каляндар

100 гадоў таму

 

1899 год. На схіле стагодзьдзе, якое менскі філёзаф Францішак Эн назваў «бяздомным»: «Беларуская гісторыя ХІХ стагодзьдзя — гэта гісторыя бяздомнасьці. Усе стваральныя памкненьні, усе спробы выбудаваць пэўны кшталт жыцьця й культуры сканчаюцца нічым. Здаецца, усё жыцьцё пішацца на абрыўках судовых вырокаў ды няўцямна-афіцыёзных цыркулярах каляніяльнае адміністрацыі»...

 

Атмасфэра стогадовае даўніны... Расейцы замацавалі «саюз Беларусі і Расеі» праз татальную «зачыстку» нашых земляў. Паўстанцы Каліноўскага — хто ў Парыжы, хто ў Сібіры... Наезд расейскіх чыноўнікаў да нас можна параўнаць хіба з татарскім нашэсьцем.

 

Канец ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі пазначаны агульным для Расейскае імпэрыі «сьвербам» сацыялістаў-народнікаў. Любы падручнік-даведнік выдасьць вам цэлы стос «сацыяльна-рэвалюцыйных» ініцыятываў... Год, як у Менску абвясьцілі сябе РСДРПэўцы... У 1899-м на Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага — страйк... У памесьці Блонь гаспадары-памешчыкі заснавалі сярод сваіх сялянаў народніцкую арганізацыю. Праз два гады іх «накрыла» паліцыя... Актывізуюцца «Бундаўцы»... Адным словам: «Бура, хутка грымне бура»...

 

Археоляг Вандалін Шушкевіч выдаў зборнік «Каменныя курганы ў Лідзкім павеце». Этнограф і фальклярыст Мікола Нікіфароўскі заканчвае працу над васьмітомнікам «Нарысы віцебскае Беларусі», распачатую ў 1892 годзе...

 

Нарадзіўся Хорхе Луіс Борхес (1899—1986).

 

Нарадзіўся Ясунары Кавабата (1899—1972).

 

...Час беларускіх «бяздомных інтэлектуалаў».

 

За год да сваёй сьмерці Францішак Багушэвіч рыхтуе да друку «Беларускія апавяданьні Бурачка». Першымі і апошнімі чытачамі зборніка былі царскія цэнзары. Але слова «Беларусь» ужо прамоўленае. «Сапраўдны «аўтар» гэтага знаку — Францішак Багушэвіч. Яго падхапілі «хлапцы», якія празь сем гадоў пачнуць выданьне «Нашае Нівы»...

 

Да першай сусьветнай застаецца пятнаццаць гадоў, да абвяшчэньня БНР — дзевятнаццаць.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0