашэньні былі прынятыя, і іх заставалася толькі выслухаць. Вельмі канкрэтна па форме.

Такім чынам, зноў, як і пад час выбараў, верх атрымалі дэструктыўныя сілы й меркаваньні, якія рабілі мяне й шмат іншых Вашымі ворагамі, але запэўнівалі Вас у перамозе. У выніку Вы адрынулі працягнутую руку.

У першы дзень зьезду да глыбокае начы нашыя дэлегацыі абмяркоўвалі, што рабіць. Падтрымаць Пазьняка — значыць, пайсьці на раскол, на кастрацыю арганізацыі. Не падтрымаць — зрабіць штосьці не зусім годнае. У рэшце рэшт быў абраны трэці варыянт, каб старшыня на зьезьдзе ня быў абраны, а зьезд — адкладзены. Такі варыянт даваў час для пошуку кампрамісаў і шанец для захаваньня арганізацыі.

У гэтым была сутнасьць нашае пазыцыі.

Што тычыцца Вашае пазыцыі, то, нягледзячы на тое, што ў ёй утрымлівалася нямала з таго, што мы абмяркоўвалі раней, там адначасна гучалі прапановы, якія рабілі ўсё папярэдняе ня больш чым гучнай дэклярацыяй. Пацьверджаньнем таму сталі прапанаваныя склад Сойму й намесьнікаў, што й вырашыла зыход зьезду. Прывялі ж зьезд да такога выніку тыя «добразычліўцы», якія іх рыхтавалі. Можна павіншаваць іх!

На жаль, Зянон Станіслававіч, за маім адмоўным стаўленьнем да пэўных сяброў Фронту Вы бачыце толькі прадмет маіх асабістых адносінаў зь імі. Але гэта ня так. Для мяне сп. Папкоў — гэта не асоба, а зьява, якая стала вынікам пэўных праблемаў у Фронце і Вашых праблемаў. Гэта «распуціншчына», распад. Падтрымка й выкарыстаньне такіх асобаў ёсьць зьнявагай для ўсіх. Гэта дыскрэдытацыя арганізацыі й ганьба для Вас асабіста. На жаль, Вы гэтага, здаецца, не заўважылі.

Але справа ня толькі ў гэтым. Гэтая асоба, незалежна ад матываў яе паводзінаў, зьяўляецца разбуральнікам Фронту й Вашым магільшчыкам! Гаворка, што Вы ня бачыце яе дзейнасьці, — не аргумэнт. Бачны яе вынікі. Калі кіраўнік не жадае зьвяртаць на іх увагу альбо шукае надуманых прычынаў, яму прыйдзецца змагацца нават не з рэальнасьцю, а самому з сабой.

Так адбываліся апошнія выбары. Так быў справакаваны канфлікт з рэгіянальнымі арганізацыямі. Так зьявіліся «дзіўныя» прапановы на зьезьдзе. Так былі зробленыя пасьпешлівыя заявы пасьля зьезду. Заявы й дзеяньні, якія выклікалі толькі шкадаваньне й зьдзіўленьне.

Па сутнасьці сёньняшніх справаў.

Зразумела, мы атрымалі Ваш ліст да сяброў Фронту ад 08.08.99 г. і абмеркавалі яго. Стаўленьне большасьці нашых сяброў і маё асабістае да зробленых прапановаў аб падзеле Фронту нэгатыўнае. Мы ведаем, хто іх рыхтаваў. А таму зноў, як і ў траўні, пасьля выбараў, я з усёй адказнасьцю заяўляю, што гэта правакацыйныя прапановы, гэта вайна ў Фронце й разбурэньне Фронту. Я гавару гэта як чалавек, які 10 гадоў займаецца непасрэднай арганізацыйнай працай у структурах.

На першы погляд, прапановы выглядаюць абгрунтавана й прыгожа. Але гэта той выпадак, калі гавораць, што добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла. Нават да гэтага часу, калі Фронт заставаўся адзінай маналітнай арганізацыяй, у многіх яго структурах узьнікалі вельмі цяжкія канфлікты, якія прыводзілі да паралізацыі гэтых структураў, да іх драбленьня й разбурэньня. Гэта адна з прычынаў крайняй слабасьці нашых арганізацыяў у шэрагу рэгіёнаў. Калі ж падзел і непазьбежны канфлікт у фронтаўскія структуры будзе ўнесены масава, пачнецца самае неверагоднае, уключаючы гвалт, нахабную хлусьню, шантаж, даносы ў адпаведныя органы, судовыя разборкі ды іншае. Нямала што з гэтага арсэналу выкарыстоўваецца ўжо сёньня. У поўнай меры я адчуў гэта на сабе. Менавіта так «адстойвае» інтарэсы Пазьняка ўсё тая ж група асобаў, падвяргаючы ганьбе й шальмаваньню яго «ворагаў». Так, ім у прыклад, дзейнічаюць ужо іншыя. Што ж будзе далей?

Але ёсьць іншы шлях. Шлях паразуменьня і ўзаемнай павагі. Павагі да тых, Зянон Станіслававіч, з кім Вы пачыналі, з тымі, каго Вы сёньня называеце «канфармістамі», а сп. Папкоў, больш шчыра — «калябарантамі». Магу Вас заверыць, «калябарантамі» хутка будзе асноўная большасьць сяброў Фронту, сёньня ўжо большасьць. У «патрыётах» жа са сп. Папковым застанецца купка маргіналаў, крыклівай і ні да чаго няздатнай публікі, ізаляванай грамадзтвам. Я за гэтымі «патрыётамі» не пайду і іншым не параю.

Адносна кааліцыі.

