Якою прачнецца Ўкраіна 32 кастрычніка пасьля выбараў?

 

31 кастрычніка ўва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Беларусь уважліва сочыць за імі. Там жывуць нашы сябры, нашы стратэгічныя партнэры. Сёньня сваімі прагнозамі й назіраньнямі дзеляцца нашы кіеўскія сябры: палітоляг і крытык, доктар фізыка-матэматычных навук Максім Стрыха і рэдактар альманаху «Філософські студії», журналіст украінскай службы радыё «Свабода» Віталь Панамароў.

 

Гэтую прэзыдэнцкую кампанію ва Ўкраіне па эўрапейскіх стандартах нельга назваць сумленнай ды адкрытай. Безумоўна, у шмат якіх краінах СНГ паняцьце аб дэмаркатычных працэдурах яшчэ больш эфэмэрнае, а панаваньне якогась «бацькі» і «туркмэнбашы» — шчэ больш аўтарытарнае. Аднак, нават што да Расеі, Украіна яўна прайграла. Бо барацьба алігархаў у Маскве, прынамсі, робіць магчымым выказваньне розных гледзішчаў на нацыянальных тэлеканалах. Ва Ўкраіне, з-за ейнай спэцыфікі, усе «моцныя людзі» дзяржавы арыентуюцца на цяперашняга прэзыдэнта. І таму нічога падобнага на маскоўскую перадвыбарчую барацьбу зь ейнымі дэбатамі, палемікаю ды сэнсацыйнымі адкрыцьцямі ня выйшла.

Адкрыцьці, праўда, былі. Парлямэнцкая сьледчая камісія на чале з Г.Амельчанкам публічна агалосіла факты страшэнных фінансавых махінацыяў ды злоўжываньняў народнага дэпутата А.Воўкава, колішняга загадчыка гародніннай базы, які сёньня зьяўляецца адным з найуплывовых палітыкаў Украіны і ачольвае адзін з трох выбарчых штабоў Л.Кучмы. Чаго вартыя ўжо толькі дыямэнтавыя каралі коштам у 400 тысячаў даляраў, прыдбаныя А.Воўкавым у Бэльгіі ў якасьці сьціплага падарунку дачцэ Л.Кучмы... Але ні гэтыя, ні іншыя прыкрыя для прэзыдэнта рэчы не маглі прагучаць ні па адным з трох нацыянальных тэлеканалаў. А накладаў апазыцыйных уладзе газэтаў яўна замала. З прычыны нізкага жыцьцёвага ўзроўню большасьці насельніцтва ды страшэнна дарагой паліграфіі толькі два апазыцыйныя выданьні — «Сільскі вісті» і парлямэнцкі «Голос Украіны» — маюць наклад па-над 100 000 асобнікаў. І ў гэтым іх поўнасьцю перакрывае танны прапрэзыдэнцкі таблёід «Факти» з накладам больш мільёну.

Яўнай правакацыяй выглядаў і замах на Н.Вітрэнку. Выкарыстаньне гранатаў РГД сьведчыць: лідэра «прагрэсыўных сацыялістаў» ніхто й ня думаў прыбіраць. Трэ было толькі троху крыві, каб дыскрэдытаваць аднаго з галоўных канкурэнтаў Л. Кучмы — А.Мароза, на мясцовы выбарчы штаб якога сьпісалі ўсю адказнасьць за няўдалы тэракт.

У такіх умовах уладам магла б эфэктыўна процістаяць толькі шчыльна згуртаваная апазыцыя. Аднак згуртаванасьці дэмакратам, як заўжды, бракавала.

Выбарчую кампанію Л.Кучмы кансультуюць групы расейскіх іміджмэйкераў, якія адразу ж вырашылі перанесьці ва Ўкраіну мадэль расейскіх выбараў 1996 году. І каб гарантаваць перамогу Л.Кучмы, улады сёньня робяць усё, каб вывесьці ў другі тур шэрага лідэра ўкраінскіх камуністаў П.Сіманенку.

Альбо ультраактыўную і ультрарэвалюцыйную Н. Вітрэнку (з надзеяй на тое, што ейныя абяцанкі паслаць усіх рэфарматараў здабываць уран усё ж такі настрашаць выбарцаў).

Адным з найважнейшых фактараў стала і трывалае давядзеньне да насельніцтва праз нацыянальныя тэлеканалы вынікаў апытаньняў, якія мусілі сьведчыць наступнае: у другі тур могуць патрапіць толькі гэтыя тры кандыдаты, і таму ў хоць у чымсьці памяркоўных ды разважлівых выбаршчыкаў проста ня будзе іншага выйсьця, як прагаласаваць за Л.Кучму.

Тым часам, вынікі незалежных сацыялягічных апытаньняў сьведчылі зусім аб іншым. Сапраўды, выхад у другі тур Л. Кучмы гарантаваны, ён зьбярэ больш за 20% галасоў — бо надта ж ужо вялікія грошы і высілкі пакладзеныя на яго кампанію. На другое месца амаль з аднолькавым правам могуць прэтэндаваць, маючы кожны па 13—14% прыхільнікаў, Я.Марчук, А.Мароз, П.Сіманенка ды Н.Вітрэнка. І калі выхад у другі тур кагось з апошніх двух напэўна ткі робіць Л.Кучму прэзыдэнтам на другі тэрмін, то з Марчуком ці Марозам змагацца Кучму значна цяжэй (тым больш, што ў другім туры каманды Марчука і Мароза ўжо напэўна скаардынуюць свае дзеяньні).

Сёньня наўрад ці можна прагназаваць вынік украінскіх выбараў. Аднак, ад таго, якою прачнецца Ўкраіна «32 кастрычніка», залежыць яе шлях разьвіцьця на час, магчыма, больш працяглы за наступнае пяцігодзьдзе.

Л.Кучма пры ўладзе нясе небясьпеку канчатковага замацаваньня «лацінаамэрыканскага» сцэнару разьвіцьця Ўкраіны, — з аўтарытарызмам і карупцыяй ды галечай большасьці народу. Яго адрозьненьне ад беларускага палягае хіба толькі ў тым, што Л.Кучма не зьбіраецца скасоўваць нацыянальную сымболіку і старанна на людзях карыстаецца ўкраінскай мовай (і за гэта, як кажуць, дзякуй...)

Які шлях абярэ для сябе Ўкраіна — хутка пабачым. Да «32 кастрычніка» застаецца тыдзень.

Максім Стрыха


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0