Гюнтэр Грас, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за гэты год, у свой час выйшаў з Саюзу Нямецкіх Пісьменьнікаў у знак пратэсту супраць таго, што Саюз слаба абараняе Салмана Рушдзі, якому вынесьлі сьмяротны прысуд іранскія ўлады. Двух гэтых пісьменьнікаў зьвязвае сяброўства і ўзаемаразуменьне.


 

Гюнтэр Грас

Адкрыты ліст да Салмана Рушдзі

 

Дарагі Салмане Рушдзі!

У тваёй прамове «Тысяча дзён на паветраным шары», якая была апублікаваная для нямецкамоўных чытачоў у пачатку студзеня ў штотыднёвай газэце «Die Zeit», нельга не пачуць просьбы аб падтрымцы і, пры канцы, адчайнага клічу па дапамогу — «паветраны шар апускаецца ў бездань»; ды ўсё ж я баюся, што твой кліч перакрычаць шматлікія пагрозьлівыя падзеі гэтага часу, штурханіна якіх не дазваляе нават акінуць вокам цэлае, ня кажучы каб угледзецца, пагатоў у Нямеччыне, дзе адзіная, як сьцьвярджаецца на працягу апошняга году, нацыя пачынае прывучацца да сябе праз пэдантычнае перайманьне сабой. Нацыя ня хоча, каб ёй у гэтым заміналі. Апроч таго, з поўдню і ўсходу пагражаюць перасяленьні народаў, што хочуць угрызьціся ў наш дабрабыт. Мы, як германцы, ад школьнае лавы ведаем, якімі добрымі хадакамі былі мы ў шэрыя былыя часіны. І таму мы ведаем, ад чаго засьцерагаць і што раіць: крэпасьць Эўропу!

Што значыць для ўпэўненых у сваёй рацыі людзей кліч пісьменьніка, індуса з паходжаньня, які сьцьвярджае, што ён брытанец? Ды й сам ён вінаваты ў тым, у якім становішчы апынуўся. Ну, пагражалі забіць тры гады таму. Паскуды, вядома, варвары, вартыя асуджэньня. Але што можна было зрабіць? І, як той ціхень казаў: хіба гэты Рушдзі ня мог напісаць лягчэй, міралюбней і — пры ўсім ягоным таленце — з большай тактоўнасьцю? І бяз гэтых занадта ж правакацыйных назоваў: «Сатанінскія вершы»!

Я не перабольшваю. Досыць часта я сутыкаўся з гэтым напалову вымучаным, напалову сарамлівым слуханьнем у іншы бок і слуханьнем наўкола, апошнім разам у зьвязку з Франкфурцкім кніжным кірмашом, калі фэдэральны міністар эканомікі зрабіў быў якраз у Тэгеране добрае надвор’е для рэалізацыі буйных праектаў, а Франкфурцкі кірмаш паслужліва хацеў дапамагчы яму.

І ўсё ж, любы Салмане, ты не адзін. Гэты ліст і — як я спадзяюся — іншыя лісты ёсьць спробаю дадаць твайму прытулку ў выгнаньні, тваёй мэтафарычнай гандоле, пад’ёмнае сілы. Больш за тое: я б хацеў, калі ты дазволіш, перабыць якісьці час тваім госьцем, тваім спадарожнікам. Калі б нам нават не ўдалося аднавіць тую весялосьць нашай першай сустрэчы, што паўставала з роднаснасьці душаў — гэта было тады, калі зьявілася нямецкае выданьне кнігі «Дзеці поўначы», — нам застаецца блізкасьць двух калег і разам зь ёй задавальненьне ад сэнсу й бессэнсоўнасьці акрабатычных моўных практыкаваньняў. Магчыма, нам варта ўважлівей прыгледзецца таго малюнку, якім быў ілюстраваны твой крык «Тысяча дзён на паветраным шары» ў літаратурным аддзеле газэты «Die Zeit»: паветраныя акрабаты Макса Бэкмана, малюнак, на якім дама ўсьміхаецца ў анфас ды махае сьцяжком, а мужчына, здаецца, кулём падае з гандолы, але ягоныя ногі, як у акрабатаў, прывязаныя да гандолы, так што праз імгненьне ён зможа зайграць на Бэкманавым улюбёным інструмэнце, трубе, якая таксама маецца на шары: марш ці харал, блюз ці сыгналы, ва ўсякім разе, гукі, якія будуць ветрам для шару.

Ці не такія малюнкі дадаюць нам мужнасьці ў стане роспачы? Малюнкі, якія ня зраджваюць жаху, якія нічога не ўпрыгожваюць, паэзія якіх вытрымае любое выпрабаваньне на цьвёрдасьць?

