Адам ГЛЁБУС

Пра вайну

афарызмы з кнігі «Кантамінацыі»

 

 

***

Банкіры гавораць, што вайну пачынаюць вайскоўцы — дзеля славы; вайскоўцы сьцьвярджваюць, што бойню правакуюць палітыкі — дзеля дзяржаўных інтарэсаў; а палітыкі прыпісваюць разьвязваньне баявых дзеяньняў банкірам — дзеля грошаў. Усе яны вінаватыя ў аднолькавай ступені, усе лёгка захворваюць на вірус вайны, які неабходна клясыфікаваць як масавае вар’яцтва.

 

***

На вайне баязьлівец хаваецца за безразважныя ўчынкі, пакуль не атрымае ўзнагароду за адвагу.

 

***

Вайна для Альбэра Камю зьяўлялася канчатковаю адзінотаю. Для мяне вайна проста канчатковасьць, з адзінотаю ці без адзіноты — неістотна.

 

***

Тыя, хто прайшоў вайну, вельмі шчыра радуюцца яе заканчэньню, але ў творчасьці не могуць выйсьці з ваеннае тэматыкі.

 

***

Вайна вяртае чалавека ў царства зьвера.

 

***

На вайне салдаты думаюць пра мір, у турме вязьні мараць пра свабоду, зімою дзеці чакаюць лета... Табе ж варта навучыцца летам атрымліваць асалоду ад лета, як мастак атрымлівае асалоду ў жніўні, калі малюе жытнёвае поле пад сінім небам, а ня рабіцца вайскоўцам, што ў мірны час марыць пра баі, перамогі і ўзнагароды.

 

***

Калі тыран усхваляе войска, ён забываецца на тое, што войска нараджае няшчасьці й войны. Чым лепей войска, тым большая вайна чакае наперадзе ягоную дзяржаву.

 

***

Напярэдадні вайны аратары згадваюць антычны афарызм... Калі двое б’юцца, трэці радуецца. Згадваюць з таемным спадзяваньнем апынуцца ў ролі трэцяга. Дзьве апошнія сусьветныя вайны іх яшчэ не пераканалі, што трэцяга цяпер не бывае.

 

***

Старажытны рымлянін Марк Фібій меркаваў, што зьніштожыўшы грошы, тым самым можна зьнішчыць і вайну. Думаю, ён памыляўся. Грошы й зброя — сродкі вайны, а не яе прычыны.

 

***

Раней ці пазьней цябе абавязкова запросяць паваяваць. Адмоўся. Нават калі запрашэньне на вайну атрымаеш ад усьмешлівага, добразычлівага, адукаванага чалавека.

 

***

У кожным журналісьце жыве палітык, а ў кожнага палітыка ёсьць жаданьне справакаваць баявыя дзеяньні й вайну. Адпаведна, заняткі журналістыкаю й палітыкаю зрабіліся для мяне чужымі.

 

***

Велічных помнікаў, пастаўленых таленту, розуму, міру, зусім мізэрная колькасьць, а вось помнікаў вайне, тыранам-заваёўнікам і сьмерці ўзьведзена безьліч. Вось табе яшчэ адна несправядлівасьць на сьвеце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0