Давім гадзіну!

 

Каля 300 чалавек завіталі на канцэрт «Раздавім фашысцкую гадзіну!», што прайшоў у мінулую суботу ў Палацы Культуры МТЗ. Імпрэза ператварылася ў беспасярэдні працяг «крывавай нядзелі» 17-га кастрычніка.

 

«Чырвоны жонд» — арганізатары акцыі — ізноў змаглі згуртаваць вакол сябе маладзёвыя масы пасьля згубы «Сьвінога рыла». Справа ў тым, што два тыдні таму на Алеся Мазура наехала братва, якая чамусьці вырашыла, што вечарыны на «хутары бліз Валадаркі» павінны праходзіць пад іхным «дахам». За што, безумоўна, прапаноўвалася выплочваць ім грошы па існуючых расцэнках. Алесь спрабаваў пратэставаць, але... Кавярня «Валерыя» назаўжды прычыніла свае дзьверы для менскіх анархістаў і раздалбаяў, а жондаўцы цяпер актыўна шукаюць якую-небудзь пралетарскую піўнуху для працягу актыўнага наступу на контракультурным фронце.

Канцэрт «Раздавім фашысцкую гадзіну!» насамрэч выдаўся адпадны: адзін з маладых тусоўшчыкаў згубіў прытомнасьць проста ў бары і быў вывезены хуткай дапамогай. Адно, праўда, гук быў дрэнным, і таму заклікі і рыкі музыкаў спачатку амаль не ўспрымаліся публікай. Замест берасьцейскага гурту «Наизнанку», у якім захварэў бубнач, на сцэну выйшла незаяўленая «Правакацыя», і ўжо ад самага пачатку іхнага выступу стала ясна, што падзеі тыднёвай даўніны надалі імпрэзе актуальнасьці. Першаю песьняй стала «Карычневае», а далей палілася лірыка, аздобленая радкамі тыпу «Ён я...е лялек у рот».

Затым з-за даляглядаў выпаўзла «Сонца Мао», чый саліст Юрась Канавальчык сваю самую радыкальную кампазыцыю «Молатаў-кактэйль» прысьвяціў тым, хто кідаў 17-га каменьне ў «мянтоў» (пра якіх у мааістаў таксама ёсьць песьня з адпаведным назовам). Калі прысьвячэньне прагучала, ледзь не палова залі пачала скакаць і крычаць: «Я кідаў, я!»

Саліст трэцяга гурту «Hate To State», ізноў такі Мао, олдаўскі панк, сваім, на жаль, расейскім рыканьнем у мікрафон выказваў сваю нянавісьць да дзяржавы, McDonald’s’у, пэруанскага дыктатара Фухіморы, выбараў і палітыкаў, а свой выступ скончыў палымяным заклікам: «Беларусь —партызанскі край. Ня трэба баяцца змагацца. Гэта нашая краіна!»

Піцерскія ж госьці — «Бандзінскі» — парадавалі папярэдняй прамовай па-беларуску, якую, па чутках, ім напісаў Лёлік Ушкін, і тым, што толькі ад іх са сцэны неслася гучнае «Жыве Беларусь!» Парадавалі і добрым саўндам, сваёй сыгранасьцю і стылёвай арыгінальнасьцю. Самымі забойнымі сталіся «Горы Пэру» (зноў пра гаротніка Фухіморы), «Дай денег» і «Румба». Расейскія музыкі, якія, дарэчы, перадалі прывітаньне ад піцерскіх скіноў нашым, саступілі месца доўгачаканаму «Deviation’у» з Горадні, якія адлабалі свае вядомыя гіты пра грамадзянскую вайну, таталітарызм і палітычных прастытутак са свайго апошняга альбому «Х...й вам або Таталітарызм ня пройдзе», а таму лейтматывам выступу сталася фраза Стаса Пачобута «Кожны камень — гэта х...й у ср...ку дыктатуры», пасьля якой адміністрацыя, асьцерагаючыся нарастаньня радыкальных настрояў у добра падпітым натоўпе, акцыю перарвала ўжо а дзявятай гадзіне замест заплянаванага заканчэньня а палове на адзінаццатую.

Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0