Весткі зь Літвы

 

Паседжаньне Прэзыдыюму ВС

13 кастрычніка Шарэцкі сустракаецца з Спэкгардам, а пад канец кастрычніка наведае зь візытам Нарвэгію

 

У мінулую пятніцу ў будынку Віленскага магістрату пад старшынёўствам Сямёна Шарэцкага адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету РБ.

Прысутнічалі дэпутаты Гіруць, Шушкевіч, Калякін і намесьнік старшыні спрадар Цярэня. Да іх для кансультацыяў далучыўся старшыня Камітэту правоў чалавека літоўскага Сэйму Эмануіл Зінгер. Прэзыдыюм прыняў праекты трох дакумэнтаў: звароту да ўраду Беларусі, заяву да расейскіх палітыкаў і заяву пра палітычнае становішча ў Беларусі.

Збольшага гэтыя дакумэнты паўтараюць зьмест ужо раней прынятых Вярхоўным Саветам папераў і нічога новага ў беларускі палітычны краявід не дадаюць. Напрыклад, што новага ў «Звароце да членаў ураду»: «...Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зьвяртаецца да Вас з прапановай — станьце на бок закону і адмоўцеся ад гвалтоўнага ўтрыманьня ўлады, бо гэта, аб чым Вы таксама добра ведаеце, цягне за сабою крымінальную адказнасьць». Што такое «стаць на бок закону»? Звольніцца са службы? Ці пераехаць у Вільню да спадара Шарэцкага?

Ці падняць па трывозе войскі й арыштаваць Лукашэнку? Паколькі Старшыня Прэзыдыюму ВС зьяўляецца адзіным легітымным кіраўніком дзяржавы, дык у ягонай кампэтэнцыі даваць загады, а не папярэджваць. А ў выпадку невыкананьня загадаў — караць за дзяржаўную здраду. І нічога сьмешнага ў гэткіх загадах няма. Прынамсі, гэта ня больш сьмешна, чым чарговыя папярэджваньні фактычных злачынцаў, якія выконваюць злачынныя загады свайго «пахана».

Зварот да расейскай грамадзкасьці наагул гучыць бязадрасна. Невядома каго папярэджваюць, што Лукашэнка ўзурпатар, а ягоныя подпісы несапраўдныя. Пры тым нібы й пужаюць: «...Падтрымка і заігрываньне расейскіх палітыкаў з антынародным дыктатарскім рэжымам, усталяваным А.Лукашэнкам у Беларусі, кладзецца чорнай плямаю на тыя добрыя адносіны, якія мае беларускі народ у дачыненьні да народаў Расеі». Гэтая заява распрацоўвалася па-расейску, як, дарэчы, і наагул «абшчаюцца» міжсобку члены Вярхоўнага Савету. Зрэшты, гэта іх канстытуцыйнае права. Але ў сфэру іхных правоў уваходзіць і юрыдычная ліквідацыя, напрыклад, лукашэнкаўскае сымболікі. Як Вярхоўны Савет не прызнае тыя рэфэрэндумы, дык чаму ня быць пасьлядоўнымі й ануляваць ратыфікацыю іхных вынікаў. Усё ж нейкая справа. Бо людзі, якія гатовыя выйсьці на вуліцы Маршам Свабоды, пойдуць не пад тымі сьцягамі, пад якімі сядзіць Вярхоўны Савет.

Дакуманты чарговы раз сьведчаць, што ВС у сваім сёньняшнім складзе ня ў стане выступаць з канкрэтнымі палітычнымі ініцыятывамі. Яго задача на сёньня значна сьціплейшая — выжыць. А па зьнікненьні Ганчара гэта гучыць ужо літаральна... Мо таму й не шукаецца спосабаў заявіць пра сябе гучна. З другога боку, гэтая рахманасьць, боязь здэнэрваваць АБСЭ альбо ЗША, недавер да дзейсных публічных палітыкаў, ператварае пакрысе ВС у клюб старэйшынаў, якіх і далей будуць ветліва прымаць, уважліва слухаць... Аднак ніхто ня будзе інвэставаць у гэтае прадпрыемства, якое ня мае яснага бізнэс-пляну. Пагатоў, іхныя мэты й задачы ня бачныя нацыі...

Аднак палітычная актыўнасьць у Вільні ўсё ж мае і свой плён. Крок за крокам Літва набліжаецца да паўнавартаснага прызнаньня Вярхоўнага Савету й спадара Шарэцкага як адзінай і законнай улады Беларусі. Усьлед за літоўскім парлямэнтам сталі гатовыя, нарэшце, да дыялёгу і выканаўчыя ўлады. На аўторак, напрыклад, заплянаваная ўжо афіцыйная сустрэча Шарэцкага ў МЗС Літвы. Нікога ўжо тут ня дзівяць і ягоныя афіцыйныя сустрэчы ў пасольствах розных краінаў. Магчыма, на гэтым тыдні адбудуцца чарговыя візыты сп.Шарэцкага ў амбасады Нямеччыны й Аўстрыі.

Учора, ізноў празь Вільню, у Нямеччыну, па даручэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, выправіліся дэпутататы Лябедзька й Домаш — для перамоваў з прадстаўнікамі парлямэнтаў Эўропы. На 13 кастрычніка прызначаныя афіцыйныя перамовы сп.Шарэцкага з паслом ЗША ў Беларусі, Спэкгардам. А напрыканцы кастрычніка Сямён Шарэцкі наведае зь візытам Нарвэгію. Прынамсі, аднае мэты яны ўсё ж дасягаюць — замежная палітыка Беларусі знаходзіцца насамрэч у іхных руках.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0