Натальля БАБІНА

Рэвалюцыя, шмэвалюцыя…

 

Рэвалюцыя, шмэвалюцыя… Дабрацца да канапы, выцягнуць ногі… Бо яны аж дыгаюць. Высоўваю гіпотэзу: калі б у Леніна і Крупскай былі дзеці, рэвалюцыя не адбылася б. Адзін маленькі сьпінагрызік у доме — і ўжо не наўме многае з таго, што й не павінна быць наўме. Як казаў створаны рэвалюцыйным нобэлеўскім ляўрэатам незабыўны Макар Нагульнаў: “А ў каго яшчэ дзеці пойдуць, энты для партыі ваўзят чалавек згінэлы. Ён табе ўмомант вывучыцца дзіцёнка песьціць, да паху яго малочнага паабвыкне і — гатовы, сьпёкся! Зь яго і баец нікудышні, і працаўнік чохавы”. Гэта з маральнага пункту гледжаньня, а ёсьць жа і матэрыяльны. Тады ж не было ні пампэрсаў, ні пралак! І цікава (даруй, Госпадзе, думку грэшную), ці хапала б у Крупскай малака? Хаця што, яны нанялі б прыслугу і карміцельку і зноў займаліся б рэвалюцыяй! А дзеці тады паміралі нашмат часьцей, чым у наш час. Шчасьлівая маці Леніна, было, здаецца, шасьцёра, усіх падняла. Умела, значыць, хадзіць каля дзяцей.

Помніцца, Долі з раману “люстра рускай рэвалюцыі” енчыла над сваім памёрлым дзіцяткам на тле “нейкай агульнай абыякавасьці да маленькай труны”. Чаму, дарэчы, Талстой — “люстра рэвалюцыі”? Здаецца, тут сытуацыя, якую ў нас у Заказанцы звычайна характарызуюць словамі: “Він хочэ цуцынятко, та шчэ й рабэнькэ!” Мала таго, што я, Ленін, — правадыр рэвалюцыі, дык трэба яшчэ пастарацца ўсіх упэўніць, што гэная рэвалюцыя — асноўнае, што цікавіла знакамітага пісьменьніка.

А якія вершы, напэўна, пісаў бы, каб не рэвалюцыя, яе “асэнізатар і вадавоз”! Такі талент, мог бы стаць кімсьці накшталт расейскага Ўітмэна, але ж замест “Лісьця травы” пажадаў напісаць “Уладзімір Ільіч Ленін” — і маеш! Не прайшло і ста гадоў, і каму гэта цяпер трэба? На кніжным клюбе, што праўда, прадаецца кніга “Тайна гібелі Маякоўскага”, але ніхто больш сябе пад Леніным ня чысьціць, каб плыць у рэвалюцыю далей. Падазраю, праўда, што і тады ніхто ня чысьціў, а паэт проста трапіў пад уплыў фікцыі, што і зрабіла яго творчасьць бясплённай у пэўным сэнсе.

Андрэй Дынько зь іншай нагоды некалі напісаў: “Праблема зь беларускай савецкай літаратурай заключаецца ў тым, як яе забыць”. Так і тут. Лепшае, што можна зрабіць у чырвоны дзень календара — забыць тую рэвалюцыю. Фікцыя яе ня мае ніякага дачыненьня да здароўя, грошай, паўнавартаснага жыцьця. Памылкова думаць, што рэвалюцыя як такая змагла (зможа) вырашыць нейкія праблемы. Як памылкова седзячы чакаць, што вось нарэшце скінуць Лукашэнку, прыйдзе замест Шмукашэнка — і зажывем, заквітнеем. Хвігу. Седзячы, каня з возам ня выседзіш, як, зноў такі, кажуць у нас у Заказанцы. Круціцца трэба, каб аж сьвісьцела. Пра сьвіст і думаць, а не пра нейкую калатнечу, якая, тым больш, адбывалася, дай Бог памяці, аж 82 гады таму!

…А цяпер прымусіць сябе зьлезьці з канапы — спачатку ў адзін дзіцячы пакой, тады ў другі, тады на кухню, тады да кампутару. Рэвалюцыйны, словам, трымаць крок, бо няўрымсьлівы ня дрэмле вораг!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0