Віталь ПАНАМАРОЎ

Дзіўныя выбары

 

Параўнаньне гэтых выбараў прэзыдэнта Ўкраіны з папярэднімі дэманструе нашы «дасягненьні» ў разбудове ўкраінскай дэмакратыі. «Выбары ’91» праходзілі на хвалі нацыянальнай рэвалюцыі, пасьля вызваленьня Ўкраіны, забароны кампартыі, гібелі імпэрыі, вяртаньня ў Эўропу, звабы свабоды. Натомест «Выбары ’99» — гэта канеўскі «саюз мяча і рала», абыякавасьць выбарцаў, прывід дыктатуры, славянскі фундамэнталізм ды супольная дэманстрацыя любові да Масквы.

Выбары надзялілі індывідуальнасьцю звычайна бясколерных украінскіх палітыкаў, хоць іх праграмы ня дужа каб розьніліся адна ад адной.

Кучма схільны пазбывацца прыхільнасьці пэнсіянэраў і жыхароў Паўднёвай Украіны, якія 5 гадоў таму прывялі яго да ўлады (украінцы ўжо склалі прыказку, што прэзыдэнтаў абіраюць на Ўсходзе, а любяць на Захадзе). Найлепш пашэнціла выказаць свае ўражаньні ад сёлетняй украінскай выбарчай кампаніі прэзыдэнту адной сяброўскай цэнтральнаазіяцкай краіны ў ягоным прынародным звароце да цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны: «Дарагі Леанід Ільіч!» Аднак чамусьці ня хочацца суцяшацца гатовасьцю мільёнаў сяброў такога сабе нефармальнага выбарчага аб’яднаньня пад віртуальнаю назваю «Абы ня Кучма» аддаць галасы (то бок уладу) абы-каму, абы ён паабяцаў/паабяцала вяртаньне да «шчасьлівага мінулага».

Найбольш папулярнаю ў кандыдатаў (і, адпаведна, у выбарцаў) апынулася архаічная ідэя славянскага адзінства. Нэаславянафільства спавядаюць 6 з 15 кандыдатаў.

Масавае старэньне насельніцтва Ўкраіны за апошняе дзесяцігодзьдзе, вельмі заўважнае нават на вуліцах, робіць старых людзей, былога «савецкага чалавека», самаю шматлікаю і палітычна найбольш актыўнаю групаю выбарцаў. Таму ня дзіва, што толькі 4 кандыдаты адкрыта падтрымліваюць прыватную ўласнасьць на зямлю. Праўда, сустракаюцца й зусім як на сёньняшнія часы экзатычныя кандыдаты, напрыклад, Уладзімер Алійнык з экзатычнаю для сучаснай Украіны ідэяй правядзеньня люстрацыі.

Усё нейкае хімэрнае ў кампаніі гэтага году. Колішнія дысыдэнты падтрымліваюць генэрала КГБ Марчука. Антыкамуніст Алійнык аб’яднаўся ў Каневе зь ленінцам Ткачэнкам і марксістам Марозам. Ад кінутых пад ногі Вітрэнцы гранатаў пацярпела не яна, а цалкам выпадковыя людзі. Сацыяліст Мароз і прагрэсіўная сацыялістка Вітрэнка вінавацяць адзін аднаго ў «рэвізіянізьме», што, аднак, не азначае сутнасных разьбежнасьцяў у іхных прграмах.

Трохі неспадзяваным аказаўся ўва ўкраінскай кампаніі беларускі сьлед. Прэзыдэнт Кучма таксама выступіў з прапановамі ўтварыць двухпалатны парлямэнт ды правесьці рэфэрэндум. Праваднікамі дзяржаўнай палітыкі што да незалежных газэтаў і тэлеканалаў таксама сталі пажарнікі ды падаткавікі. Праўда, палітыкі ўва Ўкраіне пакуль не зьнікаюць, а трапляюць у аўтакатастрофы. А вось на пытаньне пра сустрэчу Леаніда Кучмы зь Сямёнам Шарэцкім прэс-сакратар прэзыдэнта адказаў: сустрэчы ня толькі не было, але яна й не плянавалася.

Менскі нядзельны «Марш Свабоды» меў водгукам узмоцненыя меры бясьпекі ў Кіеве. Дзяржаўны тэлеканал УТ-1 паведаміў пра выкрытыя намеры выбарчых штабоў «асобных кандыдатаў» арганізаваць беспарадкі каля Адміністрацыі прэзыдэнта, а начальнік кіеўскай міліцыі заявіў пра ўвядзеньне ўзмоцненай аховы ўрадавых будынкаў.

А выбарцы глядзяць на выбарчыя перагоны як на палітычнае шоў, наладжанае на іх уласныя грошы. Але каму ўжо абрыдлі гэтыя выбары, церпяць, балазе ўжо няшмат засталося да 31 кастрычніка. Бо паказвае на тое, што ўва Ўкраіне пасьля гэтага ўжо доўга ня будзе дэмакратычных выбараў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0