Вольга БАБКОВА

ДАБРАДЗЕЙСТВА

«... людей добрых, вере годных ...»
(з актавай кнігі)

 

Зусім ня варта ўяўляць старадаўняга чалавека суцэльным гвалтаўніком, рабаўніком і злодзеем. Нават судовыя актавыя кнігі, пераважную большасьць пэрсанажаў якіх прыцягваюць да закону за ўчыненыя шкоды, сьведчаць і пра сьветлы бок чалавечае асобы. Годнасьць праяўлялася ў розных жыцьцёвых сытуацыях — і ў звыклай будзённасьці, і перад абліччам сьмерці, што адлюстроўваюць шматлікія тэстамэнты-запаветы.

Высакародзтва чалавека, бадай што, найбольш яскрава праяўлялася ў здольнасьці дараваць, адкрыта прызнаваць свае памылкі і з годнасьцю выпраўляць іх. Каяліся і мяшчане, і шляхта. Паходжаньне тут ня мела вялікага значэньня.

У слонімскага мешчаніна Макара Летуновіча «в ночы на авторак» быў скрадзены конь. Знайшоўся і «чоловек подозроный» «постригачик тутошни Васка Деменевич», пра якога казалі, што «у Вильни злодейство вчинил». Нягледзячы на тое, што абвінавачаны пераконваў суд у сваёй невінаватасьці, «... што не ест чоловек подозроный, ани шкодник, ... жем у Вильни и на кожным месты добре и почстиве служил, заховуючися яко на доброго чоловека», Макар адвёў таго хлопца ў вязьніцу. А праз пэўны час прыйшоў да судзьдзі з просьбай вызваліць невінаватага, бо «посадилом того постригачика з намовы людское, менилом его шкодником своим, с того его тепер вызволям и добрым чоловеком называм, не вем до него ниякого подозреня и не ест ми шкодник, одно добрый, почстивый чоловек, готовем ему бить чолом, за соромоту его досыть чынить». Судзьдзя, «обачивши», што Макар Летуновіч «невине чоловека збезчестил», пакараў яго рублём грошай.

Па-людзку пагадзілі паміж сабой пан Мікалай Юндзіл і каралеўскі падданы ў справе, якая магла дайсьці да суду, бо тычылася крадзяжу. Падданы зь вёскі Саленікі пазнаў сярод падводаў пана Юндзіла свайго каня, які быў скрадзены ў яго два гады таму. Пакліканаму на месца знаходкі вознаму пан Юндзіл распавёў, што «тую клячу выменял в 1575 року пасля богатого свята в Волковыйску у цыгана...» і, зьвяртаючыся да падданага, прасіў, «абы пададны его королевской милости клячу свою взял, а его вольным учинил...». Падданы ж, панаракаўшы на сваю вялікую шкоду, «але памитаючы на Бога, ему то отпустил, а клячу оную яко свою властную да себя взял».

Людзі паслухмяна выконвалі законы.

У зямянкі Янавай Стужынскай зьнікла чалядніца. Хтосьці паказаў на двор суседа пана Мікалая Рэкуця, дзе бачыў уцякачку. Зямянка пасылала да суседа сына «и приятелей своих, просечы, абы тую челядницу Устинью выдал, яко добры прыятель а сусед мой». Пан Рэкуць адказаў праз пасланцаў: «ниякое жонки пане Стужынское в дому своем не мел, ани маю. Прышла дей была до дому моего жонка неведаю чыя, але дей опять з дому моего проч пошла...». Пані Стужынская, не супакоіўшыся, зьвярнулася да судзьдзі гродзкага менскага Крыштафа Рэкуця з просьбай «абы брата своего напомнел, жебы ми тую жонку челядницу кром жадного затрудненя выдал». Тады Мікалай Рэкуць адказаў: «Праўда..., иж тая жонка была у мене в дому моем, але дей яком побачыл на ней пута, зрозумялем с повести ее, иж у великой неволи была. Казал ей з дому моего проч пойти, бо ми се дей того годило, яко чоловеку хрестияньтскому учынить чоловеку, неволею утрапеного, негамовать».

