Вольга Караткевіч

«Ня думаць!»

 

«Ня думаць!», «Глядзець у патыліцу!», «Наперад!», — роў адзін з кіраўнікоў апэрацыі ўнутраных войскаў па расправе з удзельнікамі «Маршу Свабоды». Гэта быў зварот да анямелых ад нечаканасьці «зялёных» хлопчыкаў у касках. «Фашысты!» — крычэлі збольшага непаўналетнія дэманстранты, якія йшлі на шчыты ў авангардзе калёны. Для гэтых маладых людзей страшнае слова «фашысты» асацыюецца зь нечалавечай істой цяперашняга рэжыму, чый твар схаваны пад чорнай амонаўскай маскай, чыю галаву ад любых умяшаньняў бароніць чорны шлем, чыё сэрца больш непрабіўнае за бляшаныя шчыты.

Тое, што на вуліцы Менску выйшлі каля 30 тысячаў дэманстрантаў, — безумоўны посьпех інфармацыйнай кампаніі ў падтрымку «Маршу Свабоды». Тое, што некалькі тысячаў былі гатовыя на фізычны супраціў, — сьведчыць пра рост актыўнай нязгоды з палітыкай афіцыйнага Менску. Палітыкай хлусьні, цынізму і запалохваньня.

Пад час шэсьця каля ўнівэрсаму «Рыга» адбыўся першы інцыдэнт, пасьля якога стала зразумела, што акцыя скончыцца жорсткім разгонам. У канцы калёны, кульгаючы, ішла жанчына, у ейнай руцэ быў партрэт Аляксандра Лукашэнкі зь нейкім надпісам. Ззаду да жанчыны пад’ехала машына, зь яе выскачыў амонавец і забраў партрэт. Жанчына абурылася. Я зрабіла заўвагу, што партрэт — гэта не ружжо. Навошта яго канфіскоўваць? Раптам з машыны выскачылі чатыры амонаўцы. Двое павалілі паджылага мужчыну — сьведку здарэньня. Далі яму дубінкай. Двое іншых кінулі на зямлю жанчыну. І таксама ўдарылі дубінкай па галаве. Селі ў машыну і паехалі. А маладзён, які праводзіў «канфіскацыю», паказаў нам fuck.

Бойка на вуліцы Пуліхава запомніцца абодвум бакам надоўга. Пабітым дзеткам. Тым, хто скакаў у ваду, каб пазьбегнуць выцяня амонаўскіх дубінкі і бота, амонаўцу, якога дружна білі кійкамі ад сьцягоў, а пасьля, пабялелага і напаўжывога, суцяшалі: «Ну, прабач. Папаўся пад гарачую руку». Гэтую бойку запомняць тыя, хто ў парыве крыўды, замяшанай на нянавісьці і безвыходнасьці, адрываў бэтонныя пліты з ходнікаў і кідаў у шэрую масу вайскоўцаў. Гэтая бойка будзе сьніцца юнаму спэцназаўцу, па шчацэ якога прабегла сьляза, і ён прысеў за машыну, хаваючыся ад начальства, каб гэтую сьлязу выцерці. І калі амонаўцы уздымалі камяні і кідалі іх у сьпіны дэманстрантаў, стала зразумела, што сіла на баку бясьсільных.

У двары Дому афіцэраў атрад спэцназу вартаваў затрыманых 14-15-гадовых хлопчыкаў. Маладыя людзі чыстымі вачыма глядзелі на ўзброеных дзядзек, а апошнія не разумелі, адкуль у маладых галовах нараджаецца вобраз «фашыста» — суродзіча. У аточанай прасторы каля будынку Адміністрацыі прэзыдэнта адзінока пранеслася машына мэра Менску Ярмошына.

У парку Горкага міліцыянты ня ведалі, як блякаваць гараджанаў, якія прыйшлі пакарыстацца бясплатнымі ў гэты дзень атракцыёнамі, але ўвагу пераключылі на галоўнае «відовішча» - расправу з дэманстрантамі.

Тэмамі гэтага тыдня будуць: 30 тысячаў — гэта мала ці многа, затрыманыя і арыштаваныя, ацэнка дзеяньняў органаў правапарадку, тактыка выкарыстаньня сьвядомасьці людзей, дасьпелай да супраціву . І вельмі хацелася б адсачыць лёс беднага казла. Жывога. Чорнага. На якога злыя людзі павесілі падазроны лёзунг, а яшчэ больш злыя людзі ўзялі за рогі, арыштавалі і зацягнулі ў машыну. Цалкам выконваючы стратэгічны загад: «Ня думаць!»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0