Aдам ГЛЁБУС
Чарнаватыя жарты
* * *
Ня ты паміраеш ад інфаркту, а сэрца пасылае цябе к чортавай матары.
* * *
Плягіят мае наступныя маскі: імправізацыя, варыяцыя, вэрсія і, нарэшце, акадэмічная школа ў нацыянальных традыцыях.
* * *
У тырана не бывае сяброў, бо найбліжэйшыя паплечнікі мараць яго забіць і раней ці пазьней так ці інакш забіваюць.
* * *
Сярод вайскоўцаў ня знойдзеш ніводнай незаплямленай асобы.
* * *
На ўсіх рэфэрэндумах задаецца толькі адно пытаньне... Ці хочаш ты жыць? Адказ запраграмаваны. А гэтыя: як? з кім? — дэталі.
* * *
Нельга чыста прадаць адразу і ўсё, у гэтым сутнасьць гандлю.
* * *
Грэшнік, які раскаяўся, усё адно застанецца грэшнікам, хай сабе й раскаяным грэшнікам, які ня змог захаваць таямніцу. Пра гэта добра ведаюць дзяржава, паліцыя й царква, яны жывуць за кошт грэшнікаў, што пакаяліся.
* * *
Надыходзіць час адрачэньняў, і варта адрачыся ад зробленага незалежна ад якасьці даробку.
* * *
Калі ты гатовы ахвяраваць сабою, звычайна ня ведаеш, дзеля каго; а калі ведаеш — не гатовы.
* * *
Каб стаць айцом нацыі, напачатку варта пабыць яе каханкам ці мужам.
* * *
Ёсьць народы бяз гімнаў, як і гімны без народаў.
* * *
У шыбеніцы не бывае кветак, а плады бываюць.
* * *
Гэта кніжнікі прыдумалі, што напачатку было слова і думкі выкладаюцца выключна словам. А шмат якія думкі выдатна абыходзяцца і бяз слова... Музычныя, жывапісныя, архітэктурныя...