01.11.1999 / 13:00

Максім Панк. Трэці год традыцыі

№ 29 (150), 1999 г.


 Трэці год традыцыі

 

Сёлета ў Сьвіслачы, ля самай польскай мяжы, зноўку сьпявалі барды. Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч, Зьміцер Сідаровіч, Андрэй Мельнікаў у дуэце зь Лехам Тагуновым. Непадалёк стаялі чатыры “Ікарусы” ды ладны набор драбнейшых аўта. Так выглядала неафіцыйная частка ўшанаваньня ўгодкаў сьмерці Віктара Каліноўскага — тэарэтыка вызвольнага паўстаньня і старэйшага брата паўстанцкага кіраўніка. Трэці год традыцыі...

Заснаваў яе былы марскі афіцэр і нашчадак шляхецкага роду Віктар Трышчановіч. Прыехаў пасьля адстаўкі на радзіму — у Сьвіслач, стаў наведваць тутэйшыя старыя могілкі і адным разам натыкнуўся на магілу Віктара Каліноўскага...

25 кастрычніка 1997 году над магілай узьнёсься каваны крыж, зроблены гарадзенскім звышкавалём Юрасём Мацко, а ўжо праз год ушанаваць памяць братоў Каліноўскіх сабралася больш за сто адраджэнцаў. Былі і бел-чырвона-белыя сьцягі, і ўскладаньне кветак да магілы Віктара, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму (пастаўлены яшчэ пры саветах) і апошняму баявому камандзіру паўстаньня Рамуальду Траўгуту (пастаўлены палякамі ў 28-м, пакалечаны саветамі ў 39-м ды йзноў рэстаўраваны палякамі ў 96-м), і наведаньне рэшткаў былой сядзібы Каліноўскіх ля недалёкай вёскі Якушоўкі, і кілбаскі з вогнішчам ды бардаўскімі сьпевамі.

Сёлета ўшанаваньне памяці Каліноўскіх разгарнулася яшчэ больш. У дадатак да заведзенага рытуалу на месцы былой сядзібы Каліноўскіх паўстаў шасьцімэтровы (!) драўляны ўніяцкі крыж у мэталічнай акоўцы Мацка. Апроч ужо звыклых арганізатараў (Трышчановіча і гарадзенскіх сацыял-дэмакратаў Кісяля, Сазонава, Хільмановіча), ураджэнца Сьвіслачы Валянціна Акудовіча, Дануты Бічэль, бардаў, заходнебеларускай нацтусоўкі і менскай нацмоладзі, гэтым разам тут зьявіліся Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, некалькі дзясяткаў фронтаўцаў-пазьнякоўцаў з энэргічным народна-патрыятычным хорам, белыя легіянэры і шэф «трэцяга сэктару» Мілінкевіч. Напрыканцы афіцыйнай часткі быў спалены праект дамовы саюзу Беларусі і Расеі.

Тое, што ў Сьвіслачы і навакольлях беларускімі намаганьнямі нарадзіўся сапраўдны гістарычна-нацыянальны комплекс памяці касінераў — факт. У нас ёсьць цяпер яшчэ адна наша мясцовасьць як поле Аршанскай бітвы, як нетры нашых лясоў і балот.

Максім Панк


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру