Мікола Статкевіч галадае 15 дзён

Знаходзячыся пад вартаю ў сьледчым ізалятары УЖ 15/І31 Менску, на Валадарцы, лідэр Народнай Грамады Мікола Статкевіч ужо 15-ы дзень трымае галадоўку пратэсту. Яго затрымалі ўвечары пасьля «Маршу Свабоды» як арганізатара. Як вядома, сацыял-дэмакраты-Народная Грамада не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам, бо лічыць яго нелегітымным. Таму, а таксама дзеля таго, што ягоны арышт — яўна палітычны, Статкевіч і абвясьціў галадоўку.

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, які галадоўкаю дабіўся вызваленьня з Валадаркі, кажа, што пад час галадоўкі галоўнае — больш дыхаць сьвежым паветрам (не прапускаць прагулак), піць больш вады, карыстацца клізмаю для ачысткі арганізму.

Прыкладна на 10—11 суткі, кажа, зьнікае пачуцьцё голаду, а на 15-ыя ўзьнікае нейкая лёгкасьць, своеасаблівая эўфарыя. Пасьля гэтага выходзіць з галадоўкі ўжо вельмі цяжка. Падзеньне ціску ж і страта прытомнасьці адбываецца крыху пазьней, дзесьці на 23—25-ыя суткі галадоўкі.

Статкевіча наведваюць наша слаўная адвакатка Тацяна Станкевіч, што ўжо не аднаго добрага чалавека абараняла, і ягоная жонка Валянціна, што схацела быць мужавым грамадзкім абаронцам.

На 11-я суткі турмы Статкевіча за галадоўку перавялі ў ПКТ, то бок карцэр, як злоснага парушальніка рэжыму. Кінуўшы зьнясіленага чалавека ў камору з бэтоннаю падлогаю і вулічнаю тэмпэратурай, турэмшчыкі хочуць зламаць волю Статкевіча, каб ён спыніў галадоўку. Сілком яго яшчэ не кармілі.

Мы з Вамі, спадар Мікола, трымайцеся, не паддавайцеся!

Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0