15.11.1999 / 13:00

100 твораў мастацтва ХХ ст.: Віктар Маркавец. Вечар на вуліцы Замкавай у Менску

№ 31 (152), 15 лістапада 1999 г.


 сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Віктар Маркавец.
Вечар на вуліцы Замкавай у Менску

 

Віктар Маркавец з таго пакаленьня, для якога Менск ужо йснаваў як адзіная сталіца, са сваім эрзацам беларускае культуры і ўстойлівым комплексам нацыянальных ідэяў. Прынамсі, адкрываць Менск альбо захапляцца ягонымі рытмамі для яго было б анахранізмам. Перад Маркаўцом, бадай, ніколі не стаяла задача ўсьвядоміць сябе менскім мастаком, што было істотна для перадваеннага пакаленьня й для мастакоў першых паваенных гадоў. Напачатку 70-х ён маляваў палотны, прысьвечаныя нафтавікам Палесься. Сэрыя тых карцінаў — сьведчаньне ўнутрынацыянальных пошукаў новае генэрацыі, якая атрымала цалкам беларускую, менскую адукацыю. Сам родам з Докшыцаў, Віктар Маркавец, сталеючы як мастак, усьведамляў сябе ў агульнабеларускім маштабе. Адсюль вынікалі і тыя тэмы, і тыя пошукі плястычнае мовы, найбольш адпаведныя Беларусі наогул. Гэты пэрыяд у жыцьці мастака супаў з агульнай тэндэнцыяй у нашым мастацтве — пошукамі інтымнага як рэакцыяй на «манумэнтальны інтэлектуалізм» постіндустрыйнае савецкае культуры.

Напрыканцы 70-х Маркавец піша два палатны — «Сьвята ў Докшыцах» і «Купальле», праграмныя для аўтара. Незвычайная, блізу інсітная, сьвежасьць гэтых работаў стала для тагачаснага беларускага жывапісу этапам. Невыпадкова творчасьць Маркаўца й дасёньня трывала асацыюецца менавіта з гэтымі палотнамі.

У іх, між іншым, выявіўся й пэўны дуалізм ягонае творчае канцэпцыі. «Сьвята ў Докшыцах» напісанае лёгка, амаль акварэльна. Прастора, раскладзеная на пляны, пабудаваная на тонкіх, нюансаваных пераходах. А «Купальле» — гэта пастозны, імпэтны жывапіс, у шматлікіх канфліктных спалучэньнях сьвятла і колеру. Гэткая дваістасьць, запачаткаваная ў час творчага ўздыму, стала адной з найбольш адметных рысаў у ягонай творчасьці наогул.

Годам пазьней Маркавец піша два менскія краявіды. Таксама цалкам розныя й манерай і настраёвасьцю. «Вуліца ў старым Менску» напісаная нібы ў стылістычных традыцыях мадэрну: дэкаратыўна акрэсьленыя аб’екты ва ўмоўнай прасторы... Між тым, гэты адрас пазнаць лёгка. Гэта тая сама вуліца Герцэна, што й сёньня. Амаль тая самая... І вось жа тое адліжнае менскае паветра. Пры ўсёй сьціпласьці каляровае гамы, складзенай з паўтаноў вохрыстага, тэракотавага, жоўтага ды шмат, шмат адценьняў беларускага шэрага. Гэты твор удае тонкай стылізацыяй пад манеру мо Дабужынскага, а мо яшчэ каго з мэтраў пачатку стагодзьдзя.

Другое палатно — «Вечар на вуліцы Замкавай» — ужо не паралельны, а зусім іншы твор.

Вуліца Замкавая — самы сапраўдны колісь, жывы суплёт з таго, што стварыў чалавек і дала прырода. Тут было паветра сваё. Сьвятло — сваё. І пахі, што йшлі ад драўляных ходнікаў, былі зусім асаблівымі, сваімі.

Гледзячы на гэтае палатно, згадваеш пра Марыса Ўтрыла зь ягонымі імжыстымі куткамі вечаровага Манмартру. Францускі жывапісец, аднак, адмыслова дэсакралізаваў міт пра горад. У Маркаўца тут была іншая задача. Ён ствараў міт пра Менск, напаўняючы кавалак ягонай прасторы таямніцамі.

Сьвецяць вокны, за якімі адбываецца ці ўжо адбылося чыёсьці жыцьцё. Гарыць цёплае сьвятло ў самотнай тэлефоннай будцы. Пэўна і там кагосьці чакаюць. Патанаюць у загуслым сінім паветры цені вялікіх старых дрэваў. Дрэвы, цьвярдыя, разлапістыя, сыходзяць жорсткім шурпатым гальлём ўвышыню, за край палатна. Увесь матыў жыцьця застаецца ўнізе, у засені гэтых дрэваў. Кавалак вялікага жыцьця, датклівасьць якога падкрэсьлівае доўгі танкі слуп ліхтара з крохкім карункавым кранштэйнам. Людзей, разам зь іхнымі здабыткамі і хлудам, перажывуць хіба дрэвы, якія былі й будуць. Кампазыцыйна палатно пабудаванае так, што яно нібы ўцягвае гледача, скажаючы простыя пэрспэктывы, і зьверху, і наўпрост, у самае чэрава таго арганізму, што зваўся старым Менскам. Дзеля гэтага мастак прыбег да ўмоўнага ракурсу на ўзроўні стрэхаў. З-за чаго глядач, міжволі, успрымае выяўленыя дамы роўнымі сабе.

Каляровыя спалучэньні — таксама незвычайныя. І для тагачаснага мастацтва, і для жывапісу Маркаўца наогул. Можна шукаць тут розных цытатаў, аднак, перадусім, гэта чыстая інтуіцыя. У выніку, сярод удараў халоднага й цёплага, сярод скасавураных дрыготкіх ценяў, што паўзуць, пагойдваючыся, па шматграньніках старых дамоў, ствараецца тое цяжкаўлоўнае адчуваньне подыху. Мастак напоўніцу выкарыстаў эфэкт сьвятла, што праменіць з розных бакоў. Ліхтар, вокны з розных бакоў, а па-над усім разьлітае маціцовае сьвятло нябеснага паўзмроку.У гэтым уздыхаючым палатне вычуты той настрой, які й ствараўся ў тым, колішнім горадзе. Горад і вуліца, што бачныя з вокнаў майстэрні Віктара Маркаўца. Горад і вуліца, якіх ніхто ўжо не пабачыць. Ніколі.

Сяргей Харэўскі


Віктар Маркавец (1947, Докшыцы) жывапісец, габэленшчык. У 1971 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1980 атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу. Працы зьберагаюцца ў зборах Беларусі, Польшчы, ЗША, Расеі.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру