БІБЛІЯТЭКА


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

С.Асіноўскі. Менск: Даведнік. — Менск: Полымя, 1999. — 144 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-0204-4

 

Даведнік пра Менск выйшаў з нагоды сьвяткаваньня сёлета 500-х угодкаў наданьня гораду Майдэборскага права. Новая кніга адрасаваная замежніку, таму зробленая ня толькі ў беларускай, але і ў ангельскай мовах. Аўтар падае кароткі нарыс гарадзкой гісторыі, факталягічны матар’ял дапоўнены іканаграфічным, палова выяваў — малюнкі Віктара Сташчанюка, палова — фота савецкай архітэктуры. Вокладка балотна-зялёнага колеру. Недакладнасьці ў тэксьце могуць быць неістотныя для замежнага чытача, а вось у беларускага радкі кшталту «адна з вуліц носіць імя Аляксандра Чарвякова — старшыні першага беларускага ўраду» выклічуць пытаньне: што ёсьць першым беларускім урадам — Народны Сакратарыят БНР 1918 г., студзеньскі ўрад ССРБ Зьмітра Жылуновіча 1919 г. ці чарвякоўскі — ліпеня 1920 г.?

С.Асіноўскі. Поле памяці: Постаці й падзеі беларускае мінуўшчыны. — Менск: Полымя, 1999. — 176 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-0293-0

 

Гэта працяг кнігі Сьвятаслава Асіноўскага «Там, дзе была Нэўрыда». Як і ў папярэднім выданьні, гістарычныя нарысы, разьлічаныя на масавага чытача, паходзяць з часапіса «Беларуская мінуўшчына», дзе аўтар перад тым іх друкаваў. Гэтую кнігу варта даваць чытаць «несьвядомым».

Беларуская энцыкляпэдыя: у 18 тамох. Т.8: Канто — Кулі/ Рэд. калегія: Г.Пашкоў ды іншыя. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1999. — 576 с.: іл. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-11-0144-3 (т. 8) ISBN 985-11-0035-8

Н.Гілевіч. Збор твораў. Т.2: Вершы і паэмы 1987—1992. Родныя дзеці: Раман у вершах. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 335 с., (4) арк. іл. — Наклад 3500 ас. ISBN 985-02-0371-4

 

Ужо колькі гадоў мінула ад выданьня першае кнігі, і, здавалася, пахавалі ў «Мастацкай літаратуры» Гілевічаў шматтомнік. Але ж выйшаў. Каштуе 400 і трохі болей тысячаў.

Т.Грамадчанка. Беларуская літаратура. Школьныя творы: Кароткі зьмест і аналіз / Мастак А.Цароў. — Менск: ТАА «Аверсэв», 1998. — 463 с. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-6389-10-0

 

Дзеля блізкіх і прышласьці: Матар’ялы міжнароднае навукова-практычнае канфэрэнцыі «Унівэрсытэты Ельскіх» (да 165-годзьдзя ад дня народзінаў А. Ельскага) (Менск, 7 кастрычніка 1999 г.) / Бел. ун-т культуры; Рэд. калегія: А.Пазьнякоў (адк. рэд.). — Менск: Бел. ун-т культуры: Рэклямна-выдавецкая фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.: іл. — Наклад 200 ас. ISBN 985-6579-15-5

 

Упершыню ў асобным выданьні сабраныя дакумэнты й працы, што адлюстроўваюць гісторыю роду Ельскіх, іхны ўнёсак у беларускую й эўрапейскую культуры. У зборніку сярод іншых працаў друкуюцца невядомыя лісты Канстанцыі Скірмунт, кузэнкі Рамана Скірмунта, аднаго з прэм’ераў Ураду БНР у 1918 годзе. Вялікую цікавасьць мае «Кніга для запісу…» наведнікаў музэю Аляксандра Ельскага ў Замосьці канца ХІХ ст. з 234 аўтографамі дзеячоў беларускае й польскае культураў, у якой ёсьць два запісы па-беларуску — пра яе піша Ўладзімер Мархель. Кніга ілюстраваная. Каб прачытаць яе ці набыць, трэба зьвяртацца ў Аддзел рэдкае кнігі Беларускага ўнівэрсытэту культуры.

Ф.Кушаль. Спробы стварэньня арганізацыі беларускага войска. — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 1999. — 166 с. — Наклад 299 ас. ISBN 985-6374-16-2

 

Упершыню на бацькаўшчыне — кніга ўспамінаў Францішка Кушаля, аднаго з стваральнікаў беларускіх вайсковых фармаваньняў. У дадатку — біяграфія Ф.Кушаля аўтарства ягонае жонкі, паэткі Натальлі Арсеньневай, успаміны Вітаўта Тумаша, а таксама каштоўныя дакумэнты й малюнкі формы жаўнераў БКА. У тэксьце — рэдкія фотаздымкі добрай якасьці часу БНР. Цана 500 тыс., кніга вельмі вартая.

М.Лужанін. Наўздагон за падвойнікам: Аповесьць. — Менск: Мастацкая літаратура, 1999. — 222 с. — Наклад 1200 ас. ISBN 985-02-0386-2

 

Родны край: Адрыўны каляндар на 2000 год. Рэдактары-складальнікі В.Балвановіч, В.Кудзіна. — Менск: Беларусь, 1999. — Наклад 3500 ас.