На мой погляд, стварэньне такое кааліцыі выглядае штучна. Да таго ж, яна будзе разьдзірацца нутранымі супярэчнасьцямі й сваркамі. Немагчыма таксама, каб адна частка кааліцыі ўтрымлівалася за кошт другой. Ня думаю, што сп.сп. Вячорка, Бяляцкі, Івашкевіч, Сіўчык, Баршчэўскі, Хадыка й шмат хто іншы задаволяцца працай у грамадзкім сэктары, куды іх гуртам «сьпісалі». Ня пойдуць яны і ў іншыя партыі, «пад Ганчара» або каго яшчэ. Нежаданьне лічыцца з гэтым ёсьць нежаданьнем лічыцца зь імі як асобамі, і нічога добрага ня дасьць.

Што тычыцца маёй пазыцыі, то яна застаецца ранейшай і сутнасьць яе ў наступным:

1. Фронт застаецца адзінай згуртаванай арганізацыяй, якая паступова зноў ператвараецца ў шырокі грамадзкі й палітычны рух.

2. Зьмяняюцца прынцыпы кіраўніцтва й дзейнасьці арганізацыі, з улікам часу й абставінаў.

3. Кіраўніком Фронту застаецца сп. Пазьняк як бясспрэчны лідэр Беларускага вызвольнага руху.

4. Улічваючы эміграцыю кіраўніка Фронту, на яго ўскладаюцца тыя абавязкі, якія ён здольны рэальна й эфэктыўна выконваць.

5. Непасрэднае кіраўніцтва Фронтам ажыцьцяўляецца ў Беларусі.

6. Кіраўніку Фронту ў Беларусі, з мэтай пасьпяховага вырашэньня палітычных і іншых задачаў, прадастаўляецца права фармаваньня сваёй каманды.

7. Кіраўніцтва Фронтам ажыцьцяўляецца на калегіяльнай аснове.

8. Прадугледжваюцца мэханізмы рэальнага ўплыву кіраўніка Фронту, які знаходзіцца за мяжой, на прыняцьце рашэньняў.

Зразумела, вярнуцца да гэтае мадэлі пасьля зьезду цяжэй, чым да яго, але мажліва. І вырашальнае слова тут могуць сказаць рэгіянальныя арганізацыі, Малады Фронт. Канструктыўную пазыцыю займаюць і многія сябры «апазыцыі», у тым ліку сп. Вячорка. Не сумняваюся, што такія рашэньні, калі будзе ініцыятыва з боку Пазьняка, будуць прынятыя. Відавочна, што прапанаваная мадэль недасканалая й патрабуе дапрацоўкі і ўзгадненьняў. Але час да зьезду ёсьць. Патрэбная толькі добрая воля, павага й давер.

Калі ўсё ж кіраўнік Фронту абірае падзел, то, з улікам абставінаў, ён павінен быць вельмі асьцярожны й прадуманы. Безь зьнявагі й «дурняў». Мяркую таксама, што для ўсіх сяброў Фронту, пры ўмове падзелу, павінна застацца магчымасьць, няхай фармальная, сяброўства ў любой з гэтых арганізацыяў, а асноўныя рашэньні, якія тычацца іх сумеснай дзейнасьці й прадстаўніцтва, прымаюцца на парытэтнай аснове.

Хачу асабліва падкрэсьліць, што ніякі працэс дыялёгу й канструктыўных зьменаў у Фронце немагчымы пры ўдзеле сп. Папкова. Разбуральная дзейнасьць гэтай асобы й яе прыхільнікаў павінна быць рашуча прыпыненая, калі мы хочам захаваць арганізацыю.

 

Адносна суб’ектаў дыялёгу

Чамусьці лічыцца, што такіх суб’ектаў толькі два. Умоўна кажучы, Пазьняк і Хадыка, альбо Пазьняк і Вячорка. Вельмі амбіцыйнае меркаваньне. Мяркую, што такіх суб’ектаў сёньня больш. Па-першае, гэта рэгіянальныя арганізацыі, роля якіх у Фронце значна ўзрасла. Узрос досьвед і аўтарытэт іх лідэраў. Фактам стала каардынацыя іх дзейнасьці. Невыпадкова, што пад час выбарчае кампаніі адпаведная праца была лепш арганізаваная ў шэрагу рэгіёнаў, чым у «цэнтры». Але камусьці падаюцца недарэчнымі ўзрослыя ініцыятыва й прэтэнзіі гэтых арганізацыяў. Высьветлілася, што рост іх уплыву — рэч наагул непажаданая. Пачаўся брутальны ціск на структуры. Але кавалерыйскія «наезды» вынікаў не далі й не маглі даць. І на зьезьдзе рэгіянальныя арганізацыі сказалі сваё вырашальнае слова. Скажуць яго і ў далейшым.

Па-другое, Малады Фронт. Прапановы вывесьці моладзь за межы палітычнае дзейнасьці й нашых спрэчак нерэальныя й шкодныя. Матывы такіх прапановаў відавочныя. Але незалежна ад гэтых матываў, моладзь ужо сказала сваё слова ў палітыцы, і голас яе мацнее. Мяркую, менавіта яна здабудзе ў ХХІ стагодзьдзі нашу славу й незалежнасьць. Таму слова моладзі — важкае слова, да якога трэба прыслухацца.

 

Паважаны Зянон Станіслававіч! Сёньня мы на раздарожжы. Ад Вас залежыць, які шлях абраць. Гэта цяжкі й адказны выбар, дзе нельга памыліцца. Давайце ж зробім яго разам.

Жадаю Вам посьпехаў і блаславеньня!

Анатоль Фёдараў,
старшыня Магілёўскай Рады БНФ

 

*Маюцца на ўвазе намесьнік З.Пазьняка Сяргей Папкоў і шосты зьезд БНФ.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0