Марш да Незалежнасьці

 

Акцыя пачалася з таго, што на плошчы Якуба Коласа амонаўцы адабралi ў людзей... чорнага казла. На iм было напiсана «лукашэнка», i яго меркавалi весьцi наперадзе калёны. Безь пяцi дванаццаць на пляцы стаяла ня больш за тысячу чалавек. Арганiзатары вырашылi пачакаць яшчэ гадзiну i не памылiлiся. У пятнаццаць хвiлiнаў на другую па праспэкце Скарыны ў бок Акадэмii Навук рушыла ўжо ня менш за 15 тысячаў чалавек, а ўжо пад Акадэмію Навук іх стала больш за 20 тысячаў — усе пабачылі, што шэсьце не разганяюць. Калёна ішла праспэктам да вулiцы Сурганава i далей, да парку iмя «Дружбы народаў», што ў раёне плошчы Бангалор. Людзi ўвесь час далучалiся, асабліва шмат чакала шэсьце на самой плошчы, i ў кароткiм мiтынгу ўзяло ўдзел ужо больш за 30 тысячаў людзей.

Выступоўцы акцэнтавалi ўвагу на тым, што мiтынг — канец толькi першае часткi «Маршу Свабоды». Вiнцук Вячорка, стоячы на трыбуне, спалiў праект «саюзнае дамовы». На мiтынгу прынялi рэзалюцыю, у якой запатрабавалi свабодных выбараў, вызваленьня палiтвязьняў i ўсталяваньня дэмакратыi.

Сюрпрызам для ўдзельнiкаў мiтынгу сталi разгорнутыя велiзарныя 25-мэтровыя сьцягi. Адзiн бел-чырвона-белы, а другi — сiнi з залатымi зоркамi, Эўрапейскага зьвязу. Людзi пранесьлi iх на руках праз увесь горад. Бо з парку Бангалор людзi вулiцамi Багдановiча й Варвашэнi скiравалiся ў цэнтар. Менавiта тут колькасьць людзей дасягнула свайго пiку. Людзi зьвярнулi да плошчы Перамогi, але праспэкт апынуўся перагароджаны мiлiцэйскiмi машынамi. Тады арганiзатары павялi натоўп вулiцамi Казлова i Зьмiтрака Бядулi.

На Зьмітрака Бядулi й адбылася самая буйная правакацыя дня: нехта кiнуў у пад’езд, дзе месьцiцца 34 паштовае аддзяленьне, пэтарду, i пошта загарэлася. Мужчыны з калёны кiнулiся ў агонь i загасiлi яго, хаця самi атрымалi апёкi.

Цікава, што літаральна за пару сэкундаў да загараньня нашы карэспандэнты зьвярнулі ўвагу на двух міліцыянтаў, што стаялі на вахце ля гэтых дзьвераў, хаця болей у калёне міліцыянтаў на гэты момант ужо не заставалася.

Наступны кардон амонаўцаў прычакаў шэсьце на рагу Фрунзэ i Першамайскай. Амонаўцаў было толькi пара дзясяткаў. Iх зьмялi i зьбiлi. Шлёмы ж павыкiдалi за плот холадакамбiнату. Адзiн з амонаўцаў, якому ў кароткай сутычцы разьбiлi галаву, страцiў прытомнасьць, i яму дэманстранты аказалi першую дапамогу, пасьля чаго яго на руках зьнесьлi калегi.

Дэманстранты былi настроеныя вельмi рашуча. Процiзаконныя дзеяньнi ўладаў, якiя перашкаджалi шэсьцю, выклiкалi абурэньне. Усе надзвычай хацелi дайсьцi ўсё ж да плошчы Незалежнасьцi. Вулiца Першамайская на схiле была перакрытая пустымi УАЗiкамi, але людзi не пераварочвалi iх: усё ж паводзiны iх былi асэнсаванымi й ня жорсткiмi.

Людзей спынiў толькі трайны кардон АМОНу пры мосьце церазь Сьвiслач на Першамайскай. Арганiзатары хацелi павярнуць маршоўцаў назад, каб не дапусьцiць пралiцьця крывi, ды дзе там! Старыя й жанчыны засталiся назiраць за разьвязкаю «Маршу...» на схіле. Другая палова натоўпу ўшчыльную падыйшла да мэталiчных шчытоў АМОНу. Пасьля 15-хвiлiнных перамоваў з амонаўцамi Мiкола Статкевiч заклiкаў дэманстрантаў вярнуцца на плошчу Якуба Коласа. Дэманстранты сталі паўзьці назад. Але тут мiлiцыянты заатакавалi дэманстрантаў ззаду, схапiўшы пару чалавек i зьбiваючы iх дубiнкамi. У адказ манiфэстанты кінуліся вызваляць схопленых: побач з мостам вядзецца будоўля, цаглiны зь якое паляцелi ў амонаўцаў, гулка грукаючы аб мэталёвыя шчыты. Грукат гэты быў настолькi моцны, што яго было чуваць на самай плошчы Перамогi. Ляцеў сапраўдны «каменны град»... АМОН захiнаўся шчытамi й раз-пораз рабiў вылазкi. Асаблiва не пашанцавала тым зь мiлiцыянтаў, што ў вернападданскім запале адарвалiся ад сваiх i, перасьледуючы маніфэстантаў, трапiлi да iх... у палон: пара — каля ўваходу ў парк Горкага, пяць — на Пулiхава. Дэманстранты, адбiўшы атакi, спрабавалi разагнаць у бок шыхтоў АМОНу трамвай, ды той не паддаўся. У адказ мiлiцыянты кiнулi ў бок дэманстрантаў сьлезацечныя шашкi, але паўночны вецер панёс дым назад на іх.

Пасьля 15-хвіліннага супрацьстаяньня ўлады кiнулi на змучаных днём паходу дэманстрантаў спэцназ.

Пачалося паляваньне на людзей. Людзi траплялi ў засады ў парку Горкага альбо ў дварах. Мiлiцыянты абкружалi двары групамi па паўсотнi чалавек і вылоўлiвалi патэнцыйных дэманстрантаў, урываючыся i ў пад’езды. Сотні людзей шукалі схову ў гастраноме, што на пачатку вулiцы Пулiхава, але й туды ўварвалiся спэцназаўцы...

Каля дзясятку мiлiцыянтаў i некалькі дзясяткаў дэманстрантаў пацярпелi, прычым прынамсі 7 чалавек трапілі ў «хуткую дапамогу» ў цяжкім стане. Затрымана ня менш за 80 чалавек: у прыватнасьцi, у Партызанскiм РАУС сядзела 46 чалавек, у Савецкiм — ня менш за 30. Спэцслужбы высадзілі дзьверы кватэры Статкевіча і арыштавалі яго. Дэпутатку Гразнову міліцыянты арыштавалі на кватэры. Затрыманая і дэпутатка расейскай Дзярждумы ад сацыял-дэмакратаў Беклямішава. Лідэры Фронту хаваюцца. Ва Ўправу Фронту спрабавалі трапіць міліцыянты, але іх не пусьцілі. Зьбіты й затрыманы дырэктар Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка. За некаторымі людзьмі сачылі: гэтак, супрацоўніка газэты «Навінкі» Міколу Салаўя схапілі ўжо каля ўнівэрмагу «Беларусь» і моцна зьбілі (ён усё шэсьце ішоў у белым халаце санітара, прадаючы сваё выданьне).

Лiдэры апазыцыi ўсклалi ўсю правiну за сутычкi на Менгарвыканкам, якi нематывавана адмовiў у дазволе на дэманстрацыю.

Аляксей Шыдлоўскi