Анатоль ПРАСАЛОВІЧ 

На рыцарскім фронце не безь пераменаў

 

Напрыканцы жніўня чакалася правядзеньне чарговага рыцарскага фэстывалю ў Мірскім замку, на які раней зьяжджаліся прадстаўнікі многіх клюбаў зь Беларусі й Расеі й звычайныя аматары незвычайных відовішчаў. Пасьля правядзеньне імпрэзы перанесьлі на пачатак кастрычніка, пасьля высьветлілася, што сёлета фэстываль праводзіцца ўвогуле ня будзе. Паводле нашых зьвестак, адміністрацыя Мірскага замку запатрабавала ад галоўнага арганізатара Зьмітра Нісьцюка, комтура «Ordo Templi Borialis» (былога ордэну «Сэрца Дракона»), 5000 даляраў. Нісьцюк, быццам бы, трох тысячаў яшчэ б не пашкадаваў, але столькі... Сам жа спадар Зьміцер паведаміў толькі, што ў яго папрасілі велічэзны хабар. Пракамэнтаваць сытуацыю і распавесьці ўвогуле пра стан рыцарскага руху ў Беларусі мы папрасілі Арыну Вячорку, кіраўніцу «рыцараў ВКЛ».

 

На думку спадарыні Арыны, сёлетняе фіяска зь Мірам — вялікая страта для ўсіх заўзятараў вайсковай старасьвеччыны, аднак яна лічыць, што Зьміцер Нісьцюк, цесна зьвязаны з Масквой, адкуль атрымлівае фінансавае падмацаваньне, ня мае маральнага права арганізоўваць у беларускіх нацыянальных сьвятынях падобных фэстываляў (хоць ён і майстра ствараць кічавыя шоў), бо маладзёны з Расеі не выказвалі ў мінулыя гады ніякай павагі да помніка, і кожны зь іх імкнуўся ляснуць сваім зусім ня цацачным мечыкам то па браме, то па муры, ня кажучы ўжо пра ператварэньне замку ў грамадзкую прыбіральню пасьля добрых такіх папоек. Ува ўсім сьвеце, зазвычай, для рыцарскіх турніраў узводзяцца адмысловыя збудаваньні, дзе можна бясьпечна праводзіць мерапрыемствы такога кшталту без загрозы пазбаўленьня нашчадкаў гістарычнай спадчыны. Спадарыня Вячорка плянуе налета зьвярнуцца ў Міністэрства культуры па дапамогу ў справе правядзеньня фэстывалю, у якім возьмуць удзел клюбы, што з пашанай ставяцца да свайго краю і яго мінуўшчыны. А Нісьцюк, маўляў, няхай арганізуе свае «расейска-беларускія фэстывалі», як ягоны «Белы замак», што праводзіцца ў лютым у менскім Палацы Моладзі.

У апошнія часы рыцарскі рух моцна пашырыўся: тут табе і гістарычна-рэканструктыўныя клюбы, і вайскова-гістарычныя, і містычныя, і талкінісцкія. Сьведама беларускіх няшмат, але можна адзначыць магілёўскі «Барысфэн», наваполацкі «Жалезны воўк», полацкі «Чорны Война», невялічкі клюб у Горадні. Нягледзячы на ўсплёск папулярнасьці, рыцары краіны перажываюць не найлепшыя часіны. Асноўная праблема — безумоўна, грошы. Каб нейк выкараскацца, клюбы павінны самі зарабляць сабе на жыцьцё. З аднаго боку, пэўны прыбытак прыносіць удзел у спаборніцтвах, дзе за адзін двубой латнік можа атрымаць ад 10 да 20 даляраў, суму, якая цалкам ідзе на трэніроўкі. Мала хто са звычайных абываталяў наважыцца, нават за вялікшыя грошы, усьцягнуць на сябе ў холад ці сьпёку 50 кіляграмаў жалезьзя ды яшчэ й памахаць у набліжанай да рэальнасьці бойцы цяжэнным двуручным мячом даўжынёй у чалавечы рост. Іншы сродак фінансаваньня — выраб ваярскіх аксэсуараў: шаломаў, кальчугаў, мячоў, шчытоў. Сёньня гаворка можа ісьці пра своеасаблівую галіну індустрыі, сярэднявечны ВПК. Некаторыя клюбы вывешваюць на ўваходзе прайс-лісты ўзбраеньняў, як, прыкладам, у клюбе, які ачольвае абазнаны майстра Фёдар Міхееў, дзе, са словаў Арыны Вячоркі, нічога не каштуе таньней за 50–70 даляраў.