Літасьць, спачуваньне чужой бядзе і нядолі — з такімі пачуцьцямі ставіліся ня толькі да сваякоў, сямейнікаў, але і да зусім незнаёмых людзей, хто б яны ні былі і дзе б ні сустракаліся.

Адзін зямянін «ручил» падданага, якога ягоны пан загадаў «за злодейство на шыбеницу». «Сило в него з шии знял... а если бы платить не мел чым, тогды на выроб, а не на смерть, а ни в неволю...»

 

«Кождый ест завжды близшый смерти», і, сыходзячы з гэтага «мизернага света», чалавек разумеў сваю адказнасьць перад тымі, каму яшчэ наканавана было тут заставацца.

У тэстамэнце як перадсьмяротным дакумэнце цалкам адсутнічае жах сьмерці, радкі з тэстамэнтаў самі сабою сьведчаць пра разуменьне чалавекам таго, што зь ім адбываецца ці мусіць неўзабаве адбыцца. «Ознаймую то на сей духовницы моей, што если кому на сим свете винен — напервей винен есми на небо — Богу милостивому душою моею, а телом грешным до земли», — пісаў перад сьмерцю возны Марка Клімовіч.

Найважнейшай справай чалавека на парозе нябыту, было, «яко бы на душы жадная реч не зостала и не шкодила», таму трэ было сплаціць усе свае зямныя пазыкі, — «малжонку и дети от кривд боронити», падзяліць маёмасьць кожнаму па заслугах, прыгадаць усіх крэўных, абы між імі «замешанья» не было, не забыцца на кожную драбязу. Гэтак шляхціц Ян Голас, вызнаючы сябе як «чоловека грешного, раба Божага», «отказуе» сьвятару Лаўрыну Касьцюковічу пасьля свайго пахаваньня пры царкве «узловецкой заложенья св. Ильи» «корову перестую».

Шляхціц Ждан Словік жонцы Тацяне Сапежанцы і сынам Фёдару, Грыгорыю, Васілю, Багдану і Льву «покой вечны зоставил, абы се потэм по смерти моей межи ними якие розницы и ростырки не деяли...», а таксама перадаў лісты, па якіх яны мусілі б вярнуць тыя даўгі, якія пры жыцьці бацькі бралі ў яго розныя людзі. Апроч грошай гэта былі розныя патрэбныя рэчы. Гэтак Дземень Дзюка мусіў вярнуць срэбныя лыжкі, Крыштаф Баба — шаблю, шышак і панцыр, татарын Ях’я Сабака — каня і жыта.

Княгіня Мар’я Палубенская сваёй апошняй воляй загадала адпусьціць сваіх падданых — «...челяд невольную... на волю выпущаю и вызволяю, нехай за душу мою Бога просят».

Біблія і Статут — асноўныя крыніцы, якімі кіраваўся чалавек, калі і ня ўсё жыцьцё, дык пры канцы яго, складаючы свой тэстамэнт — «... письмо Боже учит, абых мы то каждому кому што власне належи спольна отдавали, так теж и Статут права посполитого Великого князства Литовского теж каждого чоловека с того перестерегают, яким обычаем маетностю от Бога даною шафовать...». «Тестаментом Божим» назвала Эвангельле зямянка Ганна Стэцкевіч у сваім апошнім слове.

Праблема дабра і зла была надзённай для духоўнага жыцьця і ў тагачасным грамадзтве. Можна ўявіць сабе нават дыскусіі на гэтую тэму сярод розных людзей і ў розных сытуацыях. Сьведчаньнем могуць быць нечаканыя вершаваныя радкі, пакінутыя пісарам слонімскага земскага суду Іванам Суетам у актавай кнізе на чыстым аркушы напрыканцы чарговага сшытку, відавочна для самога сябе, а можа і з разьлікам на невядомага чытача ў невядомай будучыні.

 

«Цнотливый чоловек каждый
стреже сумненья своего завждый.
Бо цнота каждого цнотливого быва вывышона над злото,
а нецнота быва подептана из славов его в блото»
(1591 г.).

 

Слоўнік старабеларускай мовы:

зайстье — цяжба, сварка, сутыкненьне
выналясак выдумка, задума, пастанова
выступок злачынства, ліхадзейства, здрада
гамавацьзатрымаць