Весткі з Падняпроўя

 

Бычкам сумна

Чым далей, тым горш становiцца ў беларускай вёсцы. А найгорш — скацiне.

У Касьцюковiцкiм раёне Магiлёўскай вобласцi сытуацыя тыповая. Кармоў не хапае, скацiна дохне. Тут самы высокi ўзровень захворваньняў на жывёльную сухоту, 70% кармоў гаспадаркi падрыхтоўваюць у так званай зоне адчужэньня — г.зн. у радыяцыйна забруджаных мясьцiнах. Як прызнаўся шэф касьцюковiцкiх вяскоўцаў Вiталь Грышанаў: «Выхад можна знайсьцi зь любога становiшча, але… безь зьмяншэньня пагалоўя наўрад цi выцягнем, ня кажучы ўжо пра атрыманьне прадукцыi». Самыя дрэнныя лiчбы ў калгасах з самымi тыповымi назвамi «Ленiнскi шлях» i «Расея». Касьцюковiцкiя гаспадаркi зьбiраюцца перакiдваць скацiну з адных гаспадарак у другiя, дзе справы трохі лепшыя. Так, бычкоў, па словах Грышанцава, «з усiх гаспадарак забярэм у калгасы «Новы сьвет» i «Парыская камуна», дзе маецца сьпiртзавод i ўчастак, каб паставiць маладняк на бардзяны адкорм».

 

На прыпынку доўга стаяць халодна

У Магiлёве, Бабруйску, Крычаве жыхары адчулi на сабе адно з наступстваў эканамiчнага крызысу. На 30—50% зьменшылася колькасьць грамадзкага транспарту, што выпускаецца на лiнii. Бо няма грошай на палiва i электраэнэргiю.

 

Ні газу, ні балёнаў

Кiраўнiк Дрыбiнскага райаддзелу па газазабесьпячэньнi заклiкаў жыхароў раёну выкарыстоўваць газ толькі для прыгатаваньня ежы, бо, сказаў ён, склалася «катастрафiчнае становiшча з забесьпячэньнем газам». Замест патрэбных 2500 газавых балёнаў у раён завозiцца крыху больш за 500. За балёнамi выстройваюцца вялiзныя чэргi. У Дрыбiнскiм раёне шмат жыхароў-перасяленцаў з «чарнобыльскiх» раёнаў. Яны жывуць у дамах, якія не прадугледжвалася тапіць печкамі. Чыноўнiк сказаў, што «перапал газу ў 3 разы перавышае норму». Цэнтралiзаванае ацяпленьне яшчэ не падключалі.

Iван Засада