Іншыя ж рыцары, якім шляхецкая годнасьць або адпаведная кан’юнктура не дазваляюць займацца камэрцыяй, часьцяком вымушаныя калябараваць зь дзяржавай ці прынамсі са спараджэньнем сыстэмы — БПСМам, як у рэчыцкім клюбе ралявога мадэляваньня, у адным з гомельскіх гістарычных клюбаў. Прыйшлі нейк «патрыёты» і ў Вячоркаў Беларускі Рыцарскі Клюб (БРК) з прапановай «прадаставіць крышу», але, убачыўшы харугвы з «Пагоняй», мусілі завярнуць лыжы.

Да таго ж, кажа спадарыня Арына, па ўказцы Лукашэнкі ўлады пачалі жорстка трэсьці клюбы з прычыны наяўнасьці ў іх халоднай зброі: мячоў ды булаваў. Адзінае выйсьце — тэрміновая рэгістрацыя зброі і атрыманьне ліцэнзіяў, што, у прынцыпе, здымае пэўныя праблемы пры вывазе рыштунку за мяжу. Ізноў не рэалізаваліся сёлета кволыя спробы рыцарскага яднаньня, а некаторыя суполкі ўвогуле зьніклі.

У БРК таксама досыць праблемаў. Ня так даўно ў ім адбыўся раскол, харугвы распаліся на самастойныя суполкі, частка вярнулася да скандынаўскае міталёгіі, прычым сваімі ідаламі яны абвесьцілі зусім не рахманых багоў, а самых ваяўнічых. Дарма што яны адкалоліся ад ВКЛаўцаў, яны яшчэ й пазбавілі БРК памяшканьня, неабходнага для трэніровак, выкарыстоўваючы антыбеларускія настроі кіраўніцтва Партызанскага дому моладзі. Але жыцьцё не стаіць на месцы, сёлета нашыя лыцары езьдзілі на рыцарскія фэсты ў Літву — Коўна, Трокі ды Вільню, — дзе на пачатку ліпеня адзначалі ўгодкі каранаваньня Міндоўга. Менавіта зь летувісамі падтрымліваюцца найцясьнейшыя кантакты, бо з палякамі нешта ня ладзіцца, а добрыя чэхі далекавата. Цікава, што існуюць дачыненьні і з адным маскоўскім клюбам, у якім расейцы займаюцца рэканструкцыяй узбраеньня ваяроў Вялікага Княства.

Натхнёная падарожжам у Літву, Арына Вячорка хоча ўзнавіць справядлівасьць і ў наступным годзе узяць удзел у адзначэньні гадавіны каранацыі Міндоўга ў Наваградку (дарэчы, летувісы арганізавалі з гэтай нагоды фэст і ў Крэўскім замку). У ліпені ж БРК здолеў адзначыць у Менску невялічкую Пагоню на Грунвальд на Гарадзкім вале, у жніўні Ігар Міхно вазіў беларускіх рыцараў у Чэхію, а ўгодкі Аршанскай бітвы былі адсьвяткаваныя турнірам у Горадні.

Але спадарыня Арына лічыць, што год прайшоў няўдала, бо патрэбныя новыя ідэі (адна зь іх — стварэньне беларускага клюбу каскадэраў) і людзі. Тых юнакоў і дзяўчатаў, якія хочуць далучыцца да нацыянальнага рыцарскага руху, а ў наступным годзе паўдзельнічаць, паміж іншым, у фэстывалі на Грунвальдзкім полі, Арына запрашае далучыцца да БРК. Узрост — ад 16 да 20 гадоў. Меншыя ж дзеткі запрашаюцца у Беларускую Рыцарскую Школу, нешта накшталт шляхецкага калегіюму. Тэлефон для кантактаў: 283-48-31, 263-99-90 (Марына Астроўская).