Збожжа на зіму

 

Наяўны даляр перакрочыў мяжу 600 тысячаў беларускіх рублёў, а безнаяўны — 700 тысячаў. У кватэрах пакуль холадна, і ўлады перагледзелі санітарныя нормы, зьнізіўшы дапушчальны мінімум тэмпэратуры з 18 да 12 градусаў цяпла. Мазуты на зіму назапасілі толькі 51% ад нормы. Тарыфы на электраэнэргію ўжо падскочылі ў некалькі разоў, тое самае чакаецца з аплатаю за кватэры. Пераважная большасьць беларусаў ужо добра забылася смак добрае булкі, сьпелага сыру, сапраўднае кілбасы. Прарокі праракуюць нам зіму, якая канчаткова падарве сельскую гаспадарку: у краіне сабралі толькі 3,3 мільёны тонаў збожжа, а травянога корму назапасілі меней, чым летась, калі яго ўжо адчайна не ставала на добрую зімоўку. Перамовы з МВФ фактычна праваленыя. Нават у найлепшым выпадку, калі б цяпер урад выканаў умовы міжнародных фінансавых арганізацыяў, рашэньня пра выдзяленьне крэдыту давялося б чакаць 6-8 месяцаў, але ўрад пакуль і ня думае мяняць стратэгію разьвіцьця краіны, без чаго ніхто на Захадзе рызыкаваць грашыма ня стане.

Але беларусы ўжо настолькі звыкліся з кепскімі прароцтвамі і нястачай, што не зважаюць на іх: «Ну, і што, што сабралі менш збожжа. Будзем есьці больш бульбы», — так сказаў у Нью-Ёрку віцэ-прэм’ер Навіцкі, так разважае сярэдні беларус. Але мы разумеем, што калі лясьне з-за браку кармавога збожжа жывёлагадоўля, базавая галіна нашай эканомікі, з рэшткамі цывілізыцыі ў нашым ладзе жыцьця можна будзе разьвітацца. Каб высьветліць, што нас чакае ўзімку і пад весну, мы зьвярнуліся з пытаньнямі да кіраўнікоў сельскіх гаспадарак. Дык ці сапраўды так усё паскудна? Аказалася, што гаварыць зь імі ня так проста. Баяцца гаварыць зь незалежнай газэтай. Ня вераць. Махаюць рукою: «Ваша ніва нашай ніве ўжо нічым не паможа». Такое ўражаньне, што ва ўсёй Усходняй Беларусі пануе пакорная безнадзейнасьць. Трохі мацнейшыя гаспадаркі захаду краіны да апошняга бурака вылізваюць палеткі, каб было хоць чым карміць жывёлу. «Бычкоў да вясны датрымаем, хоць прыбаўляць яны будуць па 700 г, а не па 1000 г у дзень», — даказвае Аляксей Скакун, дырэктар комплексу «Астрамечава», што пад Берасьцем. «Вялікай бяды ня будзе, калі зьменшыць пагалоўе жывёлы, толькі зрабіўшы гэта плянамерна й мэтанакіравана. Канечне, статак рагатага быдла трэба захоўваць любой цаной, бо яго цяжка аднаўляць. Сьвіней жа і птушку пасьля лёгка аднавіць», — сьцьвярджае ягоны сусед Аляксандар Біч, дырэктар сьвінагадоўчага комплексу «Заходні».

Хоць гаспадарнікі й называюць сытуацыю «катастрафічнаю», падобна ўсё ж, што нейкага драматычнага выніку зімы ня будзе. Сельская гаспадарка як была, так і застанецца ні жывою, ні мёртваю. Хоць іншы раз ужо хочацца, каб падохла, дык можа б тады вымушаныя былі б пайсьці на рэформы. Бо і завал гэтага лета і няяснасьць, як зімаваць, яшчэ не даказалі ўладам, што без пераўладкаваньня нашай вёскі так і будзем мучыцца.

Кіраўнікі гаспадарак асьцярожныя і доўга падбіраюць словы: «Каб нешта радыкальна зьмяніць у вёсцы, трэба мець доўгатэрміновую праграму, — кажа Аляксандар Біч, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ад Аграрнай Партыі, — але яна можа аказацца і непапулярнаю, і значыць, таго, хто яе прыме, будуць біць. А на гэта цяпер ніхто ня пойдзе. Раптам нічога адбыцца ня можа».

Значыць, трэба думаць пра тое, што трэба зрабіць сёньня, каб уратаваць лішнюю тысячу сьвіней і кароваў. Усе сяльгасьнікі ў адзін голас гавораць пра арганізаваную закупку збожжа. Нарэшце дзяржава выдзеліла валютны крэдыт, яго даюць пад 15%, і ў калгасах гэтую лічбу лічаць вельмі людзкаю (хоць па эўрапейскіх мерках гэта чыстая абдзіралаўка).

Трэба шукаць збожжа ў Польшчы, у якой яно ёсьць. Размовы пра закупку мільёну тонаў збожжа пад польскі крэдыт вядуцца, але гэта ўжо палітычнае рашэньне, і тут усё ўпіраецца ў асабістыя амбіцыі Лукашэнкі.

Другое, што трэ было б зрабіць даўно — адмяніць мытныя бар’еры й падатак на даданую вартасьць на ўвоз збожжа з Украіны, але тут ізноў: Масква загадала Лукашэнку душыць Украіну, і ён сьвята выконвае гэтыя ўказаньні. «Адмяніць жа ПДВ можа адзін толькі Лукашэнка», — у адзін голас цьвердзяць сяльгасьнікі. Таксама, дарэчы, ідыятызм. А ў сёньняшніх умовах дык і шкодніцтва. Лукашэнка перагарадзіў сваімі пражэктамі і амбіцыямі шлях да гаспадарчага выратаваньня Беларусі.

Гэтак мы разьвітваемся з ХХ стагодзьдзем. І нам няма чаго чакаць ад пачатку ХХІ-га.

Замест дзяржаўнай сыстэмы маем разваліны дзяржаўнай сыстэмы, падрыхтаваныя да расейскай прыёмкі. Замест нацыянальнай валюты — ва ўсіх сэнсах папяровы «беларускі рубель». Замест сілаў бясьпекі — раздзьмутыя войска, міліцыю і спэцслужбы, якія будзе няясна куды дзяваць і яшчэ болей няясна, як скарачаць. Замест заканадаўства — мешаніну савецкіх законаў, калек з расейскіх актаў і ўказы, што прымаюцца то заднім чыслом, то пярэднім. Замест інфармацыйнай прасторы — дзясятак бядняцкіх дзяржаўных газэтак і 6 расейскіх тэлеканалаў, што дураць галовы сваімі таўстамордымі Лужковымі й Беразоўскімі. Замест гаспадаркі — канглямэрат дажываючых, дзясяткі гадоў не мадэрнізаваных прадпрыемстваў, самыя вартыя зь якіх — як Жлобінскі мэталюргічны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы, гарадзенскі «Азот», магілёўскае «Хімвалакно» — даўно аддалі пад кантроль расейскіх і чачэнскіх груповак. У дырэктарскіх крэслах гэтых прадпрыемстваў ніколі не сядзеў беларус.

Праблема ў тым, што ў Беларусі ўлады ня думаюць пра будучыню. Мінулага яны адракліся, і далей за наступны год ня бачаць. Праядальшчыкі.

А мы варожым штовосені, ці дажывем, як людзі, да вясны, ці апусьцімся яшчэ ніжэй. Разумеючы, што і дажывем, і апусьцімся.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0