старалітоўскія гісторыі

Вольга БАБКОВА

ГРОШЫ

Прыгоды «маладога пана» Крыштафа Тулоўскага Чыковіча, шляхціца Ваўкавыскага павету, які, будучы слугой у зямяніна Яхіма Грэбінскага, уцёк ад яго зь места Крэва, з дому тамашняй войтавай крэўскай у апошнія дні студзеня 1592 году і быў злоўлены гаспадаром праз тыдзень
на дарозе пад местам Берасьцейскім.

(вольны пераказ)

... на верх губы якобы з грош бело...
(З апісаньня выгляду каня, ХVI ст.)

 

Можа і не шукаў бы Яхім Грэбінскі гэтак прытка свайго слугу, каб не вялізныя грошы і каштоўнасьці ды спраўны конь, якіх пазбавіў яго здрадлівы слуга. Толькі марна спадзяваўся гаспадар вярнуць страчанае дабро. Калі Яхім Грэбінскі «за помочю Божою оного збега злодея своего постигнул и поймал...», дык высьветліў, што той слуга «по дорозе едучы на розных местцах и господах маетность покраденую, марне тратечы, многим людем пороздовал...». Пра тое, «где што стратил» і хто былі тыя людзі, «добровольне» паведаміў у Слонімскім замку сам «ліхі» ўцякач.

«... Я служил пану Яхиму... и недослуживши року змовеного, пана своего зрадившы и окравшы з места Кревского утек проч, а меновите, взялом речей его милости, тоест: готовых грошей сто шестьдесят и полторы копы грошей личбы литовское, а при тых пенезях ланцух золотый, у котором ланцуху пан Гребинский поведил быть золотых чирвоных шестьдесят шесть, сребра ламаного — пол грывны, перстенков золотых з каменьем розным — чотыри, а тые перстенки пан Гребинский шацовал золотых польских шестьдесят, коня з седлом гусарским и з радом, ручницу короткую з ольстром, лядунки и пороховницою, што собе пан Гребинский шацовал золотых польских семдесят...» А таксама ўзяў «чугу» брунатную, чорным аксамітам узорыстым падшытую (24 коп літоўскіх грошай), чугу сукна чырвонага, ядвабам падшытую (18 коп літоўскіх грошай), жупан брунатны і чырвоны, «копеняк» зялёны зь вялікімі срэбнымі «кнафлямі», «убране фалюндышовое бурнатное», коштам у тры талеры.

Уцякаючы на скрадзеным кані, абвешаным торбамі з нарабаванымі рэчамі, былы слуга надумаў заехаць да падданых «погорелого» касьцёла Сьвятога Духа «от Ошмян в полмили». Заехаў, і напаткаў плябанскага ўрадніка з тамтэйшымі падданымі, якія ўцекача затрымалі і паведалі: «Иж дей ты, пане молодый, втекаеш от пана своего, а меновите, от пана Яхима Кгребинского, о чом маем от него вжо заказ, абыхмо тебе задержали, а так, если дей хочеш, жебыхмо тебе пустили, тогда нам дай тых пенезей половицу...». Што Крыштаф Тулоўскі і зрабіў. «Далем им, абы мене выпустили, грошей коп семдесят личбы и монеты великого князства литовского, межи которыми тыми пенезями и ланцух золотый. Взяли и ручницу короткую з ольстром и з лядунками и пороховницою...». А пасьля вызваленьня, ужо ў мястэчку, у «Кгровшишках», тутэйшыя мяшчане «отбили от коня» і да сябе яго завялі. А тут яшчэ пан Сасноўскі, зямянін субоценскі князя Альбрэхта Радзівіла, нагнаўшы на дарозе, да дому свайго ўзяў «и там дей в дому его сосновском згинуло в мене с торбою грошей коп дванадцать золотых польских, сем томуж пану Сосновскому подаровал». Набыўшы новага каня, уцякач прыехаў «до села паней Цыпрезское», але вестка пра ягоныя ўцёкі ізноў апярэдзіла, бо мясцовыя мужыкі абвясьцілі, што маюць загад затрымаць уцекача. Яны ж «у селе две ночы переховывали, а за переховане у мене взяли грошей коп десет и перстенки два золотые с каменем, один с туркусом, а другий з дыяментом». А за гэта праводзілі ажно да Слоніму. У Слоніме ўцякач спыніўся ў «бальвера» Яна Случаніна, за што і падараваў яму, як знаёмаму свайму, «ступачка шерстью полового». Але прыгоды на тым ня скончыліся, бо «перестерог мене хлопец пана Василя Зенковича, маршалка Новогродского, которому дал осмь чирвоных золотых, а другий неякий Мартин Зарубанчич, мещанин слонимский, пришедшы з неякими помочниками своими до мене мовечи: иж дей ты, Крыштофе, хочеш выеждчать, а я маю до себе от пана твоего Яхима Кгребинского писане, абым тебе имал яко здрайцу, а так есми хочеш выехать, абым тебе не отвел до замку, теды ми дай тых пенезей, которые у пана своего покрал...». І аддаў. Самому Зарубанчычу — дваццаць залатых чырвоных, а жонцы яго — адзін.

Гэтак скончылася бясслаўнае падарожжа ваўкавыскага шляхціца па прасторах роднае старонкі. Нягледзячы на вялікія адлегласьці, весткі і чуткі разносіліся па ёй з хуткасьцю птушак. Значна аблегчыўшы свае торбы, уцякач затое абагаціў памяць назвамі мясцовасьцяў і прозьвішчамі людзей, якія сустракаліся на ягоным няпростым шляху. Зрабіўшыся за адну ноч ўладальнікам вялікіх грошай, ён так жа хутка і пазбавіўся свайго багацьця, набыўшы, пэўна, за тыдзень бадзяньняў больш жыцьцёвага досьведу, чым за той жа час на службе ў свайго гаспадара ў Крэве.

Грошы, якія фігуруюць у гэтай гісторыі (літоўскі грош = 10 пенязям; польскі залаты = 30 польскім грошам; залаты чырвоны (дукат) = 48 літоўскім грошам; талер = 24—30,6 літоўскіх грошаў) мелі самае шырокае распаўсюджаньне на тэрыторыі Вялікага Княства пры канцы ХVI ст. «Пенези» — тагачасная агульная назва грошай. «Гатовыми» называлі рэальныя наяўныя манэты (ці яшчэ па-іншаму — «рукаданыя», «гатавизна»). Усё дабро, якое можна было перавозіць, называлі «рэчы рухомыя», то бок тыя, якія можна рушыць зь месца, што й зрабіў ліхі Чыковіч. І заплаціў свабодай.

 

 Слоўнік старабеларскай мовы

рад — дэталь конскай збруі

ольстр — футарал

чуга — сукня зь пятліцамі, футрам падшытая

копеняк — плашч ад дажджу, без рукавоў

кнафли — гузікі

заказ — загад

туркус — біруза

барбер, бальвер — лекар, цырульнік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0