 

Апошні ў гэтым тысячагодзьдзі беларускі адрыўны каляндар «Родны край» прадаецца ўва ўсіх кнігарнях краіны за 199 тысячаў. Звычайна яго хутка раскупляюць.

А.Сідарэвіч. Самавызначэньне беларускай сацыял-дэмакратыі. Антон Луцкевіч (Сэрыя «Гісторыя і тэорыя сацыяльнай дэмакратыі»). — Менск: Фонд сацыяльных ініцыятываў і дасьледаваньняў імя братоў Луцкевічаў, 1999. — Наклад 299 ас.

 

Сучасная беларуская рэжысура: Пошукі мастацкіх адметнасьцяў у кантэксьце традыцыйнага эўрапейскага тэатру: Зборнік матар’ялаў міжнароднае навукова-творчае канфэрэнцыі (Менск, 16—17 кастрычніка 1997 г.)/ Навучальны дапаможнік для навучальных установаў культуры й мастацтва. — Менск: Арты-Фэкс, 1998. — 314 с.: іл. — Наклад 250 ас. ISBN 985-6119-11-1

М.Улашчык. Працы з археаграфіі й крыніцазнаўства гісторыі Беларусі: З рукапіснае спадчыны / Уклад. Я.Кісялёў, В.Скалабан. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — 120 с. — Наклад 100 ас. ISBN 985-6099-56-0

 

Кніга, на што паказвае наклад, выдадзеная для спэцыялістаў. М.Улашчык ня толькі гаворыць пра дасягненьні беларускае археаграфічнае навукі, але й дакумэнтальна высьвятляе распаўсюджаныя на той час штампы й перадсуды ў дачыненьні да беларусаў як самастойнага суб’екту гісторыі.

А.Федарэнка. Шчарбаты талер: Аповесьць, апавяданьні. Для сярэдняга школьнага веку/ Мастак В.Дударанка. — Менск: Юнацтва, 1999. — 207 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0307-6

 

З рукапісу гэтага дэтэктыўнага твору рэдакцыя выдавецтва выкінула фрагмэнт, дзе настаўнік гісторыі распавядае дзецям пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» ды гаворыць пра «клопат» беларускае дзяржавы пра нацыянальную культуру.

Академик Г.Мирчинк. Знаток истории Земли / Уклад. Л. Турбіна. Пад рэд. Р.Гарэцкага. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 79 с.: іл. — (Сэрыя «Людзі беларускае навукі»). — Наклад 250 ас. ISBN 985-08-0147-6

А.Супрун. Церковнославянский язык: Учебно-методическое пособие. — Менск: Прапілеі, 1999. — 52 с. — Наклад 300 ас.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


 

Шукальнікі скарбаў

Федарэнка Андрэй. Шчарбаты талер: Аповесьць, апавяданьні. — Менск: Юнацтва, 1999. — 207 с.: іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-05-0307-6

Беларускія пісьменьнікі здавён ставілі сабе няпростую задачу — ствараць прыгодніцкія творы, ад прачытаньня якіх каб дух займала. Найперш гэта тычыцца літаратуры для дзяцей. Бо калі для старэйшага школьнага веку сёе-тое пасьпелі напісаць, дык для 10-12-гадовых хлапчукоў і дзяўчынак акрамя «Міколкі-паравоза» ды «Палескіх рабінзонаў» нічога, бадай, болей і не ўзгадаеш.

Гэтым разам іспыт на зададзеную тэму трымаў А.Федарэнка і ягоная праца «Шчарбаты талер». Няма нічога заганнага, нават калі старую легенду распрацоўваць другім-трэцім разам, але карыстацца пры гэтым уласнымі сродкамі і прыёмамі дзеля дасягненьня вышэй азначанай мэты.

Напэўна, кніжка А.Федарэнкі будзе не зусім цікавай для дарослых дзядзькоў, якія маюць пэрсанальны кампутар і электронную пошту. Але, калі ў дадатак маюць дзетак у згаданым веку, дык шчыра раім на прачытаньне «Шчарбаты талер». Аднак, каб пазьбегнуць непаразуменьня, засяроджваем увагу на наступнай акалічнасьці — кніжка мае выразна азначаную аўдыторыю — для сярэдняга школьнага веку. Знарок пішу пра гэта, каб пазьбегнуць таксама беспрадметнай дыскусіі. Кніжка будзе карыснай для дзетак, якія з захапленьнем прачытаюць пра пошукі скарбу напалеонаўскага войска. Гэтаксама карыснай яна будзе й для дарослых, якія змогуць у поўнай меры атрымаць асалоду ад успамінаў пра гады маленства, бо хто з нас ня быў шукальнікам скарбаў?

Сёньняшнім дзеткам далёка не ва ўсім пазайздросьціш, але ў адрозьненьне ад пакаленьняў, якія гадаваліся за савецкай уладай — ім ёсьць што чытаць. А тыя часы, калі ўся гісторыя Беларусі месьцілася ў адным, невялічкага памеру, падручніку, разьлічаным адразу на сем гадоў (з 4 па 10 клас), адышлі назаўсёды ў нябыт.

Г.Туровіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0