Пры канцы году я бачыў ў тэлевізары паміж звычнымі і ўжо будзённымі паведамленьнямі аб катастрофах рэпартаж з фронту харвацка-сэрбскай грамадзянскай вайны. Харвацкі жаўнер убіраў елку — бо на календары было сама хрысьціянскае сьвята — чапляючы да галінаў яйкападобныя ручныя гранаты: траскучыя рыфленыя дэкаратыўныя фрукты. Хто тут наважыцца крычаць пра блюзьнерства, зьнявагу Бога! Я ня ведаю, якія думкі кіравалі гэтым жаўнерам. Мяркую, што ён, калі яго здымалі, асабліва стараўся. Магчыма, яму нават давялося паўтарыць сваю аздабленчую працу пару разоў, бо рэжысэр ніяк ня хацеў задаволіцца. І ўсё ж — ці гэта было спэцыяльна падстроена ці не — яму ўдалося выявіць свой час, наш час, сама найноўшае варварства. Ён ня мог убраць каляднае дрэва больш праўдзіва. Я ўпэўнены: той трыццацігадовы, усё яшчэ малады мужчына з Назарэту, той лагодны бунтар і гнеўны ачышчальнік сьвяцілішчаў, той знаўца пісаньня і праціўнік усіх дагматыкаў-першасьвятароў, які вядомы нам пад імем Ісуса Хрыста і якога дзеля бясьпекі, як падбухторшчыка рэвалюцыі, увязьнілі ў цэрквах, ня меў бы нічога супраць гранатаў на калядным дрэве. Ісус Хрыстос любіў правакацыі; таму я таксама пэўны, што той мужчына, якога звалі Магамет, што вядомы нам як прарок, з задавальненьнем прачытаў бы раманы пісьменьніка Салмана Рушдзі і асабліва — «Сатанінскія вершы».

Бэкманаў трубач, што быццам вывальваецца з гандолы, і жаўнер, што ўбірае дрэва Хрыста гранатамі, — нашыя браты. Хто яшчэ, Салмане, хто яшчэ? Мы ўжо маем досьвед што да сьвятароў ды палітыкаў. На іх наўрад ці можна спадзявацца. Іх чыннасьць вызначаецца інтарэсамі. Калі год таму пачалася вайна ў Пэрсідзкай затоцы, абодва бакі думалі, што дакладна ведаюць, што ёсць добрым, што дрэнным. То бок, кожны дзейнічаў ад імя Бога. Вынік быў забойным, мёртвыя засталіся непералічаныя.

У сваёй абвінаваўчай прамове «Тысяча дзён на паветраным шары» ты гаворыш пра «дарадцаў па бясьпецы, урады, журналістаў, арцыбіскупаў, сяброў, ворагаў, мулаў», якія трымаюцца за сваё «вузкалобае, абсалютысцкае бачаньне сьвету» і хочуць навязаць яго табе. Гэтаму ты супрацьстаўляеш «няпэўны, нявызначаны, мэтафарычны вобраз», які ты насіў з сабой усё тваё жыцьцё, які робіць цябе ўразьлівым. Напрыканцы ты сьцьвярджаеш, што ты і надалей з усяе сілы мусіш трымацца «генэратара вобразаў» сваёй собскай душы і ейнага «зласьлівага, іканаборскага, непрадказальнага інстынкту дурня». Ты гаворыш пра «брудны акіян», у якім ты лавіў сваё мастацтва, і зноўку згадваеш лютае мора ля падножжа гораду Бамбэй: «Гэта мора, на якога ўзьбярэжжы я нарадзіўся і якое я нашу пры сабе, куды б я ні выпраўляўся».

Шмат гадоў таму, любы Салмане, мы з табою вялі размову для тэлевізіі, між іншым пра твой страчаны Бамбэй, пра мой страчаны Данцыг. Кожны з нас пазнаў сябе ў іншым па ўзаемным досьведзе — страта зрабіла нас красамоўнымі. Страта ёсьць перадумоваю нашых гісторыяў. Дык давай і надалей, ты ў брудна-лютым Індыйскім акіяне, я ў сваім атручаным Балтыйскім моры, лавіць словы, якія стаюць упоперак і распавядаюць пра шмат рэчаіснасьцяў, што ня хочуць цярпець, каб сапраўднай лічылася толькі адна, прымусам загадваная нам рэчаіснасьць.

Будзь, калі ласка, пэўны, што я імкнуся разам з табой перажываць твае штодзённыя страхі і падманлівыя спадзяваньні, і таксама тваю мужнасьць, якую ты гвалтам адваяваў у боязі.

Вітаю цябе ў гандоле,

Твой Гюнтэр Грас

1995

Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевіч