Севярын КВЯТКОЎСКІ

Пахаваньне дзеда Аркадзя

 

Два тыдні таму мы хавалi дзеда Аркадзя — апошняга з старэйшых нашага роду. Дзед Аркадзь быў прадметам майго дзiцячага захапленьня i гонару. Бо ён першым у вёсцы сабраў уласны трактар. Увогуле, майстраваў рэчы, недасяжныя для ўменьня iншых, праз што нешматлiкiя «варагі» ў вёсцы называлi яго таямнiчым словам, якое выклiкала павагу — «аднаасобнiк». А яшчэ, у доме бабы Анi i дзеда Аркадзя я прамовiў першыя беларускiя словы.

Рытуал пахаваньня адрозьнiваецца ня тое што ў розных рэгiёнах, але і ў суседнiх вёсках. У адной нябожчыка абавязкова вязуць (прычым на аўтамабiлi, нават, калi могiлкi ў сотнi мэтраў ад хаты), у нашай — трэба толькi несьцi, хай сабе й колькi кiлямэтраў. А яшчэ паводле непiсаных правiлаў урачыстыя словы перад першым памiнальным кiлiшкам прамаўляюць менавiта «па-руску». «Гаварыць па-руску» — гэта сапраўдная праца, ня менш цяжкая, чым любая справа ў беларускай вясковай гаспадарцы. Зрэшты, як для каго. Кіраваў хаўтурамі мой стрыечны дзядзька. У адрозьненьне ад большасьці аднавяскоўцаў, ён ня толькі пераехаў у горад, але й скончыў філфак БДУ і выкладае цяпер там беларускую мову. Зразумела, дзядзька — чалавек паважаны ў вёсцы. Што да мяне, дык менавіта дзядзька чытаў мне малому «Новую зямлю» й вучыў шмат чаму добраму — беларускаму...

Жывучы ў Менску, дзядзька падкрэсьлівае, што ён вясковы чалавек і што паміраць вернецца да хаты свайго нараджэньня. Не ў малой ступені дзякуючы «штудыям» дзядзькі я адчуў сябе беларусам. Але на пачатку 90-х мы ўжо не размаўлялі, а спрачаліся. Па-беларуску. Я зь юнацкім імпэтам даводзіў, што трэба беларусізаваць усё жыцьцё краіны, дзядзька пярэчыў, што ўсё ад Бога — і ўлады, і мовы, і што трэба пакінуць вясковае вяскоўцам, а гарадзкое гараджанам. Дагэтуль у вёсцы нараджаюцца людзі, каб з часам паехаць у горад, каб навучыцца «языку», і жыць «як Бог дасьць». Але ў горадзе нараджаюцца іншыя, для якіх «мова», пакуль хай сабе й сымбаль, але самы галоўны.

Вёска захоўвае традыцыю. А горад абнаўляе традыцыю, стварае новую, якая мусіць прыйсьці ў вёску дзеля «захаваньня». Беларусь адродзіцца, калі горад і вёска сыдуцца ў адно.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0