Не апошняя зіма

 

Міхаіл Залескі, экспэрт Нацыянальнага Інстытуту Сацыяльных, Эканамічных і Палітычных Дасьледаваньняў, лічыць, што прычыны сёньняшніх праблемаў трэба шукаць яшчэ на пачатку 70-х.

 

Міхаіл Залескі: Калі мы зірнем на графікі сельскагаспадарчай вытворчасьцi ў параўнаньнi з 90-ым годам, мы бачым крутое пiке. Беларусь ляцiць чорт ведае куды. Але ўсё гэта зрабiлася ня сёньня, не Лукашэнкам, i нават не Пятром Машэравым, зь якiм носяцца, як дурнi зь пiсанай торбай, хоць ён тут шмат чаго нарабiў дрэннага для сельскай гаспадаркi.

 

— У чым жа ягоная правiна?

— Наконт сельскай гаспадаркi ён быў чыстым бальшавiком. Сказаў: «Мы павiнны даць многа збожжа!» I былi схаваныя плошчы збожжавыя, то бок, усе працавалi на паказчык. Ад 70-га году вытворчасьць сельскагаспадарчая вагаецца i скача, куды хоча, але агульная тэндэнцыя ўсё ж — пэўнае панiжэньне. На тое ёсьць дзьве асноўныя прычыны. Асноўныя тэхнiчныя фонды ў сельскай гаспадарцы зношаныя, фiнансавае становiшча самiх гаспадарак жахлiвае, працоўных рэсурсаў няма.

Першым i найбольш моцным ударам па беларускай вёсцы была другая хваля ўрбанiзацыi на пачатку 70-х. Потым, праўда, за кошт iндустрыялiзацыi, прыцягненьня рэсурсаў, сельская гаспадарка пачала разьвiвацца, бо былi мiнэральныя ўгнаеньнi, трактары, адбывалася замена людзей тэхнiкай. Але на мяжы 90-х гэты рэсурс быў вычарпаны. Я хацеў бы тут працытаваць Лукашэнку, якi пад час свайго вiзыту ў Гарадоцкi раён нiбыта са зьдзiўленьнем заўважыў, што, маўляў, гэна было тут да вайны 120 тысячаў людзей, а цяпер толькi 17 цi 20 там якiх, а ў Менску — чарга на кватэры 200 тысячаў. Яно так: у некаторых раёнах шчыльнасьць насельнiцтва ўжо сібiрская. Таму цяпер самае галоўнае было б — правільная арганiзацыйная палітыка i выкарыстаньне сучасных тэхналёгiяў. Тыя ж комплексы антыэкалягiчныя iснуюць на ўсiм сьвеце, i гэта самае эфэктыўнае, што мы маем на сёньняшнi дзень.

 

— Дык што Вы мяркуеце наконт рэфармаваньня калгасаў?

— Мая думка такая: калi чалавек хоча мець новую хату, дык ён спачатку будуе яе, робiць улазiны, а ўжо толькi потым думае, як са старой упраўляцца, а не падпальвае спачатку старую. Любая рэформа павiнна расьцi зь сярэдзiны. А фэрмэрства ў нас знаходзiцца на прымiтыўным узроўнi. I прычына гэтаму вiдавочная. У Галяндыi, напрыклад, каб стаць фэрмэрам, трэба атрымаць адпаведную асьвету i прарабiць, як бы ў нас сказалi, парабкам сем гадоў. I толькi тады табе дадуць вялiкi крэдыт на разьвiцьцё гаспадаркi.

Калгасны мэханiзм працуе, самаўзнаўляецца i, самае галоўнае, ён зрабiўся мэханiзмам i сацыяльным, ладам жыцьця. I тая калясальная колькасьць старых у вёсцы без калгасаў ужо ня вытрымае, бо ня будзе ў каго папрасiць, ня будзе дзе ўкрасьцi, да каго зьвярнуцца.

Але пры гэтым калгасы, за выняткам якіх двухсот наймацнейшых, чэзнуць сёньня на коранi. Зараз кiраўнiкi калгасаў, атрымоўваючы камбiкармы, думаюць, цi дажыве мой статак да Лукi, калi можна выправiць яго на траву, цi не дажыве. А не дажыве — маеш сэлектарную нараду. Але нават са зьменай улады нiчога ня адбудзецца. Калi заўтрага Зянон Пазьняк уедзе на белым канi ў Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi, дык калгасы ўсё роўна будуць жыць так, як жылi. У гэтым складанасьць праблемы. Гэная зiма — не апошняя ў жыцьцi Беларусi, вось у чым праблема.

Неяк у 91-м годзе я езьдзiў у Эстонiю на канфэрэнцыю па сельскай гаспадарцы. I адзiн з прыбалтыйскiх спэцыялiстаў сказаў так: «Ведаеце, хлопцы, хвост сабакам адсякаюць адзiн раз, калi я люблю свайго сабаку. Ну, калi я яго ўжо вельмi-вельмi люблю i шкадую, то яму буду секчы хвост па кавалачках, у дзесяць прыёмаў. Дык якому сабаку будзе бальней i горай?» Прыбалты адсеклi сабаку хвост за адзiн раз. У iх быў вялiзны спад, але яны перамучылiся i зараз маюць. Ёсьць падставы для таго, каб i нам жыць. Трэба з нашай вёскай нешта рабiць, але дужа асьцярожна, бо яна нас можа патапiць хутчэй, чым Расея.

Просты разгон калгасаў нічога ня даў бы. Рэч ня ў тым, што гаспадарка павiнна быць дзяржаўнай або каапэратыўнай: яна мусiць быць эфэктыўнай. У Польшчы, прыкладам, зямля у прыватным валоданьнi, але i ў Афганiстане якiм-небудзь тое самае, у той час як у Данii — каапэратывы, а ў Iзраiлi — кiбуцы.

 

— А што ж трэба нам рабiць у будучыні?

— Каб магчы сябе забясьпечваць сельгаспрадуктамi, трэба разьвiваць буйную прамысловасьць, бо на парозе ХХІ ст. А ўрад займаецца размазваньнем грошай, i гэта можна назваць хiба што сацыяльнай абаронай: ты бедны чалавек i я бедны чалавек, на табе даляр, iдзi купi сабе чаго-небудзь выпiць.

 

— Дзе i колькi будзе сёлета закупацца збожжа?

— Дакладныя лічбы пакуль невядомыя. Закупкі, як заўсёды, будуць праводзiцца на падставе тэндэраў. Да таго ж, у нас iснуе адмысловая дзяржаўная структура «Белаграiнгандаль», якi ўпаўнаважаны праводзiць падобныя апэрацыi. Iншае пытаньне, як мы будзем разьлiчвацца. А ў каго купіць у крэдыт? Гэтыя структуры будуць зьвяртацца да Польшчы, але ж тая ў крэдыт не прадасьць, будуць зьвяртацца ў паўднёвыя рэгiёны Расеi, бо там у нас ёсьць магчымасьцi: губэрнатары Кандраценкi, Наздраценкi, жыдабойцы, славянафiлы — павiнны даць. Можна i ў дзядзькi Сэма папрасiць, Спэкгарда ж пусьцiлi назад у хату, дык мо сказаць, што расейцам даеш, давай можа i нам.

 

— Якiм чынам закупаецца зерне ў калгасаў?

— Умовы закупак у калгасаў вельмi жорсткiя. Дзяржаўныя нарыхтоўкi адбываюцца прыкладна гэтаксама, як я падышоў бы да Вас, выцягнуў пiсталет i сказаў бы: «Гэтую куртку я купляю ў Вас за 22 тысячы беларускiх рублёў. Пытаньнi ёсьць?» «Не, не, дзядзечка, якiя пытаньнi. Дзякуй, што хоць жывым пакiнулi», — i пабяжыце. Калгасы здаюць збожжа i радуюцца, што iм хоць нешта плоцяць. Можна, безумоўна, рынак адчынiць для замежнага прадпрымальнiцтва, але мы ж ня вытрымаем, нашых вытворцаў зьмятуць. Таму Лукашэнка на нядаўняй нарадзе i гразiўся, што «палякаў пусьціць».

 

— А цi пойдзе Лукашэнка на ўсталяваньне свабодных цэнаў на сельгаспрадукты?

— Думаю, не. Па-першае, тут трэба адзначыць такое: на сьвеце толькi адна дзяржава, i тое да пэўнага часу, не аказвала нiякай дапамогi сельскай гаспадарцы, гэта Аўстралiя. Раней цi пазьней сельская гаспадарка ў сучасным сьвеце патрабуе дапамогi, бо яе iнвэстыцыйны цыкль не адпавядае тым тэмпам жыцьця, якiя мы сёньня маем. Людзi мусяць атрымлiваць дапамогу, выконваючы найважнейшую сацыяльную функцыю забесьпячэньня эканамiчнае жыцьцяздольнасьцi дзяржавы. Дзяржаўнае рэгуляваньне мусiць быць.

Згадаем Польшчу: 13 сьнежня 1980 году там абвесьцілі ваеннае становiшча. А перад тым стала вядома, што на зiму было назапашана хлеба толькi 17% ад патрэбы. I Ярузэльскi, як разумны чалавек, сказаў, што калi людзi пойдуць ужо шукаць сабе што зьесьцi, то нiякая «Салiдарнасьць» iх утрымаць ня зможа. Дастаткова ўявiць сабе, як у Менску з Чыжоўкi, Серабранкi iдуць вясёлыя натоўпы i пытаюцца, хто зьеў iхнае мяса. У адной з працаў Пiцiрыма Сарокiна ёсьць мэтафара: «ківач рэвалюцыi». Дык вось, калi ківач хітнецца ў адваротным кiрунку, то спатрэбiцца супэрлукашэнка, каб яго стрымаць. Марксiсцкая iнэрцыя, iнэрцыя цэнтралiзму прымушаюць наш дзяржапарат працаваць на паступовае, павольнае закручваньне гаек. Крый Божа, сарвуць нарэзку на гэтых гайках.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0