«Беларускі сьлед» Эдгара По

150 гадоў таму 7 кастрычніка памёр амэрыканскі пісьменьнік Эдгар По

 

Юбілейная дата ня стала апошняй кропкай у біяграфіі чалавека, які сьведама пераблытаў уласнае жыцьцё зь літаратурай і таму, як гэта ні банальна, працягвае жыць разам з сваімі творамі.

Прысутнасьць По ў беларускім кантэксьце асаблівая. Скажам, варта было «Нашай Ніве» ў пачатку 90-х заявіць пра намер перакласьці і выдаць усю спадчыну пісьменьніка, як на працягу некалькіх гадоў зьявіліся пераклады ягоных клясычных твораў, прычым па некалькі перакладаў адных і тых апавяданьняў і вершаў, зробленых рознымі аўтарамі. Дастаткова назваць паэмы «Крумкач» і «Ўлялюм» або навэлу «Авальны партрэт». Такой прыцягальнасьцю вызначаліся хіба што творы Аляксандра Пушкіна, пераклады якіх рабіліся на замову да юбілеяў. Розьніца ў тым, што перакладаў По ніхто не замаўляў.

Дарэчы, наконт Пушкіна. Хуліо Картасар у сваёй прадмове да кнігі По некалькі разоў згадвае пра Пушкіна, аднойчы нават называе яго «расейскім По». Але такое параўнаньне наўрад ці прыдатнае для нашых стэрэатыпаў і ўяўленьняў. Пушкіна зрабілі дзяржаўным паэтам, а По так і застаўся жывой загадкай — алькаголікам і наркаманам, які пісаў геніяльныя вершы і апавяданьні ды неадэкватна паводзіў сябе ў розных жыцьцёвых сытуацыях. Кароткае жыцьцё і кароткая творчасьць. Раптоўныя выбухі шчасьця і працяглыя тыдні дэпрэсіі. Пакутніцкая сьмерць.

Картасар апісвае той дзень, 7 кастрычніка 1849 году, наступным чынам:

«У пэрыяды дэпрэсіі, зьвязанай часткова з хваробай сэрца, По зьвяртаўся да алькаголю, як да выратавальнага стымулятара. Але нават малая колькасьць сьпіртнога згубна ўзьдзейнічала на ягоны мозаг. Гэткім заганным шляхам падзеі, хутчэй за ўсё, і пайшлі на борце карабля ў часе плаваньня ў Балтымор. У Рычмандзе лекары папярэдзілі Эдгара: яшчэ адзін зрыў будзе згубным для яго. І яны не памыліліся. 29 верасьня карабель стаў на прычал у Балтыморы. По зьбіраўся цягніком даехаць да Філядэльфіі, але цягніка трэба было чакаць некалькі гадзінаў. Гэтыя гадзіны і вырашылі ягоны лёс. Вядома, што калі ён зьявіўся да свайго сябра, ён ужо быў п’яны. Далейшае — здагадкі. Перад намі пяцідзённы прабел: празь пяць дзён нейкі лекар, знаёмы з По, атрымаў сьпешна напісаную алоўкам цыдулку, дзе паведамлялася што пэўны джэнтльмэн, «вельмі дрэнна апрануты», тэрмінова патрабуе ягонай дапамогі. Цыдулку напісаў нейкі друкар, які пазнаў По ў абсалютна п’яным чалавеку, які сядзеў у тракціры ў атачэньні публікі самага нізкага капылу. У горадзе адбываліся выбары, і партыі-суперніцы спайвалі ўсялякі зброд ды вадзілі яго на выбарчыя ўчасткі. Магчыма, і По быў выкарыстаны ў якасьці наёмнага выбаршчыка, а пасьля пакінуты ў тракціры, дзе яго і пабачыў друкар. Яшчэ пяць дзён у балтыморскай лякарні По згараў у жахлівых галюцынацыях, у змаганьні зь сядзелкамі, якія спрабавалі яго стрымаць. У нейкі міг прасьвятленьня ён быццам бы спытаўся, ці ёсьць у яго надзея. Яму адказалі, што справы ягоныя кепскія. Ён запярэчыў: «Я не пра тое. Ці ёсьць надзея ў такой нікчэмнасьці, як я?»

Было яму 40 гадоў. Крыху вышэй Картасар называе пісьменьніка самым мужным зь бязвольных людзей.

Нарэшце, колькі словаў пра «беларускі сьлед» у біяграфіі Эдгара По.

Гутарка ідзе пра першую палову мінулага стагодзьдзя, дакладней, пра 1831 год, калі ў Беларусі адбывалася антырасейскае паўстаньне. Вось што піша Картасар:

 

«У сакавіку галодны і няшчасны По ледзь не завэрбаваўся салдатам у войска Польшчы, якая паўстала супраць Расеі. Ягонае хадайніцтва адхілілі».

Трэба разумець умоўнасьць уяўленьняў аргентынца Картасара пра паўстаньне 1831 году, пра тагачасны палітычны расклад у нашай частцы сьвету і пра Беларусь, якая апынулася ў самым цэнтры згаданага паўстаньня. Але ёсьць у гэтай згадцы і яшчэ адна ўмоўнасьць.

Нядоўгая біяграфія амэрыканскага пісьменьніка поўная адначасова фантастычных прыдумак, узьнікненьню якіх спрыяў сам По, і белых плямаў, якія застаюцца неразгаданымі. Часам правалы доўжацца гадамі. У гутарках зь сябрамі ён распавядаў пра свае далёкія падарожжы, а пасьля ягонае сьмерці ўжо сябры пераказвалі біёграфам тыя небыліцы. Прычым розныя сябры казалі пра рознае. Калі да гэтага дадаць яшчэ й дапушчэньні біёграфаў, дык карціна складаецца абсалютна заблытаная і неверагодная. Менавіта гэтую акалічнасьць я меў на ўвазе, калі казаў пра ўмоўнае ўяўленьне Картасара, які сьцьвярджае, што По хацеў узяць удзел у нашым паўстаньні, але яго не прынялі.

Ці сапраўды не прынялі? А галоўнае, чым было матываванае тое хаценьне По? Што ён ведаў і якой уяўляў нашую зямлю?

Адказы трэба шукаць у эпісталярнай спадчыне пісьменьніка.

Крыт.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0