Знакам тым

Вольга КАРАТКЕВІЧ

Зь вераю ў рэванш

 

Наканаваная блізкасьць з Расеяй топіць у багне нашы цывілізацыйныя парываньні. Суседзтва зь нездаровым суб’ектам гвалціць эўрапейскую ў ісьце сваёй псыхіку беларускай нацыі. Цяперашняе наталеньне расейскага імпэрскага голаду — тэст на нашу жывучасьць: два стагодзьдзі дыхаем. Ці знойдзем паветра на наступныя два?

Неяк у паўгадзінным спэктаклі БТ «Рэзананс» выканаўца абавязкаў аналітыка Зімоўскі пусьціў у эфір прызначанага генэратарам інтэграцыйных ідэяў Посахава, і апошні надта наракаў, што ў інфармацыйных праграмах абедзьвюх тэлевізіяў не гучыць думка прадстаўнікоў беларускіх рэгіянальных элітаў (?), а таксама расейскіх рэгіянальных элітаў — прыхільнікаў аб’яднаньня. Посахаў нат паскардзіўся — толькі Аўшавым, Шайміевым даюць слова. Тут бы сп.Посахаву быць запрошаным у праграму сп. Дарэнкі (але ж ня пусьцяць!) і там трубіць пра «нацыяналістычныя» выхадкі прэзыдэнта Татарстану, які зацьвердзіў лацінку, ды выкрываць паплечніка сэпаратыстаў Аўшава. Пры гэтым забываючыся на «эфэктыўнасьць» нацыянальнай палітыкі Расеі — «краіны Вялікай Мары» непаўнавартасных беларусаў: у Інгушэціі траціну насельнікаў складаюць уцекачы.

У час, калі хочацца адгарадзіцца ад Расеі падвойным кітайскім мурам: адгарадзіцца ад паняткаў «тэрытарыяльная цэласнасьць любой цаною», «славянская місія» ды «санітарны кардон», «асобы каўкаскай нацыянальнасьці», адгарадзіцца ад самадураў і барбараў, — друкуецца праект дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Пад рубрыкай «Усенароднае абмеркаваньне» ў газэце «Советская Белоруссия». Вельмі шмат людзей у беларускіх гарадах у пятніцу ўранку пачалі са страваваньня праекту дамовы. Сур’ёзна і ўдумліва. Таму тэза, што электарат гатовы аб’яднацца і з Уагадугу, аспрэчваецца падвышанай палітычнай культурай насельніцтва. Ня ведаю, ці гэты праект Лукашэнка назваў «пасьмешышчам», але параўнаць распрацаваны дакумэнт можна са шматлікімі савецкімі гіпсавымі ляпнінамі, якія мусілі імітаваць здаровых носьбітаў навязаных каштоўнасьцяў. Ад імя няшчасных народаў абвяшчаецца спроба зрабіць народы шчасьлівымі. РБ і РФ «ствараюць Саюзную дзяржаву, якая ёсьць новым этапам у працэсе яднаньня народаў дзьвюх краінаў у дэмакратычную прававую дзяржаву». Што такое, паводле праекту, дзяржава «сьвецкая»? Ці варта нават фантазіяваць пра яе пабудову на аснове двух грамадзтваў, якія не пазбавіліся савецкай і крымінальнай мутацыі? Калі я чытаю стосы агітацыйнай пісаніны ў падтрымку Саюзу, у мяне абвастраецца хваляваньне за экалёгію — столькі лесу змарнавалі!

Якія пачуцьці можа выклікаць беспардонны гандаль краінай, землямі, жыцьцямі, культурамі ў імя палітычных і камэрцыйных амбіцыяў некалькіх дзясяткоў (тут) і некалькіх соцень (там, у Расеі) палітыкаў? Веру ў рэванш. Па традыцыі, бярэм яго пакуль ня мы, але ж успрымаем як пэўнае суцяшэньне й чужыя перамогі: ня ўсё ім, маскалям, масьленіца... Расею пэрыядычна стрымліваюць народы, таксама конам зьвязаныя зь бязьмерным усходнім тэрмінатарам. Гэта літоўцы на пачатку 90-х, гэта каўкаскія народы цяпер, якія йдуць у апалчэньні, каб паспрабаваць сваімі сіламі ўсталёўваць лад і парадак на сваёй зямлі. Гэта палякі, якія падзеі ў Расеі падаюць як неадаптаваны трылер. Гэта ўкраінцы, чый Шаўчэнка прадэманстраваў, каму гуляць у Эўропе.